– Калі сур'ёзна і па-навуковаму, то выцінанка – гэта від народнага мастацтва, выразанне з паперы. Распаўсюджаны вельмі шырока: у Беларусі, Украіне, Літве, Польшчы, некаторых рэгіёнах Расіі. У Латвіі практычна няма выцінанкі праз моцны пратэстанцкі ўплыў і, суадносна, сціпласць дэкору жытла.
Выцінанка набыла папулярнасць на мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, пасля Другой сусветнай вайны таксама назіраўся пэўны ўсплёск цікаўнасці да яе. У Заходняй Еўропе народная традыцыя выцінанкі мала даследаваная, больш вядома пра салоннае мастацтва выразання з паперы, яшчэ з часоў Леанарда да Вінчы.
Першапачаткова ў народным побыце выцінанка ўжывалася для дэкору жытла. Чалавечая душа заўсёды імкнецца да прыгажосці, а ва ўмовах натуральнай гаспадаркі не так шмат магчымасцяў. У панскіх і гарадскіх дамах сяляне бачылі прыгожыя тканіны на вокнах, але зрабіць падобныя – вельмі працаёмка. А ў ХІХ стагоддзі папера стала вельмі шырока выкарыстоўвацца, хаты перасталі тапіць па-чорнаму (без коміна, калі дым ідзе ў памяшканне), пакоі сталі светлыя, чысценькія.
- Нельга сказаць, што выцінанка да нас прыйшла з Кітая, бо там вынайшлі паперу. Логіка такая: аздобіць вакно, бо гэта прыгожа, так бачылі недзе ў пана. Ёсць яшчэ гіпотэза, што беларусы "падгледзелі" выцінанку ў суседзяў-габрэяў, якія ўпрыгожвалі вокны традыцыйнымі "рэйзэле". Гіпотэза абгрунтаваная, але ж крыніц для адной з'явы магло быць некалькі. Кожны народ, калі яму трапляе ў рукі нейкі матэрыял, па-свойму яго выкарыстоўвае.
Папера, што выкарыстоўвалі беларускія сяляне ў ХІХ стагоддзі – гэта часцей за ўсё абгортка. Сучасныя бабулі з дзяцінства памятаюць выразанне з газет, як напрыклад, майстрыха з Любанскага раёна Наталля Адзінец. Газетная папера, часам падфарбаваная, як у Наталлі Рыгораўны, магла замяняцца таннай тканінай. Гэта імітацыя вышыўкі рышэлье, гардзінных тканін, карункаў. Калі сталі выразаць з паркалю, то некаторыя гаспадыні, апрацоўваючы дзірачкі, фактычна рабілі тое самае рышэлье. Дабрабыт сялян паступова падвышаўся, і выцінанка стала ўспрымацца як праява галечы. Калі цяпер пытаеш у бабуль, ці захаваліся старыя выразанкі, можна пачуць у адказ: "Ды нашто вам гэта смецце, у крамах жа ўсё ёсць".
- Сучасныя майстры могуць набыць любую паперу пад свае творчыя задумкі. Што да мяне, то я страшэнна люблю ўсялякія старыя паперкі. Зжаўцелыя сшыткі, старыя сурвэткі, абгортачная папера, крафтавая... Новую паперу купляю вельмі рэдка, толькі калі патрэбны вялікі кавалак на нейкую маштабную задумку. Ці калі ўжо вельмі файны малюнак, для натхнення. А так збольшага захоўваю абгорткі.
Мастацтвазнаўца Яўген Сахута піша, што характэрная асаблівасць беларускай традыцыйнай выцінанкі – монахромнасць (чорны альбо які іншы колер на белым, ці чорны фон, няма полікаларыстыкі).
- Мы, сучасныя мастакі, збольшага маем прафесійную адукацыю і пераасэнсоўваем традыцыю ў сваім ключы. Напрыклад, уводзім новыя колеры. Я аднойчы пабачыла выцінанку літоўскай майстрыхі, што выразала з глянцавых часопісаў. Мяне гэта вельмі ўразіла, я стала ўжываць паперу для запакоўкі падарункаў. Яе нават не абавязкова купляць: падаравалі нешта – адкладаеш, яна ляжыць, чакае свайго часу.
Кожны чалавек можа займацца выцінанкай, выразаць кветкі, рабіць закладкі ў кніжкі, пано ў інтэр'еры – проста збіраючы іх з дробных кавалкаў. Калаж можна зрабіць. Гэта файна і ў плане дэкору жытла, і саматэрапіі. Фотарамкі выразаць. Гэта традыцыйная рэч, хоць і не вельмі распаўсюджаная. З фальгі выразалі рамкі для абразоў і ўстаўлялі пад шкло. Бывала, што местачковыя фотасалоны выкарыстоўвалі выразанкі (лічбы, рамкі), якія накладалі на непраяўленую фотапаперу і яна засвечвалася.
- Тады лічбы ці рамка заставаліся белымі, а здымак ужо праяўляўся. Выцінанка такая рэч, што паперу можна выкарыстаць амаль без рэштак. Напрыклад, выразаеш сняжынку, клеіш куды трэба. У вакенца на паперы, што засталося ад сняжынкі, устаўляеш фотаздымак. А абрэзкі, што з дзірачак сняжынкі, можна збіраць, з іх атрымліваецца файнае канфеці. Альбо рабіць аплікацыі. А яшчэ мая прыяцелька, якая займаецца скрапбукінгам, часам забірае ў мяне абрэзкі кшталту такіх пялёстачкаў на кветкі для паштовак. Канечне, больш стымулу чымсьці такім займацца бывае, калі маеш дзяцей. Для сябе можаш ленавацца, кшталту, я ўжо дарослая.
- Цяпер я раблю праект "Этнаастраномія". Калі пабачыла паперу, зразумела: што ні выражы, атрымаецца прыгожа. Даследчык Цімафей Авілін, які выдаў у 2015 годзе кнігу "Этнаастраномія", неяк прасіў мяне яе праілюстраваць. Тады не атрымалася, але вось вяртаюся да гэтага праекта. Традыцыйныя ўяўленні, звязаныя з зорамі – вельмі вобразныя, міфалагічныя. І яны праяўляюцца ў розных жанрах фальклору, як кажа даследчыца Ірына Мазюк, нават у лірычных песнях, што, лічацца, узніклі адносна позна.
Такім чынам, выцінанка – гэта вельмі традыцыйна і ў той жа час вельмі сучасна, экалагічна. Гэта дэмакратычны від мастацтва, якім можа займацца любы чалавек, не абавязкова купляць дарагія матэрыялы ці мець надзвычайныя здольнасці.