18.12.2025 / 13:12

Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову аб пераўтварэнні рэспубліканскага заказніка «Спораўскі», што месціцца ў Берасцейскай вобласці.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Паводле дакумэнта, апублікаванага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, плошча ахоўнай тэрыторыі будзе скарочаная, а з яе афіцыйнай назвы знікне вызначэнне «біялагічны».

Згодна з новай рэдакцыяй межаў, агульная плошча заказніка зараз складае 19 202,54 гектара. Гэта на 181,46 гектара менш, чым было раней (19 384 га).

Акрамя тэрытарыяльных зменаў, пастанова замацавала новы парадак кіравання: цяпер за захаванне прыроднага комплексу будуць адказваць адразу чатыры райвыканкамы Берасцейшчыны — Бярозаўскі, Драгічынскі, Іванаўскі і Івацэвіцкі.

Заказнік «Спораўскі» мае міжнародны статус і з'яўляецца ўнікальным прыродным аб’ектам. Ён ствараўся для аховы найбуйнейшага ў Эўропе масіву мэзатрофных нізінных балот і лясоў, якія засталіся ў натуральным стане. Гэта ключавое месца рассялення рэдкіх відаў жывёл і раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі (у прыватнасці, тут гняздуецца вялікая папуляцыя вяртлявай чаратоўкі).

Скарачэнне плошчы ахоўных тэрыторый, нават на нязначныя ў маштабах вобласці працэнты, заўсёды выклікае занепакоенасць эколагаў, бо гэта можа сведчыць аб дэградацыі экасыстэм або перадачы зямель пад гаспадарчыя патрэбы.

 

Трывожная тэндэнцыя года

Змяншэнне «Спораўскага» стала чарговым звяном у ланцужку сёлетніх рашэньняў па скарачэньні ахоўнага фонду краіны. Так, у ліпені 2025 года плошча ельніку «Калінкавіцкія» была ўрэзаная на 63 гектары (больш за 40% тэрыторыі) праз наступствы засухі.

У лістападзе 2025 года Міністэрства прыродных рэсурсаў цалкам ліквідавала батанічны помнік прыроды «Астраўныя ельнікі Добрускія» ў Гомельскай вобласьці.

Экспэрты адзначаюць, што змяненне клімату і антрапагенная нагрузка ўсё часцей становяцца фармальнай падставай для перагляду межаў заказнікаў, што ставіць пад пагрозу захаванне біялагічнай разнастайнасці ў рэгіёне.


Любое скарачэньне тэрыторыі ахоўнага фонду — гэта крок назад у экалягічнай палітыцы. Мы будзем сачыць за тым, як зьмена статусу і межаў «Спораўскага» паўплывае на рэжым аховы яго ўнікальных балот.

Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость