19.07.2016 / 13:07

У лабараторыі тэрыялогіі Навукова-практычнага цэнтра НАН РБ па біярэсурсах вызначылі сучасны стан папуляцый драпежных сысуноў (млекакормячых) у Беларусі: бурага мядзведзя, барсука, ляснога тхора, гарнастая, выдры, прычыны іх дэпрэсіўнага становішча і далі падрабязны аналіз іх папуляцыйнага заняпаду. Распрацоўка на гэтую тэму значыцца сярод ТОП-100 вынікаў фундаментальных і прыкладных даследаванняў Нацыянальнай акадэміі навук.

Барсучыны матрыярхат

Спецыялісты правялі падлікі барсука для ацэнкі шчыльнасці папуляцыі гэтага віду ў пяці прыродных комплексах.

Атрыманыя звесткі ў асноўным сведчаць пра заняпад барсучынай папуляцыі ў Беларусі. Толькі ў Налібоцкай пушчы назіраецца нейкае аднаўленне папуляцыі барсукоў. Але сучасная іх шчыльнасць у Беларусі крытычна малая — у асноўным недзе ад 1 да 5 асобін на 100 км2. У некаторых месцах — да 10 і крыху болей асобін на 100 км2.

Надта зважае на сябе ўвагу анамальная прапорцыя палоў у папуляцыі барсука: сярод сталых барсукоў прэвалююць самкі (больш за 80%). У выніку гэтага большасць з іх не мае сваіх самцоў, і адпаведна яны прывабліваюць палаваспелых самцоў збоку. Тыя самцы, што жывуць адны ў выніку змяншэння сям’і, схільны да вандровак. Адыходзячы далёка ад сваіх нор, самцы становяцца ахвярай ваўкоў і рысяў, для якіх барсук заўжды з’яўляўся годнай здабычай, асабліва ўлетку, калі яны аддаюць перавагу жывёлам меншага памеру. Чым даўжэй гэтая сітуацыя назіралася, тым меней у папуляцыі барсука заставалася палаваспелых самцоў.

Чаму так сталася? Сярод прычын вызначаны канкурэнцыя з янотападобнымі сабакамі; забойствы барсучанят лісамі і янотападобнымі сабакамі; знішчэнне нор цяжкай лесаэксплуатацыйнай тэхнікай; браканьерская здабыча, асабліва падчас акцый папуляцыйнага кантролю янотападобных сабак; драпежніцтва ваўка і рысі; забойствы барсукоў транспартам і інш. Сярод гэтых негатыўных прычын — уплыў янотападобнага сабакі, напэўна, самы моцны.

 

Як дапамагчы гарнастаю?

У 1986-1996 гадах гарнастай быў яшчэ амаль што паўсюдна звычайным відам, але яго папуляцыя на значнай частцы тэрыторыі Беларусі ўжо пацярпела заўважны заняпад. Цяпер папуляцыя гарнастая стала значна фрагментаванай, і невялічкія лакальныя групоўкі гэтага віду (звычайна па 30—200 асобін) засталіся толькі ў тых рэгіёнах, дзе захавалася вадзяная палёўка. Пры гэтым на значных тэрыторыях гарнастай знік увогуле.

Размнажэнне гарнастая надта залежыць ад наяўнасці і шчыльнасці папуляцыі вадзяной палёўкі ў месцах жыхарства гэтага драпежніка, бо самка гарнастая звычайна нараджае каля 7 (да 11) шчанюкоў. Каб пракарміць такі вывадак, матка павінна штодзённа здабываць у сярэднім восем сутачных норм корму. Раней колькасць папуляцыі палёўкі вагалася, але не адбывалася такога моцнага заняпаду, як пасля натуралізацыі амерыканскай норкі.

У гэтым аспекце цікава, чаму захаваўся гарнастай у прыгарадзе Мінска, дзе значныя плошчы забудаваны і вызначаецца разнастайнасць антрапагенных уплываў на прыроднае асяроддзе. Але тут ёсць іншая ахвяра, якая спрыяе размнажэнню гарнастая. Гэта шэры пацук, які шчыльна засяляе паселішчы чалавека і іх наваколлі.

Каб захаваць папуляцыю гарнастая, было рэкамендавана занесці яго ў Чырвоную кнігу са значным статусам аховы, што і было зроблена ў новай рэдакцыі. Неабходна таксама забараніць далейшую асушальную меліярацыю вялікіх па плошчы (болей чым 100 га) травяных (чаротавых, асаковых або разнатраўных) нізінных балот, якія з’яўляюцца апошнімі апірышчамі існавання гарнастая ў Беларусі; ажыццяўляць штогадовае познавосеньскае або ранневеснавое вынішчэнне амерыканскай норкі, прынамсі, у памерах 80% ад наяўнай папуляцыі. Патрабуецца і спецыяльны праект з дастатковым фінансаваннем, які б даў магчымасць зрабіць падрабязную карту размеркавання лакальных груповак гарнастая ў межах усёй Беларусі.

 

Што здарылася з выдрай?

Папуляцыя выдры ў Беларусі ў першай палове 2000-х гадоў характарызавалася досыць станоўча. Але ўвосень 2008 года сітуацыя раптоўна змянілася. Пэўна, прычынай стала эпідэмія патагеннага віруса. Верагодна, хвароба прыйшла з амерыканскімі норкамі. Распаўсюджанне яе адбывалася праз адсутнасць ці няпоўную вакцынацыю клетачных амерыканскіх норак ад вірусных хвароб, бо, напэўна, гэтакая перасцярога стала дарагой для малапрыбытковых футравых гаспадарак, або праз нейкія кармавыя дабаўкі.

Раней, калі кошт вакцыны быў больш танны, вакцынацыя амерыканскіх норак была дастатковай. Трэба заўважыць, што вірусная хвароба яшчэ досыць моцна адбываецца ў папуляцыі выдры, бо яе аднаўленне ідзе незвычайна марудна. Парушэнне выдравай папуляцыі здарылася дакладна не праз трафічныя пасылы. Мэтазгодна было б строга пракантраляваць усе футравыя фермы, асабліва малыя.

 

Дзе схаваўся лясны тхор?

Да часу заняпаду папуляцыі ляснога тхара, які адбыўся ў апошнія дзесяцігоддзі (1960—1990 гады ў залежнасці ад рэгіёна), ён быў звычайным драпежнікам ва ўсёй разнастайнасці асяроддзя. Нават антрапагенны ландшафт вельмі спрыяў гэтаму экалагічна пластычнаму віду. Тым не менш асноўнымі месцамі рэпрадукцыі ў папуляцыі ляснога тхара былі далінныя экасістэмы. Смяротнасць яго шчанюкоў вызначалася магчымасцямі самкі здабываць ежу — палёвак-эканомак, якія пасля натуралізацыі амерыканскай норкі амаль зніклі. Акрамя таго, амерыканскія норкі вызначаюцца надта агрэсіўнымі паводзінамі і атакуюць іншых куніцавых, якія жывуць побач.

Такім чынам, заняпад у папуляцыі ляснога тхара адбываўся з шэрагу прычын: у далінных экасістэмах — праз жорсткую канкурэнцыю з амерыканскай норкай, а ў леса-балотнай мазаіцы — і з янотападобным сабакам; у антрапагенным ландшафце паблізу паселішчаў чалавека — праз жорсткую канкурэнцыю з куніцай. Жыццяздольныя лакальныя папуляцыі ляснога тхара захаваліся толькі ў татальным аграрным ландшафце з мноствам вёсак, тады як гэты від амаль знік каля паселішчаў чалавека.

Для захавання папуляцыі ляснога тхара, як і ў выпадку з гарнастаем, трэба занесці яго ў Чырвоную кнігу са значным статусам аховы, ажыццяўляць штогадовае вынішчэнне амерыканскай норкі і янотападобнага сабакі.

 

Стан папуляцыі бурага мядзведзя

Падлікі бурага мядзведзя, праведзеныя раней у 2003-2004 і 2006-2008 гадах у межах іншых даследчых праектаў сведчылі, што ў Беларусі было два дэмаграфічна жыццяздольныя папуляцыйныя фрагменты гэтага віда — на паўночным усходзе паміж рэкамі Лучосай і Ловаццю ў Гарадоцкім, Віцебскім і Лёзненскім раёнах і ў верхняй частцы басейна Усходняй Бярэзіны ў Вушацкім, Барысаўскім і Лепельскім раёнах. Усе астатнія асобіны — гэта ці то адзіночныя бурыя мядзведзі, ці то дробныя іх групоўкі па 2-6 асобін, якія, як вызначылася, былі чымсьці нетрывалым, часовым, так ці інакш мігрантным паміж гэтымі двума папуляцыйнымі фрагментамі. Колькасць бурага мядзведзя ў Беларусі ў 2002-2004 гадах ацэньвалася ў 241 асобіну, а ў 2006-2008 гады — каля 104 асобін. У 2010-2011 гадах колькасць бурага мядзведзя была недзе каля 80 асобін. Падлікі, якія былі зроблены ў 2012-2013 гадах, сведчылі аб паляпшэнні сітуацыі.

Істотным набытым матэрыялам з’яўляецца ацэнка рэпрадукцыі ў папуляцыі бурага мядзведзя праз вызначэнне долі медзведзянят. З гэтай інфармацыі відавочна, што найлепшым чынам рэпрадукцыя бурага мядзведзя адбываецца ў досыць ахоўных умовах (Бярэзінскі біясферны запаведнік). Значна меншая папуляцыя, але ўсё яшчэ на добрым узроўні рэпрадукцыі, знаходзіцца ў вярхоўях Ловаці ў Гарадоцкім і Віцебскім раёнах. Ва ўсіх астатніх месцах пражывання бурага мядзведзя ў Беларусі, пераважна на тэрыторыях, дзе ажыццяўляецца паляўнічая дзейнасць, рэпрадукцыя гэтага віда амаль спынілася.

Перш за ўсё мядзведзю пагражае загоннае паляванне і любое паляванне з сабакамі ў лясных комплексах зімой. У апошнія гады яно тэрытарыяльна значна пашырылася з-за паляпшэння лясных дарог. Па-другое, інтэнсіфікацыя высечак лесу з больш праходнай новай лесаэксплуатацыйнай тэхнікай прывяла да частага правядзення высечкі лесу ў месцах, якія раней былі больш-менш недасягальнымі. У выніку ўсяго гэтага амаль што не засталося досыць спакойных месцаў для зімовага сну бурага мядзведзя, асабліва матак з нованароджанымі медзведзянятамі. Загоншчыкі і паляўнічы сабака або шум абуджаюць мядзведзяў у бярлозе. Гэта амаль заўсёды вядзе да гібелі медзведзянят.

Такім чынам, сабраны матэрыял паказвае моцны заняпад папуляцый згаданых драпежных сысуноў. Папуляцыя гарнастая на мяжы поўнага знікнення. Папуляцыя ляснога тхара знаходзіцца ў гэтакім жа стане на большасці тэрыторыі, але месцамі ёсць яшчэ дэмаграфічна жыццяздольныя фрагменты. Стан папуляцыі выдры менш пагражальны, але цяперашняя яе шчыльнасць у 10 і болей разоў менш, чым у першай палове 2000-х гадоў. Яна пачала аднаўляцца, але гэты працэс ідзе надта марудна.

Источник:
Автор:
Фотограф:
Адкрытыя інтэрнет-крыніцы
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость