19.04.2016 / 15:04

Пытанне з азеляненнем новых жылых раёнаў — адно з самых галоўных, якое павінна хваляваць будучых жыльцоў нараўне з развітай інфраструктурай і якасцю выкананых будаўнічых прац. Аднак часта даводзіцца назіраць карціну, калі дарослыя дрэвы і хмызнякі, што растуць на пляцоўцы, адведзенай пад забудову, высякаюцца, і дваравыя тэрыторыі паступова засаджваюцца «дубчыкамі». На справе ў засушлівы сезон большасць маладых дрэваў гіне, а двары пачынаюць нагадваць мёртвую пусташ, абнесеную бетоннымі «скрынкамі».

Паказаць альтэрнатыву існуючаму падыходу вырашыла кампанія «А-100» у раёне Новая Баравая, дзе па плану забудовы «пад пілы» павінны былі пайсці дрэвы ў невялікім гаі.

«Як звычайна бывае, праектыроўшчыкі штосьці запраектавалі, але па чарцяжы ты не ў стане ацаніць, якім быў ланшафт да гэтага. Толькі прыязджаючы на пляцоўку, ты бачыш, напрыклад, 80-гадовы дуб, што зараз павінны спілаваць... Разумееш, што штосьці тут не так», — распавядае Святлана Шэўлік, дырэктар групы кампаній «А-100 Дэвэлапмэнт».

У раёне Новая Баравая частка жылой забудовы з уладкаванымі дварамі ўжо здадзена ў карыстанне, яшчэ нейкая частка дамоў толькі ў працэсе ўзвядзення. Аднак на адной з пляцовак працы было вырашына прыпыніць, бо якраз на ёй і растуць дрэвы, якія кампанія «А-100», як забудоўшчык, хацела захаваць праз перасадку і змяненне праекта.

«Дрэва расце 60 год. Дом будуецца за 2-3 гады. Калі сабраць крыху больш людзей і грошай, то дом можна пабудаваць не за 2 гады, а за 1, а то і за 6 месяцаў. Але збяры ты хоць увесь свет, сотні-мільярдаў даляраў — дрэва ўсё роўна будзе расці 60 год», — тлумачыць Ігар Корзун, каардынатар кампаніі «Гарадскі Ляснічы».

Прадэманстраваць, што перасадка дарослага дрэва — гэта не заходні забабон, а цалкам рэальная практыка ў беларускіх умовах, было вырашана ў час «Зялёнага суботніка», які ў мінулыя выхадныя праводзіўся супрацоўнікамі кампаніі на Новай Баравой. У якасці першага эксперыментальна-паказальнага аб'екта для перасадкі быў выбраны 25-гадовы дуб, які рос на ўскрайку гаю. Вядома, што ў тэорыі перанесці дарослае дрэва ўручную можна, няхай працэс і патрабуе вялікіх фізічных намаганняў. Але на сённяшні дзень гэта пытанне можна вырашыць пры дапамозе спецыяльнай тэхнікі «Big John» — машыны, якая ўжо не першы год знаходзіцца на балансе ў «Зеленбудзе».

«Такіх машын у нас дзве на краіну. Адна знаходзіцца ў філіале «Мінскзеленбуда» — УП «Броўкі». Другая — у прыватнай арганізацыі «Англійскі газон». Машына прызначана для перасадкі буйных дрэваў, дыяметр ствала якіх дасягае прыкладна 25 см, а вышяня 10 м. Бо ўручную, каб не «параніць» карнявую сістэму дрэва і яно пасля прыжылося, гэта цяжка зрабіць. А за кошт гедраўлікі машына выкопвае ком зямлі дыяметрам да 1,5 метраў і, засціскаючы яго як шчупальцы, не дазваляе глебе рассыпацца. Затым у загадзя падрыхтаваную гэтай жа машынай яму дрэва «ўстаўляецца» разам з зямлёй», — распавядае пра тэхналогію Уладзімір Валько, дырэктар «Зеленбуда» Партызанскага раёна горада Мінска.

 

Вядома, што важным для прыжываемасці дрэва з'яўляецца правільны выбар месца пад перасадку, пра што заўважыў Ігар Корзун, і элементарныя мерапрыемствы па дагляду. Аднак нельга адмаўляць і тое, што такі спосаб мусіць стаць новым трэндам у захаванні зялёных насаджэнняў у горадзе, бо ён не з'яўляецца ні звыштэхналагічна цяжкім, улічваючы агульны прагрэс чалавецтва, ні фінансва непад'ёмным.

«Калі паглядзець на старыя фотаздымкі аднаўлення Мінска ў 1950-х гадах, мы ўбачым, што тады ў разбураным горадзе людзям не заўсёды хапала прадуктаў харчавання, і жылі яны па 10 чалавек у адным пакоі... Але знаходзіліся сілы і сродкі дзеля таго, каб пасадзіць дарослае дрэва. А сёння мы маем супертэлефоны, супераўтамабілі, жывем у асобных пакоях ва ўласных кватэрах, ядзім, колькі захочам. І нам у гэтай сітуацыі кажуць, што няма грошай на перасадку дарослага дрэва. А куды ж тады дзяюцца сродкі, якіх у нас пэўна больш, чым у пасляваенны час?» — задаецца пытаннем Ігар Корзун.

Каардынар кампаніі «Гарадскі Ляснічы» зазначыў, што з гэтага моманту ў беларусаў павінна адбыцца змяненне ў свядомасці, калі мы раптам разумеем, што можам зрабіць свет вакол сябе лепшым. І не варта кампенсаваць высечкі здаровых і дарослых дрэваў маладняком, калі будучыня ўжо наступіла.

Автор:
Фотограф:
Хрысціна Чарняўская
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость