19.10.2020 / 13:10

Вырошчваць гародніну ў цэнтры Берліна – гэта ўжо норма, лічаць удзельнікі праекта soulgardenberlin. Яны займаюцца гарадскімі садамі і дапамагаюць выводзіць такіе праекты на самафінансаванне.

Кропка ўваходу ў новае грамадства

Справа праходзіць лінія чыгункі, злева стаіць шматкватэрны дом. Між імі, у самым цэнтры горада – адзін з гарадскіх садоў Берліна, дзе вырошчваюць зеляніну, гародніну, садавіну. Ён не заўсёды дае ўдзельнікам багаты ўраджай, але заўжды – добры настрой ад працы на паветры.

Заснавальніца і дырэктарка праекта Кейя – дыпламаваны інжынер-аграрый. Ініцыятывы. На гэтых выходных Кейя Чухары прыехала ў Мінск, каб падзяліцца сваім досведам на Міжнародным мітапе сацыяльных прадпрымальнікаў Good Impact.

Яна ў сваёй прафесіі ўжо 25 гадоў. У 2003 годзе Кейя заснавала агенцтва, якое распрацоўвала розныя праекты, у тым ліку адукацыйныя. А ў 2006-м разам з калегай адкрыла некамерцыйную арганізацыю soulgardenberlin.

Кейя кажа, што, хоць яна і дырэктар, але часта яе можна знайсці з матыкай на градцы. Калі ў 2015-м годзе прыйшла першая хваля бежанцаў, ініцыятыва запускала краўдфандынгавую кампанію пад праект. І ў іх атрымалася сабраць неабходныя сродкі. Такім чынам на наступны год яны змаглі больш разгарнуцца і арганізаваць гаспадарчае таварыства.

Зараз пад кіраўніцтвам soulgardenberlin знаходзіцца некалькі садоў. Іх галоўная функцыя – ствараць прастору для сустрэч і камунікацыі, каб суседзі маглі праводзіць час разам і вырошчваць нешта карыснае і смачнае.

Сад робіцца такім чынам, каб там маглі сустракацца людзі рознага ўзросту, паходжання, сацыяльнага становішча. Асабліва гэта важна ў шматнацыянальным Берліне, куды пастаянна пераязджаюць новыя людзей.

Інклюзія – важны пункт у гэтай дзейнасці. У тым ліку кампанія шмат працуе з бежанцамі, нават па просьбе муніцыпальнага камітэта. Людзей сустракаюць літаральна на парозе інтэрнатаў, каб яны не згубіліся ў горадзе, які яшчэ дрэнна ведаюць, праводзяць у сад, расказваюць пра розныя актыўнасці.

У самой арганізацыі тры сады, але ёсць яшчэ і іншыя. Пад кожны заключаюць дагавор з гарадскім муніцыпалітэтам на выкарыстанне прасторы. У юрыдычным сэнсе яны нясуць адказнасць за ўсё, што там адбываецца.

 

Арэнда градкі каштуе ад 20 еўра

Папярэдне кожная пляцоўка даследуецца на якасць грунту. Калі ўчастак не дастаткова чысты, робіцца насып з прывезенай добрай зямлі.

Градкі здаюцца ў арэнду – ад 20 да 130 еўра ў год у залежнасці ад плошчы.

Але, калі магчымасці аплачваць іх няма, можна звярнуцца па спонсарскую дапамогу. У праекце гатовы дапамагаць тым, хто ў дрэнным фінансавым становішчы. Абсалютна бясплатна зямлю не даюць, бо тое, што звышдаступна, звычайна не мае каштоўнасці для людзей.

Вядома ж, у горадзе ёсць нагрузка на расліны, звязаная з забруджваннем паветра. Але гэта ўмовы, у якіх жывуць і гараджане, таму кіраўніцтва праекта не бачыць вялікай праблемы.

Яшчэ ў садзе ёсць шэраг іншых пляцовак.

  • “Зялёны клас”, дзе можна праводзіць сустрэчы для школьнікаў ці мітапы супрацоўнікаў на адкрытым паветры. Ён стаў вельмі запатрабаваны падчас пандэміі.
  • Ёсць невялікі будынак, дзе таксама можна сустракацца ў дрэннае надвор’е. Ён, дарэчы, зроблены з экалагічна чыстых матэрыялаў.
  • Зараз актыўна развіваецца супрацоўніцтва з бібліятэкамі. Для аматараў кніг таксама знаходзіцца прастора ў садзе.

 

Каманда праектная, праца – часткова за кошт фондаў

Па форме арганізацыі soulgardenberlin – не класічнае грамадскае аб’яднанне. Яны працуюць па прынцыпах гаспадарчага таварыства і не маюць пастаяннай каманды супрацоўнікаў.

Большасць людзей працуюць праектна, хаця пры гэтым ёсць ядро кіраўніцтва і настаўнікаў.

Звычайна калі паступаюць мэтазгодныя прапановы азеляніць нешта ў горадзе, то каманда праекта падключаецца да працы. Але ўзімку ў садах не так шмат мерапрыемстваў – асноўнае толькі калядная ёлка. Гэта час, калі прырода можа адпачыць, а заснавальнікі ініцыятывы могуць распланаваць бюджэт на наступны сезон і актуалізаваць сайт.

Праект атрымлівае частку фінансавання ад фондаў, прымае ахвяраванні як грашыма, так і рэчамі, а частку грошай зарабляе з дапамогай правядзення семінараў. Да таго ж у ініцыятывы ёсць каля 20 арганізацый-партнёраў.

“Зараз мы прапаноўваем навукова-практычныя семінары па экалагічнай адукацыі, садаводству, збору сродкаў, працы з грамадскасцю. То-бок мы разабраліся ў гэтым і гатовы цяпер дзяліцца нашымі ведамі з іншымі”, – кажа Кейя.

 

Як вывесці праект на самафінансаванне?

Як працуе фінансаванне, Кейа расказала на прыкладзе “Саду сустрэч”, які размешчаны ў раёне Марцан у Берліне. Вакол забудоўля прыкладна, як у Мінску на Пятроўшчыне. І пасярэдзіне яе 3 500 квадратных метраў зеляніны.

Апошнія 13 гадоў дзейнасць гэтага саду была поўнасцю прафінансавана з боку зямельнага ўрада Берліна. Але з 2021-га сад павінен перайсці на самафінансаванне. Зараз яны да гэтага рыхтуюцца, і soulgardenberlin дае будучым уладальнікам экспертную падтрымку.

У садзе ёсць розныя прасторы для сустрэч, якія можна браць у арэнду, і 45 градак. Карыстаюцца ім ў асноўным суседзі, школьнікі, студэнты і  бежанцы, а таксама розныя ініцыятывы праводзяць тут свае мерапрыемствы.

Расходы ідуць на ганарары супрацоўнікам, рамонт, падтрымка саду, тэхніку, інструменты, саджанцы, насенне, правядзенне мерапрыемстваў, працу з грамадскасцю, закупка офісных расходных матэрыялаў, сайт. У цэлым патрабуецца каля 20 000 еўра ў год.

Даходы можна атрымаць з датацыі ад гарадскога бюджэту, фондаў , здачы ў арэнду градак і плошчаў пад мерапрыемствы, ахвяраванняў, арганізацыі экскурсій, семінараў.

Важны момант у такой дзейнасці – падтрымка на палітычным узроўні.

Часта садкі існуюць на пляцоўках, якія даюцца ў часовае карыстанне, пакуль не прыйшлі забудоўшчыкі. Але берлінская адміністрацыя вельмі зацікаўлена ў захаванні зялёных аазісаў, таму арганізатары ўпэўненыя, што гэта праца не спынецца, як мінімум, у бліжэйшыя 20-30 гадоў.

Автор:
Фотограф:
soulgardenberlin
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость