19.12.2017 / 14:12

Гродна наведаў вядомы блогер Антон Матолька, які падчас сустрэчы распавёў пра сваю дзейнасць у вырашэнні лакальных праблем. Ён узгадаў і пра свой удзел у ліквідацыі вялізнай лужыны, якая яшчэ пару гадоў таму захапіла адно з "выдатных мясцін" у Слоніме і сустракала яго гасцей побач з чыгуначным і аўтобусным вакзаламі.

Матолька нагадаў, што 22 снежня 2015 года ён па просьбе знаёмага змясціў у сваім твітары запіс: "Просто лужа. Просто Слоним, Беларусь. Прямо перед зданием вокзала. Добро пожаловать". Акрамя таго, ён напісаў ліст на электронны адрас Слонімскага райвыканкама.

"Адказалі, што нічога не атрымаецца: няма грошай, усё дрэнна. Добра. Тады я другі раз напісаў зварот. У адказ: мы падумаем, можа закладзем у бюджэт. Добра. Тады пішу на адрас Гродзенскага аблвыканкама: давайце вырашым праблему, водаадвод зрабіць не дорага. Яны: "Так. Далі прадпісанне, паспрабуем зрабіць". Пачынаюць прыходзіць адказы.

Колішняя лужына каля вакзала ў Слоніме. Фота Антона Матолькі
Колішняя лужына каля вакзала ў Слоніме. Фота Антона Матолькі

У выніку на актыўную перапіску сышло месяцы тры. Яны прыбралі гэтую лужыну. Знаёмы прыязджае і кажа: "Не паверыш, усё выканалі. Толькі яны вось гэты водаадвод зрабілі, а рашотку не паклалі". Я проста пішу: Дзякую вам за выкананне. Я, канешне, усё разумею, але давайце не буду цяпер пісаць у аблвыканкам, каб вы хутка маглі пакласці рашотку, каб маглі перасоўвацца калясачнікі, а таксама раварысты. Праз 10 дзён адказ: "Усё паклалі, прабачце, калі ласка". Вось такі прыклад лакальнага поспеху, калі перапіска рэальна адняла хвілін 15".

Таму Антон Матолька заклікае не пакідаць свае лакальныя праблемы толькі на ўзроўні кухні. Трэба як мінімум напісаць электронны зварот у райвыканкам, тым больш што сёння для гэтага асаблівых намаганняў прыкладаць не трэба. Калі гэта не дапамагае, то можна звяртацца ў аблвыканкам і так далей па ланцужку.

А мы нагадваем, калі вы сутыкнуліся з парушэннем экалагічнага заканадаўства і сваіх экалагічных правоў, альбо сталі сведкам высечкі дрэваў, забруджвання вадаёмаў, звяртайцеся на Зялёны тэлефон. Аператары пракансультуюць вас ды падкажуць алгарытм дзеянняў!

 

Источник:
Фотограф:
citydog.by
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость