18.12.2015 / 11:12

Гарадскія паркі плануюць абнавіць. Адным з новаўвядзенняў будзе ўсталяванне амерыканскіх горак у парку Жылібера, паведаміў падчас прамой лініі ў рэдакцыі "Вечернего Гродно" старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой. Акрамя таго, па словах старшыні, гродзенцы самі могуць прапаноўваць канкрэтную тэрыторыю пад стварэнне паркавых зон.

Стоит задача «оживить» Коложский парк, но должны быть частные инвестиции. Планируем организовать парковую зону на Курчатова. В Пышках думаем установить примерно два десятка силовых тренажеров. Одна крупная компания выразила желание поучаствовать в финансировании площадки для воркаута, где любителям можно будет заниматься силовыми видами спорта на улице, — расказаў мэр.

Нагадаем, што ў парку Пышкі ўжо ідзе пабудова новага парка для актыўнага адпачынку і спорта.

Фотофакт: в Пышках появится парк для активного и спокойного отдыха

Што да амерыканскіх горак, то аб планах па іх усталяванні казалі вясной гэтага года. Тады гродзенцам прапанавалі два новыя атракцыёны ў парку Жылібера - электрамабіль Rolls-Royce і атракцыён  «Моўшн сфера» у 5D. Сезон 2016 года плануюць адзначыць з'яўленнем у парку кампактнага варыянту "Дзікага цягніка", разлічанага на 14 чалавек.

Пра тое, што такое "абнаўленне паркаў па-гарадзенску" і наколькі сумяшчальныя амерыканскія горкі з батанічным садам, мы папрасілі расказаць гісторыка архітэктуры і грамадскага актывіста Ігара Лапеху.

- Парк Жылібера цяжка назваць паркам, гэта хутчэй сквер, - падзяліўся сваім меркаваннем Ігар. - Падчас яго "капрамонту" ён быў знішчаны працэнтаў на 40, таму што калі мяняўся газон, рабіліся бетонныя дарожкі, была знішчана карнявая сістэма ясеняў, пасаджаных у міжваенны перыяд. Ясені сталі засыхаць, гэты працэс амаль скончаны. Старых ясеняў у парку не засталося. Засыхаюць вельмі прыгожыя каштаны, якія не лечацца ад мініруючай молі. У мяне яны ўсе падлічаны: з даваенных каштанаў у парку засталося толькі тры, але яны, я думаю, будуць спілены праз год-два, бо не выжывуць. Амерыканскія горкі - гэта смерць парку зусім. Па-першае, там няма месца, дзе можна паставіць амерыканскія горкі. Па-другое, парк - гэта нейкае зацішнае месца. Парк атракцыёнаў, як, напрыклад, Тывалі ў цэнтры Капенгагена, не будзе паркам у нашым уяўленні, садам. Машынны парк таксама называецца паркам, але гэта гараж, дзе не будзе ніводнага дрэва. Тое самае фактычна і тут. Парк Жылібера і парк атракцыёнаў - абсалютна несумяшчальныя рэчы. Маё ўяўленне адносна парка Жылібера - гэта ўнутраны ўніверсітэцкі двор, дзе не павінна быць ніякіх атракцыёнаў. Там павінны быць помнікі відным дзеячам Гродзеншчыны і велізарная батанічная калекцыя. Яе можна стварыць. З тэхнічных пабудоў там можа быць аранжарэя. Тым больш гэта ўнутраны двор двух універсітэтаў - аграрнага і Янкі Купалы.

Мы пацікавіліся, ці рэальна грамадскасці паўплываць на адкрыццё ў горадзе новых паркавых зон. Па словах Ігара Лапехі, паводле генеральнага плана ў даліне ракі Гараднічанка на тэрыторыі паміж вуліцай Каханоўскага і чыгуначнай станцыяй павінен быць парк ужо гадоў 15. У выніку гэта не парк, а стаянка, магістраль другога кальца, рэшткі забудовы пачатку 20 стагоддзя - і ўсё. Парка там няма. А па генеральным плане - павінен быць. Грамадскія слуханні праводзіліся пару раз, кажа гісторык, але "паспяхова" былі зачыненыя, бо грамадскасць хоча дрэвы, а горад хоча іншыя аб'екты замест дрэваў.

- Менавіта паркі трэба рабіць пры праектаванні мікрараёнаў, а не аўтастаянкі, - лічыць Ігар. - Двары ў сучасных раёнах абсалютна голыя, або пераўтвораныя ў паркоўкі. Дзеці не могуць нармальна гуляць у дварах, бо ўвесь час павінны асцерагацца аўтамабіляў. З-за гэтага дзеці цяпер нервовыя, несканцэнтраваныя. Яркі прыклад непрадуманага праекту - Альшанка. Там ёсць невялікі лапік сасонніка, які пры забудове пакінулі, капітальна павырубаўшы і паклаўшы там плітку - і гэта адзін невялікі прадуваны вятрамі сквер на абслугоўванне цэлага раёна.

Мы спыталіся ў гродзенскага гісторыка Андрэя Вашкевіча, якой ён бачыць канцэпцыю абнаўлення Каложскага парку.

- Каложскі парк павінен застацца зялёнай, спакойнай зонай без усякіх дадатковых атракцыёнаў, - упэўнены навуковец. - Акрамя таго, канешне, было б добра, каб там былі праведзены археалагічныя раскопкі.

Гродзенскія гісторыкі лічаць, што паркі павінны быць зялёнай спакойнай зонай без атракцыёнаў. А што думаеце пра зялёныя зоны ў горадзе вы?

Автор:
Фотограф:
medikforum.ru, grodnonews.by, t-styl.info, holiday.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость