Да прыкладу, берлінскі раён Кройцберг. Паглядзіце на двары яго старой часткі. Ці можна ўявіць гэткі пейзаж у Гомелі? Колькі гадзін ён змог бы праіснаваць, калі б яго “перанеслі” да нас?
А гэта звычайная вуліца. Як бачыце дрэвы не “абстрыжаныя” і нават лістота пад імі нікому не замінае, і ніхто не скардзіцца на “непарадак” ды бруд.
Ну пра такое “безладдзе” і казаць не прыходзіцца. Дзе вы знойдзеце гэткі сімбіёз прыроды і гарадскіх муроў у нашых гарадах?
Берлін, канешне, не адзіны ў такім падыходзе да прыроды. Уся Еўропа жыве з разуменнем таго, што ў вялізных мегаполісах без дрэваў не выжыць. Ды і пра эстытычны бок яны таксама не забываюцца – толькі вычварэнскі розум лічыць бетонны пляц прыгажэйшым за зялёную жывую алею, дзе пад нагамі шамаціць лістота, а над галавою шумяць кронамі старыя дрэвы.
Вось напрыклад далёкі Лісабон. Нікому не замінае гэтае разлапістае дрэва, нават на недахоп святла з-за яго жыхары суседняга дому не скардзяцца.
Ці вось гэтыя старыя пальмы, пасохлыя знізу. У нас бы іх даўно зрэзалі як “аварыйныя”. А там спакойна дажываюць свой век.
Як і гэтая хвоя. І не баяцца, што ўпадзе на паблізу спыніўшуюся машыну. А дзе ўсе нашыя елкі, знікшыя з вуліц пасля нядаўняга бурану?
Вось яшчэ адна ілюстрацыя адносін да прыроды – брама нейкай мадрыдскай установы. Зялёная і прыгожая, быццам гэта ўваход у батанічны сад.
А ў Барселоне наогул можна ўбачыць факт, які пераварочвае нашае ўяўленне пра “парадак” – пальмы, якія растуць пасярод асфальтавай пляцоўкі. І іх не высякаюць, а наадварот – прабіваюць асфальт, каб для іх росту было месца.
І на заканчэнне нашай віртуальная экскурсіі – фотаздымкі з “вечнага гораду”. Рымская старажытная віла і адзін з будынкаў старога гораду.
Няўжо там няма ніводнага мёртвага ствала некалі жывога дрэва? Ну вось на адной рымскай пустцы стаіць самотны ствол старой пальмы. Праўда, наўрад ці гэта праца сацыяльных службаў, хутчэй натуральны працэс жыцця дрэва.
Можна, канешне, сказаць, што ў нас свой шлях і няма чаго тут Еўропу паказваць. Толькі куды вядзе шлях бетонных гарадоў без аніводнага жывога дрэва?