18.05.2016 / 14:05

Знакаміты біёлаг з Уэльсу Карл Джоўнс атрымаў самую значную прэмію за ахову прыроды. Дзякуючы выкарыстанню контраверсійных метадаў ён выратаваў ад рэальнага знікнення ажно 9 відаў птушак.

Прафесар Карл Джоўнс атрымаў «Indianapolis Prize-2016» у памеры 250 тысяч даляраў. Гэта самая вялікая на сённяшні дзень узнагарода за індывідуальны ўнёсак у ахову прыроды. Прэмію заснаваў Індыянапальскі заапарк (ЗША), яна прысуджаецца раз у два гады — сёлета ўжо ў 6-ы раз. Узнагароду прафесару ўручылі за заслугі ў захаванні эндэмічных відаў птушак падчас 40 гадоў працы на востраве Маўрыкій, паведамляе сайт birdwatch.by са спасылкай на telegraph.co.uk.

Калі Карл упершыню трапіў на Маўрыкій напрыканцы 1970-х, яго абавязкам было неафіцыйна закрыць праект па выратаванню маўрыкійскай пустальгі (Falco punctatus). У 1974 годзе ў прыродзе засталося толькі 4 птушкі, што, без сумневаў, рабіла гэтую пустальгу самым рэдкім відам птушак на планеце і не застаўляла шанцаў на яе выратаванне.

Аднак біёлаг з Уэльсу вырашыў паспрабаваць яшчэ адзін, контраверсійны метад, перш чым запісаць від у афіцыйна зніклыя. Ён забіраў «дзікія кладкі», вымушаючы самак пустальгі адкладваць паўторныя — метад, які цяпер вядомы як «double-clutching». Першая кладка змяшчалася ў інкубатар, а другая заставалася ў прыродзе пад адказнасць сапраўдных бацькоў.

Праз дзесяцігоддзе, разам з прымяненнем іншых дзеянняў па захаванню віду ў прыродзе, маўрыкійская пустальга мела папуляцыю з 300 птушак. Цяпер у прыродзе жывуць каля 400 асобін.

Акрамя гэтага віду, ён таксама актыўна дзейнічаў ў выратаванні іншых маўрыкійскіх птушак-эндэмікаў: ружовага голуба (Nesoenas mayeri), маўрыкійскага кольчатага папугая (Psittacula eques) і радрыгійскай чаротаўкі (Acrocephalus rodericanus).

Менавіта Джоўнс стаў першым, хто сфармуляваў і выкарыстаў ідэю «экалагічнага замяшчэння» — асаблівай тактыкі ў ахове прыроды, калі важныя экалагічныя ролі ў экасістэмах замест зніклых відаў спецыяльна замяшчаюцца іншымі.

Джоўнса крытыкывалі за метад «паўторных кладак», аднак ён спрацаваў паспяхова.

61-гадовы і заслужаны навуковец усё сваё жыццё прысвяціў выратаванню знікаючых відаў і толькі 8 гадоў таму стаў бацькам.

Паводле яго словаў, «Indianapolis Prize-2016» — гэта адзін з самых яркіх момантаў у ягоным жыцці.

«Я асабліва ганаруся гэтай прэміяй, таму што яна пацверджвае важнасць захавання такіх невялікіх відаў, як, напрыклад, ружовы голуб ці сцынк Тэфлэйра, якія не з’яўляюцца мегавядомымі відамі вялікіх памераў, аднак без іх мясцовыя экасістэмы не змогуць адпаведна працаваць», — сказаў навуковец на цырымоніі.

Источник:
birdwatch.by
Автор:
Фотограф:
uea.ac.uk
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость