19.11.2015 / 15:11

Сеціва поўніцца досведам тых, хто ўжо паспрабаваў абыйсціся без пластыка ў штодзённасці. Сярод іх ёсць тыя, хто кажа "не", але і тыя, хто ўжо не выкарыстоўвае яго і наогул не пакідае пасля сябе смецця. Апошнія, як правіла, жывуць на Захадзе, у краінах з больш разнастайнай гандлёвай інфраструктурай. Але няўжо ў нас нельга нічога зрабіць? Мы сабралі для вас шэраг карысных парадаў, якія кожны з нас можа выкарыстаць у жыцці каб абыйсціся без пластыка.

Гандлёвыя сеткі

Большасць жыхароў Гомеля набываюць прадукты ў крамах гандлёвых сетак Еўраопт, Алмі, Марцін, Дабраном і Гіппа. Таму і пра праблемы адмовы ад пластыку часцей за ўсё кажуць, разглядаючы асартымент гандлёвых сетак. І што ж атрымліваецца?

  • Малочныя прадукты прадаюцца часцей за усё ў пластыку. Выключэнне – некаторыя гатункі малака і кефіру ў папяровых пачаках.
  • Садавіна і гародніна альбо расфасаваная ў плёнку адразу, альбо будзе расфасаваная пры ўзважванні ці на касе. Выйсце толькі ў тым, каб насіць свае пакеты.
  • Крупы і макароны амаль не сустракаюцца ў папяровых пакунках.
  • Цукар, соль і мука. Без праблем можна знайсці ў папяровых пакетах у любой краме.
  • Хлеб і кандытарскія вырабы. Толькі асобныя гатункі печыва, вафляў і цукерак упакаваныя ў паперу. Усё астатняе ў розныя варыянты пластыку. Што датычыцца хлебу, то папяровыя пакеты для яго маюць пластыкавую частку. То бок выйсце зноў жа толькі ў выкарыстанні сваіх пакетаў. Бо параду класьці хлеб проста ў экасумку наўрад ці можна лічыць карыснай, улічваючы, што гэта не той прадукт, які мыюць перад ужываннем.
  • Кава і гарбата. У гандлёвых сетках можна знайсці гарбату ў папяровым пакунку, але кава, нават у жалезная банцы заўсёды будзе з пластыкавый накрыўкай.
  • Вада і іншыя напоі амаль заўсёды ў пластыкавых бутэльках. Выключэнне – толькі металічныя банкі з газіроўкай ды півам, шкляныя бутэлькі з алкагольнымі напоямі, і самыя дарагія гатункі мінеральнай вады (Баржомі і іншыя). Ад набыцця вады можна адмовіцца усталяваўшы дома адпаведны фільтар, і браць ваду з сабой, калі ідзеце на працу.
  • Алей і іншыя віды расліннага масла. Насамрэч, аліўкавае масла амаль усё ў шкляным посудзе. А вось больш танныя віды – сланечнікавы алей, рапсавы, альбо гарчычны, прадаюцца ў пластыкавых бутэльках. Таму выйсце толькі ў пераходзе на карыснае, але дарагое аліўкавае масла.
  • Кетчупы, соусы, маянэзы і заправы. Усё акрамя сыпучых заправаў можна без праблем знайсці ў шкляным посудзе. А вось заправы ў крамах усе будуць у пластыкавай упакоўцы.

Ёсць спіс прадуктаў, якія без пластыкавай упакоўкі (нават, калі вы прыйдзеце са сваім пакетам) вы не атрымаеце. Гэта: смятана, большасць відаў ёгуртаў, амаль усе паўфабрыкаты (за выключэннем пяльменяў), салаты, мяса, рыба, сыр.

Таму пытанне пра адмову ад пластыку, калі вы купляеце прадукты ў буйных гандлёвых сетках, не стаіць увогуле. Можна казаць толькі пра яго змяншэнне. Выкарыстоўваць адзін пакет некалькі разоў. Замест вялікіх пакетаў выкарыстоўваць экасумку з натуральных матэрыялаў. І канешне, выбіраць прадукты ў папяровых і металічных упакоўках. Але гэта сур’ёзна звужае ваш выбар.

Так вы зменшыце колькасць пакетаў, а значыць зробіце свой побыт больш экалагічным.

Прамтавары і пакеты для смецця

Праўда ўсё апісанае вышэй тычыцца харчовых тавараў. І гаворачы пра адмову ад пластыку менавіта пра іх часцей за ўсё пішуць. Але ж мы рэгулярна набываем шэраг прамысловых тавараў. Гэта шампунь, мыла, зубная паста, губкі для мыцця посуду і чысткі мэблі. Дадайце да гэтага самі зубныя шчоткі, швабры (якія зараз амаль усе пластыкавыя). А калі пачаць казаць пра неабсяжны набор жаночай касметыкі, то вы пабачыце, што амаль ніводнага з пералічаных тавараў не існуе без пластыку. Розныя віды гэтага матэрыялу альбо з’яўляюцца асноўнай часткай упакоўкі, альбо сустракаюцца хаця б у асобных яе элементах. Напрыклад, туалетыя воды, духі і адэкалоны, як правіла, прадаюцца ў шкляным посудзе, але сам распыляльнік зроблены з пластыку. Тое самае і датычна дэзадарантаў.

Адзіны сродак зменшыць колькасць выкарыстанага пластыку ў гэтым наборы тавараў – менш іх набываць і эканомней выкарыстоўваць. Панацэі, на жаль, не існуе.

Кажучы пра набыццё неабходных тавараў, нельга абыйсці і пытанне іх утылізацыі. У хаце ўсе гэтыя пластыкавыя скрыначкі, пакецікі і цюбікі ідуць у сметнік. І нават тыя, хто збірае кожны тып смецця асобна разумеюць, што не ўсе віды пластыку ў нашай краіне перапрацоўваюць. Акрамя гэтага забруджаны пластык наогул нярэдка не перапрацоўваецца. Пры зборы смецця можна і трэба адмовіцца ад спецыяльных пакетаў для смецця, а замест іх выкарыстоўваць тыя, што ідуць з таварамі ў краме. У сукупнасці са змяншэннем іх выкарыстання ў краме вы зможаце наблізіцца амаль да роўнай прапорцыі – колькасць набытых пакетаў будзе роўная колькасці неабходных для збору смецця.

Як бачна з апісання сучасных крамаў, праблему нельга цалкам вырашыць толькі асабістымі сіламі. Тут неабходныя заканадаўчыя змены і інтарэс саміх вытворцаў (напрыклад, з дапамогай экалагічнай упакоўкі прывабіць пакупнікоў). А пакуль гэтага няма, давайце паглядзім, дзе ў Гомелі можна знайсці прадукты без пластыку, якіх няма ў гандлёвых цэнтрах.

Ідзем на рынак

Садавіна і гародніна прадаецца ў адпаведных дзяржаўных крамах. Такія ёсць амаль на кожным рынку нашага гораду, а дзе нідзе і проста ў спальных раёнах (напрыклад на перасячэнні вуліц Савецкай і Чангарскай дывізіі). Акрамя гэтага на рынках гароднінай і садавіной гандлюць самі яе вытворцы, то бок уладальнікі прысядзібных гародаў. Дзякуючы гэтаму можна цэлы год не набываць гародніну ў буйных крамах, дзе яе заварочваюць у пластык. Экзатычныя фрукты можна набываць зноў жа на рынках, дзе значна прасцей адмовіцца ад пакету.

Малако, тварог і смятана. Гэтыя прадукты можна знайсці толькі на цэнтральным рынку, дзе легальна імі гандлююць уладальнікі кароў, якія самі і вырабляюць смятану ды тварог. Якасць такіх прадуктаў дакладна вышэй за прамысловыя адпаведнікі. Хаця тут важны момант – санітарная праверка гэтага тавару. Наколькі якасна яна робіцца на рынку і ці не знойдзецца сярод гандляроў той, хто паспрабуе яе абыйсці – пытанне без адказу. Але паколькі адны і тыя ж гандляры прапануюць там малочныя прадукты ўвесь час, і маюць пастаянных пакупнікоў, напэўна, не ўсё так кепска.

Сыр і масла, на тым жа рынку, тых жа вытворцаў, што і ў краме, вам могуць адрэзаць без запакоўвання ў паліэтыленавую плёнку. Але зноў жа – вам неабходна з сабой насіць пакункі ці харчовую паперу.

Заправы на тым жа цэнтральным рынку прадаюць адразу некалькі гандляроў, і выбар, і якасць у іх значна лепшыя за “прамысловыя” аналагі ў крамах.

Мяса і рыба. На рынках і ў адпаведных кіёсках вам пакладуць набытае ў вашыя пакеты. Хаця, канешне, гэта выйсце адноснае, бо папяровыя пакеты працякаюць, а пластыкавыя, пасля рыбы ці мяса нават на збор смецця часцей за ўсё не прыгодныя. Затое салёную сялёдку, якая ў крамах прадаецца толькі ў пластыкавых кантэйнерах, на рынках можна набыць, як кажуць, “з бочкі”. Неабходна мець з сабой шкляны слоік.

Гарбата і кава – у сетках Bungalow і Чайкоф, дзе заўсёды ёсць папяровыя пакункі. Ды і зноў жа – можна прыйсці са сваімі.

У кожным раёне нашага гораду ёсць невялікія рынкі, дзе можна набыць садавіну і гарадніну. Прыйдзецца, напэўна, патраціць дадатковыя двадцаць хвілін на шлях да рынку. Але за смятанай, кавай і заправамі ўсё ж прыйдзецца ехаць на Цэнтральны рынак.

Якая альтэрнатыва пластыку?

Старэйшае пакаленне ўспамінае, як у савецкі час “на разліў” прадавалі не толькі сялёдку, але і малако, смятану і алей. У дадатак успомніце пра апараты з газіроўкай, дзе стаялі звычайныя шклянкі. Праўда, асабліва гігіенічным тыкі варыянт не назавеш, і наўрад ці ён будзе карыстацца папулярнасцю ў сучасных аўтаматах з кофе (калі б тэхналагічна гэта і было магчыма). Ды і ў крамах ніякіх пластыкавых бутэлек не было. Кефір і малако – ў шкляных. Смятана ў шклынях і папяровых. Сок, зноў жа, у шкляных літровых і трохлітровых слоіках. Канешне, гэта не так зручна, як выкарыстанне пластыку. Аднак з пункту гледжання экалогіі, а таксама і здароўя (бо некаторыя віды пластыкаў з цягам часу ўступаюць у хімічныя рэакцыі з прадуктамі, змешчанымі ў іх) гэта прывабная альтэрнатыва.

Калі ж казаць пра “тэхналагічнае” выйсце, то яно даўно вядомае – выраб біяразлагаемых пакетаў. У Гомелі такія можна набыць у гіпермаркеце Гіппа, праўда толькі вялікага памеру. Маленькія “майкі” наўрад ці атрымаецца знайсці, як і папяровыя пакеты. Але і гэты першы званочак дэманструе, што і гандлёвыя сеткі ў стане пераходзіць да выкарыстання такой экалагічнай упакоўкі. Праблема толькі ў тым, што яны ў гэтым не вельмі зацікаўленыя.

У цэлым жа – пытанне пластыка і асабістая спроба зменшыць яго колькасць, канешне, ускладняе працэсс набыцця харчовых і прамысловых тавараў, і змяншае камфорт іх выкарыстання. Аднак гэта – ваш асабісты крок да больш экалагічнага і больш здаровага жыцця, бо напрыклад вы падумеце наконт адмовы ад шэрагу паўфабрыкатаў, розных газіровак і знайнай часткі кандытарскіх вырабаў, якія без пластыкавай упакоўкі не прадаюцца. А ўзамен пачнеце больш спажываць натуральных прадуктаў, за што ваш арганізм скажа дзякуй!

Автор:
Фотограф:
absolvo.ru, activatica.org, usamodelkina.ru, valeology.tv, richpurseonline.atspace.eu
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость