18.07.2016 / 12:07

Смерч у Шаркаўшчыне руйнуе цэлую ферму, а ўраган нішчыць вёскі пад Мінскам — беларусы напалоханыя надзвычайнымі прыроднымі з'явамі апошніх дзён і кажуць, што такога не было ніколі. Пра шквалістыя вятры, моцныя дажджы і аранжавы ўзровень небяспекі рэгулярна папярэджвае Белгідрамет. Кліматолаг Павал Каўрыга, кандыдат геаграфічных навук і аўтар манаграфіі «Змены клімату і выкарыстанне кліматычных рэсурсаў», патлумачыў Свабодзе, чаму ў нас здараюцца ўраганы і смерчы.

Калі б не віхуры, было б яшчэ горш

Усе ведаюць, што клімат мяняецца, прычым у бок пацяплення, падвышэння тэмпературы. Гэтае паўгоддзе Сусветная метэаралагічная арганізацыя ацэньвае як найбольш цёплае за ўсю гісторыю назіранняў. Зрэшты, цяперашнім часам ледзьве не штогод фіксуецца нейкі тэмпературны рэкорд.

Падвышаную ў нейкім месцы колькасць цяпла атмасфера павінна рэалізаваць — неяк яе рассеяць і ператварыць у кінетычную энергію. Энергетыка атмасферы ўраўнаважваецца праз рух паветраных масаў. Калі б гэтых ветравых працэсаў не было, не было цыркуляцыі атмасферы, гэта магло б прыводзіць да нейкіх надзвычайных з'яваў. Нашмат больш небяспечных, чым тое, што мы сустракаем у апошнія гады, і сёлета асабліва.

Якія смерчы характэрныя для Беларусі

Смерч — гэта не ўнікальная з'ява ў Беларусі. Яна традыцыйная, хоць і нячастая, для летніх месяцаў, а пік смерчаў якраз прыпадае на ліпень. Багата смерчаў проста ніхто не заўважае, таму што яны праходзяць далёка ад паселішчаў. А сёлета ў Віцебскай вобласці наступствы былі вельмі значныя, бо на шляху смерчу аказалася Шаркаўшчына.

Звычайна смерчы ў нас бываюць слабейшыя. Энергія нашай атмасферы можа ўтвараць вось такія віхуры: у дыяметры яны маюць некалькі сотняў метраў, да кіламетру. І ў вышыню таксама некалькі сотняў метраў. Гэтая з'ява наўпрост звязаная з наяўнасцю кучава-дажджавых воблакаў.

Віхор моцна круціцца і ў выглядзе слупа апускаецца з кучава-дажджавых аблокаў на зямлю. Патокі паветра ідуць не толькі ў гарызантальнай плоскасці, але і ў вертыкальнай. Таму такія віхры засмоктваюць, нібы помпа, прадметы з паверхні зямлі, зрываюць дахі, перакульваюць цяжкія рэчы.

Землятрусаў не будзе

Нам варта рыхтавацца да надзвычайных атмасферных падзеяў, а вось землятрусаў у Беларусі быць не павінна. Гэта таму, што мы знаходзімся на раўніннай тэрыторыі, платформе — устойлівай частцы зямной кары, якая прайшла ўсе этапы геалагічнага развіцця. Тэктанічных разломаў у нас няма.

Здараюцца моцныя вятры, ураганы.

З падобным франтальным праходжаннем мы сутыкаемся ўсё лета — ідуць моцныя дажджы, ліўні, вецер. Франтальны падзел, якія быў на мінулым тыдні — сустрэча дзвюх паветраных масаў з рознымі фізічнымі ўласцівасцямі. Тут сутыкнуліся трапічная і субтрапічная паветраныя масы, якія прыйшлі з Чорнага мора, з Міжземнамор’я, з паветранымі масамі нашых шыротаў, умераных, з меншай тэмпературай, вільготнасцю. І такія розніцы, такія франтальныя раздзелы двух паветраных масаў і прыводзяць да штармавога надвор’я, што мы ўчора ўсе назіралі.

Па ўсіх каналах ідзе прагноз надвор’я, але людзі неяк абыякава да гэтага ставяцца. У нядзелю ўжо было вядома, што гэтыя зявы прагназаваліся, была абвешчаная небяспечная сітуацыя ў атмасферы, штармавое надвор’е. Але мы, відаць, звыклі да надвор’я нястрашнага, так скажам. Маўляў, дождж прайшоў, сонца вернецца, нікуды не дзенецца. Відаць, псіхалогія чалавека склалася так, што ён прызвычайваецца да добрых і спакойных умоваў атмасферы. А людзі заўжды павінны быць падрыхтаваныя, настроеныя на нечаканасць прыродных з'яваў.

Источник:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость