Гарадская прастора даўно згубіла сваю функцыю «проста для жыцця», яна стала пляцоўкай для эксперыментаў. Прычым працэсы пераўвасаблення горада ідуць як з боку дзяржаўных устаноў, так і актывістаў, разнастайных ініцыятыў, якія пастаянна адваёўваюць сваё права на горад. У гэтым адстойванні час ад часу выбухаюць канфлікты, што разносяцца па інтэрнэце, а значыць, становяцца публічнымі актамі барацьбы за тэрыторыю, дрэвы і нават асобныя будынкі.
«Наша» даўно выйшла за межы 4 сцен
Прычыны канфліктных сітуацыі, што апошнім часам узнікаюць у гарадской прасторы, бачацца ў хібах сістэмы, якая не дазваляе своечасова адрэагаваць актывістам на тое ці іншае памкненне дзяржорганаў, а ім, у сваю чаргу, даступна данесці грамадству інфармацыю.
Па словах Аляксея Крывалапа, прадстаўніка European College of Liberal Arts in Belarus, трэба разумець, што «наша» не заканчваецца на ўласнай кватэры. І звычка зцярпець і перажываць сваё незадавальненне павінна змяняцца і весці, нарэшце, да актывізацыі, фарміравання супольнасцяў, якія змогуць уплываць на рашэнні і падзеі.
Яго меркаванне падтрымлівае Ганна Саліван з Мінскай урбаністычнай платформы, заўважаючы, што менавіта актыўны ўдзел людзей у любой канфліктнай сітуацыі можа перахіснуць вагі ў бок грамадскасці. Ужо ёсць некалькі станоўчых прыкладаў, калі, аб’ядноўваючыся, у людзей атрымоўвалася змяняць прастору вакол пад свае патрэбы, з улікам інтарэсу мясцовых жыхароў. Напрыклад, калі у двары ўдаецца арганізаваць дзіцячую плячоўку альбо ачысціць ад засілля аўтамабіляў.
Аднак, на жаль, пакуль агульныя дзеянні слаба працуюць супраць інвестыцыйнай забудовы. Гарады поўняцца катлаванамі і недабудамі, змрочнымі высоткамі з-за таго, што фінансавы інтарэс пакуль становіцца вышэй грамадска-экалагічнага.
Здараецца і так, што самі гараджане ўпускаюць з увагі «каштоўнасны» складнік архітэктурнага напаўнення гарадской прасторы. Так адбылося з выставачным комплексам па вуліцы Янкі Купалы, калі ўзнікла хваля каментароў у СМІ, якая падтрымала знішчэнне будынка. Хаця для сталіцы комплекс «БелЭкспа» сапраўды быў унікальным, хаця б тым, што з’яўляўся першым шкляным будынкам у горадзе і яго спраектаваў выбітны архітэктар Леанд Левін.
Канкурэнцыя ў актывісцкім асяроддзі
Мінск усё больш поўніцца актывісцкімі ініцыятывамі, што нараджае канкурэнцую за інтарэс медыя. Як адзначыў Андрэй Эзерын, актывіст мінскага раёна Асмалоўка, са СМІ трэба не толькі працаваць — трэба ўмець гэта рабіць.
Аднак не варта спадзявацца, што кожная лакальная ініцыятыва можа разлічваць на адлюстраванне сваёй дзейнасці ў медыя. Абумоўлена гэта цалкам аб’ектыўнымі прычынамі, сцвярджае Яся Каралевіч-Картэль, рэдактарка CityDog.by. Маўляў, трэба разумець, што бадай не кожная актыўнасць можа служыць інфанагодай для СМІ. А з улікам вялікай колькасці прапаноў ініцыятывам неабходна быць сапраўды арыгінальнымі, каб іх заўважылі.