Аляксей Душкевіч збіраўся наведаць Гародню ў якасці турыста. А «Гарадзенскі заапарк» быў адным з аб’ектаў запланаванай вандроўкі. Перад падарожжам юнак прачытаў на Інтэрнэт-старонцы заапарка, што пры жаданні магчыма стаць гаспадаром лісяняці.
Аляксей Душкевіч: – Я зайшоў неяк на сайт заапарка. Адкрыў раздзел „Крама”, у якім убачыў абвестку пра продаж лісяняці. Калі я гэта прачытаў, у мяне заняло мову ад захаплення, бо ліса — мой самы ўлюбёны звер з дзяцінства. Калі ўжо справа дайшла да афармлення дакументаў, я не верыў свайму шчасцю. Памятаю, як казаў супрацоўнікам заапарку: „Паглядзіце, якая яна ўсё-такі прыгожая і класная”. А яны мне ў адказ: «Бачым, што класная».
10-месяцовая Ніколь – так назваў сваю любіміцу хлопец — амаль адаптавалася да ўмоваў гарадской кватэры. Хоць час ад часу ў кантактах чалавека і драпежніка здараюцца кур’ёзы.
Аляксей Душкевіч: – Ніколь не любіць заставацца адна. Калі яе ігнараваць нейкі час, то яна можа адпомсціць. Часам перагрызае драты ад тэхнікі. А ўвогуле яна любіць скакаць па мэблі.
Аляксей Душкевіч рэкамендуе патэнцыйным гаспадарам лісянятаў развіваць у сабе цярпенне, паколькі працэс выхавання звера дастаткова складаны з-за гарэзлівага характару. Карміць лісяня рэкамендуецца кашамі і вараным мясам, бо сырое мяса з крывёй можа абудзіць у драпежніку звярыныя інстынкты.
Супрацоўнікі заапарку на інтэрнэт-старонцы «Гарадзенскага заапарку» інфармуюць, што прыплод лісянятаў прадаецца ўлетку. Усе ахвочыя стаць гаспадарамі прыгожых драпежнікаў павінны браніраваць будучых гадаванцаў загадзя.