З аднаго боку, адносіны да прыроды як выключна крыніцы спажывання, характэрныя для першых дзесяцігоддзяў савецкай улады з яе любоўю да скарэння стыхій і вялікіх будоўляў, у гэты час змяняюцца пэўным разуменнем канечнасці натуральных рэсурсаў. На гэта ўплывалі і міжнародныя абавязкі СССР, і спробы перайсці на інтэнсіўную тэхналагічную эканоміку, і ў цэлым адносная гуманізацыя грамадства.
Так, у 1961 годзе прынялі закон аб ахове прыроды ў БССР, у 1970-я – яшчэ шэраг дакументаў, сярод якіх Водны і Лясны кодэксы, “Чырвоная кніга” БССР ды іншыя. Зразумела, падобныя захады павінны былі мець прапагандысцкае суправаджэнне. Сатырычная графіка ж была часткай савецкай прапаганды, і дастаткова эфектыўнай.
З іншага боку, напэўна, найбольшыя экалагічныя праблемы ў Беларусі ўзнікаюць менавіта ў гэты час. Калі ў даваенныя дзесяцігоддзі Беларусь заставалася, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі СССР, арыентаванай з большага на сельскую гаспадарку, то цяпер тут узнікае цяжкая прамысловасць, а з 1960-х гадоў яшчэ і хімічная, што не магло не пагоршыць сітуацыю з выкідамі ў паветра і ваду.
У сельскай гаспадарцы, адпаведна, выкарыстоўваліся штучныя ўгнаенні, меліярацыя. Але на той момант гэта хутчэй ўспрымалася, як больш рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў.
Сапраўды, не трэба было вырошчваць каксагыз або высякаць лясы, утрымліваць тарфяныя электрастанцыі – усё павінна была замяніць хімія. Наступствы былі асэнсаваныя ўжо толькі ў часы Перабудовы.
Вядома, не ўсе з’явы знаходзілі адлюстраванне, адны таму, што лічыліся выключна карыснымі і не маглі крытыкавацца, іншыя ж, як радыяактыўнае забруджванне, былі не толькі напаўсакрэтнымі, але і не маглі быць адэкватна ўсвядомленымі да Чарнобыльскай катастрофы.
Далёка не ўсе тэмы, хай і відавочныя, маглі патрапіць у беларускую савецкую карыкатуру, дакладней, на старонкі БССР-аўскай прэсы, прынамсі, у сатырычны “Вожык”, які, між іншым, быў органам друку ЦК КПБ.
Кожны год уздымаліся адны і тыя ж пытанні і высмейваліся адны і тыя ж персанажы. З аднаго боку дзяржава насамрэч пачала звяртаць увагу на пэўныя праблемныя кропкі ў экалогіі, з іншага ж – намаганні выправіць нярэдка зводзіліся да фармальных анекдатычных лозунгаў кшталту “беражыце прыроду, маць вашу”.
Галоўнымі пытаннямі экалогіі, што асвятляліся карыкатурыстамі, былі праблемы лесу, вады ды паветра.
Канечне, асноўнымі ворагамі расліннага свету лічыліся не дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, а звычайныя грамадзяне. У іх якраз з’явіўся вольны час, які яны з задавальненнем вабілі на ўлонні прыроды, з усімі выцякаючымі наступствамі, ад бітага шкла да зламаных дрэўцаў.
Заадно можна было пакпіць з валасатых лайдакоў з гораду, маўляў, слухае малады чалавек Севу Наўгародцава на Бі-Бі-Сі – і вось жа вам рэзультат, шкода прыродзе. Турызм нават заахвочваўся, але гэта ўжо быў адпачынак па за дзяржаўнай арганізацыяй, таму не мог не выклікаць заклапочанасці. Хуліганы і стылягі вызначаліся галоўнымі вінаватымі і ў разбурэнні гарадской расліннасці – ад дрэваў да кветак.
Пад новы год, ад карыкатурыстаў атрымоўвалі аматары жывых елачак. Вельмі рэдка пад раздачу траплялі негаспадарлівыя старшыні калгасаў і дырэктары саўгасаў. Але як пілавалі, так і працягваюць пілаваць.
Асобную крытыкуемую групу складалі бракан’еры ў паляванні і рыбалоўстве. Не столькі нават таму, што наносілі шкоду прыроды, а таму, што пазбаўлялі дзяржаву манаполіі на гэта права. Пад гэтую справу можна было нават паздзекавацца з якіх кіраўнікоў, хай сабе і рыбнагляда.
Нарэшце, прамысловыя адыходы, забруджванні водаў і паветра. Пра гэта не вельмі прынята было распаўсюджвацца, аднак зусім замоўчваць гэтую з’яву было немагчыма.
Адно што заўсёды падкрэслівалася, што гэта маюць быць асобныя выпадкі на асобных заводах, фабрыках ці АПК, а вінаватымі называліся дырэктары гэтых прадпрыемстваў. І тое, без канкрэтных імёнаў, нейкія абстрактныя дырэктары (хоць некаторыя з іх добра зчытвалі намёкі). Больш такіх карыкатур з’яўляецца ў 80-я, калі эйфарыя ад імклівага пасляваеннага росту цяжкай прамысловасці скончылася, а праблемы засталіся.
Прапагандысцкая сатырычная карыкатура ў 1970-я-1980-я гг. забяспечвала правядзенне тагачаснай экалагічнай палітыкі, непаслядоўнай і супярэчлівай, замоўчвала шэраг праблем. Што да дазволеных тэмаў, то застаецца пытанне, насколькі такі ўтылітарны камізм быў эфектыўным. Але гэта, вядома, не адмаўляе талент мастакоў-карыкатурыстаў.
Тыя ж і новыя аўтары ў часы Перабудовы лёгка ўзяліся і за шэраг новых, цяпер дазволеных тэмаў, у тым ліку і па экалагічных пытаннях – ад радыёнуклідаў да нітратаў. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
У артыкуле выкарыстаныя карыкатуры з часопіса “Вожык”