19.11.2018 / 13:11

Абаронцы Нацыянальнага парка «Прыпяцкі» ладзілі фотаконкурс «Скарбы Прыпяцкага краю», каб прыцягнуць увагу да праблемаў вакол ахоўнай тэрыторыі. На фота аўтары мусілі адлюстраваць прыроду Нацпарка альбо стасункі людзей з прыпяцкай прыродай.

Паводле словаў аднаго з удзельнікаў журы, беларускага экажурналіста, экс-галоўнага рэдактара часопіса «Родная прырода», рэдактара і выдаўца газеты «Белавежская пушча», Валера Дранчука, важна разумець, што прыпяцкія скарбы зараз у бядзе, прыпяцкія скарбы просяць дапамогі.

Скарбы-SOS! Менавіта так я б акрэсліў сэнс таго, што адбылося. Скарбы Прыпяцкага краю набылі канкрэтыку і адметнасць. Дый чыннік спаборнасці варта як мага развіваць - конкурсаў, на жаль, бракуе. Надалей, пажадаў я, варта паглыбляць і завастраць тэму. Бо калі сёння чуеш такое наскае слова "скарбы", чамусьці думаеш, што гэтыя скарбы ў вялікай бядзе. Мяне найбольш уразіў кадр Алены Паклонскай з назвай «Ловушка». На ім – пастка, у якую ў былым запаведніку ловяць жывёл, каб звозіць у вальеры для палявання. Гэтая фатаграфія літаральна крычыць: “Людзі, абдумайцеся!”, – сказаў Валер Дранчук.

Ловушка Алена Паклонская, без месца
Ловушка Алена Паклонская, без месца

Адна з арганізатарак фотаконкурсу, экаактывістка і была супрацоўніца Прыпяцкага запаведніка, таварышка Зялёнай сеткі, заолаг Інэса Балоціна спадзяецца на тое, што ўдзельнікі працягнуць звяртаць увагу на тое, што адбываецца з прыродай Нацыянальнага парка і дапамагаць актывістам зберагаць былыя запаведныя лясы, рэкі, лугі, балоты ў найболь бспечным стане.

Удзел у конкурсе маглі ўзяць менавіта жыхары прылеглых да “Прыпяцкага” раёнаў – Жыткавіцкага, Петрыкаўскага, Лельчыцкага, Столінскага і Мазырскага. Арганізатары атрымалі больш за 100 працаў ад болей як 50 аўтараў. З іх журы выбрала 25 фінальных працаў, якія і знайшлі сваё месца на мазырскай выставе.

Культурніцкая прастора “Даліна анёлаў”, што размесцілася ў старажытным кляштары цыстарцыянаў пачатку XVIII стагоддзя, ласкава прымае шматлікія мазырскія актыўнасці. Яна, разам з ГА “Багна” і Жыткавіцкім раённым аддзяленнем ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” выступіла і адным з арганізатараў фотаконкурсу “Скарбы Прыпяцкага краю”. Кіраўнік пляцоўкі Аляксандр Баранаў, звярнуў увагу на тое, што сама Прыпяць зараз у небяспецы. І было б добра, каб такі конкурс стаў традыцыйным і прыцягваў увагу да самой вялікай палескай ракі.

Сонечны ранак. Ігар Ждановіч, першае месца
Сонечны ранак. Ігар Ждановіч, першае месца

Вядома ж, на адкрыцці ўсіх цікавіла, каго ж адзначыла журы і хто набраў найбольш галасоў ад заўзятараў. У выніку, прыз глядацкіх сімпатыяў а разам з ім і бясплатная экскурсія па Нацыянальным парку быў аддадзены Алене Каралец з вёскі Верасніца, што на Тураўшчыне.

Дыпломам за трэцяе месца ўзнагароджаны Арцём Гусеў – фотакарэспандэнт газеты “Петрыкаўскія навіны” – адзінай “раёнкі” Гомельшчыны, якая дагэтуль цалкам выдаецца на беларускай мове.

Царэўна-мядзянка Арцём Гусеў, трэцяе месца
Царэўна-мядзянка Арцём Гусеў, трэцяе месца

Уладальніцай другога месца стала Вольга Харытановіч з тураўскага “прыгарада”, вёскі Запясочча, і безумоўным пераможцам амаль усімі чальцамі журы прызнаны фотааматар Ігар Ждановіч з Мазыра.

Торжество весны зеленой Вольга Харытановіч, другое месца
Торжество весны зеленой Вольга Харытановіч, другое месца

Аўтары фотаконкурсу шчыра вераць, што ў асобах удзельнікаў набылі шчырых сяброў унікальнай прыроды палескай пярліны на Прыпяці – Нацыянальнага парка “Прыпяцкі”, а экалагічных праблемаў, якія патрабуюць пільнай увагі грамадства зараз у гэтага кутка нашай Радзімы вельмі шмат.

Автор:
Фотограф:
Арцём Гусеў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость