20.07.2023 / 09:07

Зрабілі для вас інструкцыю-напамін, што можна перапрацаваць у Беларусі і як правільна сартаваць другасную сыравіну.

 

Ілюстрацыя: Дзіна Вярба, Midjourney
Ілюстрацыя: Дзіна Вярба, Midjourney

Калі ласка, звярніце увагу, што большасць відаў пакавання ў крамах маюць маркіроўку. Гэта можа быць лічба ў трыкутніку або абрэвіятура.

Знак можа размяшчацца на дне пакавання або ўзбоч. Маркіроўка дапаможа зразумець, ці можна перапрацаваць гэты матэрыял і як яго правільна ўтылізаваць.

Распавядаем, як правільна чытаць гэтыя знакі і куды несці пакункі, пасля выкарыстання.

 

Пластык

Ілюстрацыя: Дзіна Вярба, Midjourney
Ілюстрацыя: Дзіна Вярба, Midjourney

Пластык падзяляецца на некалькі відаў.

Маркіроўка на пакунку
Маркіроўка на пакунку

ПЭТ 1 (PET/E) альбо поліэтылентэрэфталат. З яго вырабляюць аднаразовыя бутэлькі для вады, напояў, сокаў малака.

Маркіроўка на пакунку
Маркіроўка на пакунку

HDPE 2/PHED альбо поліэтылен высокай шчыльнасці. Такую маркіроўку можна сустрэць на ўпакоўцы ад шампуня, сродках бытавой хіміі, мыйных сродках, крышачках ад бутэлек.

Маркіроўка на пакунку
Маркіроўка на пакунку

ПВХ 3 (PVC) альбо полівінілхларыд. Гэтая ўпакоўка выкарыстоўваецца для касметычных сродкаў, упакоўкі для таблетак, некаторых прадуктаў харчавання, напрыклад тварагу, аконных рам, некаторых цацак. Гэтая ўпакоўка лічыцца шкоднай, лепей яе па магчымасці пазбягаць. У асноўным яна не перапрацоўваецца. Пры спальванні выдзяляе моцныя яды і канцэрагены.

Маркіроўка на пакунку
Маркіроўка на пакунку

ПВД 4 (LDPE) альбо поліэтылен нізкай шчыльнасці. З яго вырабляюць пластыкавыя пакеты, торбы, бутэлькі для мыйных сродкаў.

Маркіроўка на пакунку
Маркіроўка на пакунку

ПП 5 (PP) альбо поліпрапілен. Гэта пакаванне для харчовых прадуктаў, шматразовага пластыкавага посуду, крышачак для бутэлек.

Маркіроўка на пакунку
Маркіроўка на пакунку

ПС 6 (PS) альбо полістырол. Сюды адносяцца кантэйнеры для яек, аднаразовы посуд, аднаразовае пакаванне для прадуктаў і ёгуртаў. Гэтая ўпакоўка не перапрацоўваецца ў Беларусі. Да таго ж яна шкодная і можа выдзяляць стырол.

Маркіроўка на пакунку
Маркіроўка на пакунку

7 – выкарыстоўваецца для абазначэння іншых відаў пластыка. Гэта можа быць упакоўка для корму для жывёл, гарбаты ці кавы, дзіцячыя бутэлечкі. Не перапрацоўваецца ў Беларусі

На дадзены момант у Беларусі прымаюць і перапрацоўваюць 4 віды пластыка: PET 1, HDPE 2, LDPE 4, PP 5. Іх можна выкідваць у спецыяльны кантэйнер.

НЕЛЬГА перапрацаваць вырабы і ўпакоўку, якая ўключае розныя віды пластыку. А таксама аднаразовы пластыкавы посуд, упакоўку ад чыпсаў, зубныя шчоткі, цюбікі ад зубной пасты, фламастары і маркеры, ручкі, тонкія фасовачныя пакеты, пакеты для смецця, абгортку ад цукерак, чыпсаў, пракладкі, памперсы, упакоўку ад кетчупа, маянэза.

 

Шкло

Ілюстрацыя: Дзіна Вярба, Midjourney
Ілюстрацыя: Дзіна Вярба, Midjourney

Шкло можна перапрацаваць шмат разоў і атрымаць новую прадукцыю без страты якасці. У Беларусі перапрацоўваюць шкляныя слоікі і бутэлькі, слоікі ад лекаў.

Не перапрацоўваюцца: крыштальны посуд і вырабы з крышталю, люстэркі, фарфоравы посуд, аконнае і аўтамабільнае шкло, экраны манітораў, лямпы. Таксама не перапрацоўваюць шкляныя вырабы са змяшаных матэрыялаў.

 

Папера

Ілюстрацыя: Дзіна Вярба, Midjourney
Ілюстрацыя: Дзіна Вярба, Midjourney

У кантэйнер для паперы можна выкінуць газеты і часопісы, старыя кнігі, сшыткі, нататнікі, кардонныя каробкі і кантэйнеры для яек, чыстыя каробкі ад піцы.

НЕ перапрацоўваюцца чэкі, папера для факса, фатаграфіі, папяровыя ручнікі, сурвэткі, туалетная папера, папера для выпечкі, аднаразовая папяровая ўпакоўка для ежы, аднаразовыя кубкі, шпалеры.

Тетрапак можна здаць на перапрацоўку, але такі від пакавання нельга выкідваць у кантэйнер для паперы. Гэта пакаванне выкарыстоўваюць часцей для малака і сокаў. Яно складаецца з некалькіх матэрыялаў, а не толькі з паперы. У Менску такое пакаванне можна выкідваць у спецыяльны кантэйнер для пластыкавага смецця.

 

Небяспечныя адходы

Ілюстрацыя: Дзіна Вярба, Midjourney
Ілюстрацыя: Дзіна Вярба, Midjourney

Некаторыя адходы лічацца небяспечнымі. Iх нельга выкідаць у кантэйнеры для агульнага смецця або для асобнага збору другсыравіны.

Да такіх відаў адходаў адносяць батарэйкі, акумулятары, градуснікі, ртутныя лямпы, бытавая тэхніка, электроніка, шыны, адпрацаваныя аўтамабільныя масла.

Батарэйкі і дробную электроніку можна здаць у спецыяльныя кантэйнеры, якія размешчаны ў крамах і гандлёвых цэнтрах. Электроніку і бытавую тэхніку – у прыёмны пункт або звярнуцца ў службы, якія займаюцца іх вывазам і ўтылізацыяй.

Тут і тут можна паглядзець, куды вывезці небяспечныя адходы.

Тут можна азнаёміцца з пунктамі ўтылізацыі аўтамабільных маслаў.

 

Жалеза і алюміній

Алюмініевыя бляшанкі ад напояў, а таксама бляшанкі ад кансерваў, вычышчаныя ад ежы, можна выкінуць у кантэйнеры для пластыку або шкла. Гэтыя металы – каштоўныя другасныя рэсурсы.

На сартавальнай стужцы іх дастануць з астатняй другаснай сыравіны і адправяць асобна на перапрацоўку.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость