19.02.2020 / 17:02

Гарадскія птушкі часам амаль незаўважныя людзям. Калі яны не збіраюцца ў зграі і не спрабуюць з’есці булку літаральна з рук, здаецца, нікому да іх і справы няма.

Але гэта толькі здаецца, бо час ад часу гарадскія птушкі прыцягваюць увагу гарадскіх камунальных ды іншых службаў. Маўляў, як бы пазбавіцца ад непажаданых суседзяў.

Літаральна днямі ў столінскім парку “Маньковічы” супрацоўнікі мясцовай ЖКГ ліквідавалі птушыныя гнёзды. Паспелі да 15 лютага, ад якога афіцыйна нельга чапаць не толькі гнёзды, але і дрэвы, на якіх тыя гнёзды месцяцца.

Жыллё гракоў у Століне спрабавалі нават вадою збіваць, так людзям заміналі “непажаданыя” птушкі. Чым менавіта прыйшліся недаспабоды гракі ў старым парку, не паведамляецца. Здаецца, мясцовыя ўлады проста вырашылі, што так будзе лепей і чысцей. На жаль, такое стаўленне да гарадскіх пернатых – ня рэдкае.

Што будзе з нашымі населенымі пунктамі, калі з іх знікнуць традыцыйныя для гарадоў птушкі, чаму ў Мінску паболела чаек і дзе зараз можна пабачыць гілей, Зелёны партал запытаў у спецыяліста па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Сямёна Левага.

 

Дзве сотні і яшчэ трошачкі

За ўсю гісторыю назірання за птушкамі ў Мінску бачылі больш за 200 розных відаў: некаторыя гняздзяцца, іншыя сустракаюцца толькі пад час міграцыі, ёсць і проста залётныя. Колькасць гэтая з году ў год крыху павялічваецца.

На сайце  АПБ ёсць адмысловы раздзел “Бёрдвочынг у Мінску”. Па ім можна бачыць, што самыя багатыя на віды месцы ў сталіцы – гэта Лошыцкі парк, Чыжоўскае вадасховішча, наваколле Цнянскага вадасховішча, Батанічны сад”, - распавядае Сямён Левы.

Усяго такіх месцаў, дзе відавая разнастайнасць птушак даволі высокая, у Мінску каля дзесятка. Падчас чэмпіянатаў па фотабёрдынгу за пяць гадзін каманды там фатаграфуюць больш за 40 відаў птушак, і гэта ўлічваючы, што кагосьці проста сустракаюць, але не здымаюць.

 

Бургамістр і мармытуля – залётныя сталічныя госці

Якія самыя незвычайныя для нашых шыротаў птушкі заляталі ў Мінск апошнім часам? Перш за ўсё эксперт АПБ узгадвае палярную чайку.

У норме яна гняздзіцца ў Паўночнай Амерыцы, у Грэнландыі, вельмі рэдка залятае ў Еўропу. А для Беларусі, якая не мае выхаду да мора, гэта была незвычайная рэгістрацыя. Год таму ў сярэдзіне сакавіка палярная чайка трымалася некалькі тыдняў у Мінску”, - кажа Сямён Левы.

Не так даўно да нас залятала чайка-бургамістр, пачала гняздзіцца чайка-чарнакрылка. З’явілася на гнездаванне паўночная мармытуля.

Пакуль не зразумела яе размеркаванне па нашай краіне, але ў Мінску два гады запар яна з’яўляецца ў адным месцы”, - кажа эксперт.

 

Замест буслоў на дахах чайкі

Спецыялісты адзначаюць, апошнім часам у гарадах сталі больш заўважнымі чайкі.

Яны вельмі хутка прыстасоўваюцца да пераменлівых умоў гарадскога асяроддзя, - кажа Сямён Левы. - Зараз чайкі асвойваюць новы тып месца гнездавання – дахі буйных прадпрыемстваў. Гэта дазваляе ім павялічваць сваю колькасць, так гэтыя птушкі становяцца больш недасяжнымі для наземных драпежнікаў, напрыклад, бадзяжных сабакаў”.

Гарадскія чайкі сёння знайшлі сабе неасвоеную іншымі відамі нішу і дастаткова вялікія харчовыя запасы з-за адходаў горада.

 

Канкурэнцыя крумкачоў з пацукамі

Дарэчы, на пытанне, на колькі дрэнна тое, што птушкі харчуюцца са сметніцаў, эксперт АПБ адказвае, што калі людзі будуць працягваць вырабляць столькі ж харчовых адходаў і, адначасова, змагацца з крумкачовымі і чайкамі, на іх месца, хутчэй за ўсё, прыйдуць пацукі.

Закрытыя ад птушак месцы, напрыклад, кантэйнеры для смеццеправодаў у дамах, пацукі добра асвойваюць як кармушку. З майго пункту погляду, калі лішкі выкідаюцца, лепш хай іх ядуць птушкі ніж грызуны”, - кажа эксперт АПБ.

Калі ж людзі пачнуць больш клапаціцца пра харчовыя адкіды і чалавечага корму для гарадскіх птушак стане менш, яны хутка пераключацца на сельскагаспадарчыя ўгоддзі ці будуць шукаць іншыя крыніцы харчавання.

Пакуль жа птушкі на звалках уступаюць у прамую канкурэнцыю за харчовыя рэсурсы з грызунамі, напрыклад, шэрым пацуком. І яшчэ не зразумела, хто ў той бойцы мацнейшы.

 

Дзе падзеліся гілі і чаму ў Мінск завітала сойка

Гарадскія жыхары ў апошнія гады амаль не бачаць зімой гілёў і ўжо пачалі хвалявацца, ці не зляцелі гэтыя птушкі з нашых мясцінаў. Эксперт АПБ супакоўвае: гілі нікуды не зніклі і сустрэць іх нават у Мінску можна, трэба толькі ведаць, дзе і як шукаць.

Я некалькі разоў за тыдзень у горадзе з імі сустракаюся. Як правіла, іх чутна перш за ўсё па гуках. Калі не ведаеш голасу, можна проста не заўважаць, - кажа Сямён Левы. - Калі хтосьці хоча знайсці, трэба паслухаць голас – і па характэрных гуках паспрабаваць пашукаць”.

А вось сойку ў сталіцы і шукаць ня трэба, яна залятае ў населеныя пункты падчас восеньскай міграцыі. Часам бывае ў гарадах і ўзімку.

Гняздзяцца сойкі, у асноўным, у лесе, але ёсць выпадкі, што і ў межах населеных пунктаў. Бывала, што сойка гняздзілася ў старых будынках, - распавядае эксперт  АПБ. -  Гэта сойкі крумкачовыя і яны, як усе крумкачовыя валодаюць большым інтэлектам у параўнанні з іншымі птушкамі і хутка прыстасоўваюцца да пераменлівых умоў”.

Так, як напрыклад, шэрая варона, якая да 1980-х жыла ў асноўным за межамі населеных пунктаў, на балотах, на ўскраінах лясоў.

А калі горад стаў вырабляць шмат харчовых адходаў, яна знайшла гэту “кармушку” і перасялілася. Цяпер практычна ўсе шэрыя вароны жывуць у населеных пунктах. Тое ж самае сойка. Калі мы вырошчваем, напрыклад, грэцкія арэхі, якімі яна харчуецца, птушка знаходзіць такі дадатковы корм у населеных пунктах”, - тлумачыць Сямён Левы.

 

 

Гракі прыляцелі ці гракі не зляцелі – ужо не істотна?

На паводзіны гарадскіх птушак уплываюць не толькі сметніцы ці наяўнасць закінутых будынкаў і дахаў. Вельмі важны чыннік, які змяняе іх традыцыйнае жыццё, - клімат.

У Беларусі больш за 330 відаў птушак, з іх зімой можна назіраць каля 120. То-бок кожны трэці від можа заставацца ў нас на зімоўку. Гэта магчымасць залежыць ад наяўнасці корму, а не толькі ад тэмпературы, - тлумачыць эксперт АПБ. - На будаўніцтва гнёздаў і на спевы ўплывае працягласць светлавога дню. Дзень павялічваецца – у птушак пачынаюць выпрацоўвацца гармоны, якія стымулююць такія паводзіны. Тое, што гракі заняліся гнёздамі ў студзені – гэта не дужа значнае адхіленне ад нормы”.

Між тым зімовае надвор’е ці яго адсутнасць уплывае на бліжэйшых мігрантаў – тых, хто зляцеў недалёка і зімуе у краінах Еўропы, большай часткай ва Украіне і Польшчы.

Калі яны бачаць, што снежнага покрыва няма, палі адкрытыя і можна там карміцца, яны будуць хутчэй прасоўвацца ў паўночным напрамку”, - кажа Сямён Левы.

Лічыцца, што віды, якія зімуюць далёка, на афрыканскім кантыненце, не адчуваюць, якое надвор’е ў Беларусі. Яны мігрыруюць па сваіх звыклых тэрмінах і прылятаюць не ў залежнасці ад таго, якая была зіма.

Між тым зменлівы клімат у значна большай ступені ўплывае на гарадскіх птушак і тых, хто застаўся на радзіме. Гэтыя віды хутчэй рэагуюць на раннюю вясну і пачынаюць гняздзіцца, - кажа эксперт. – У рэшце яны застаюцца ў плюсе, бо раней пачынаюць з’яўляцца насякомыя, якімі яны харчуюць птушанят. Іх цыкл размнажэння супадае з максімальнай даступнасцю корму”.

У той жа час віды, якія адлятаюць у Афрыку і вяртаюцца ў свой звычайны тэрмін на радзіму, не трапляюць на гэты пік. І гэта ўплывае на выжывальнасць іх нашчадкаў.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость