20.01.2021 / 14:01

Зялёны партал пагутарыў  з сацыёлагам Генадзем Коршунавым і віртуальна “наведаў” яго семінар у Беларускім калегіюме.

Навуковец распавёў пра тры стадыі беларускага вулічнага пратэсту, пра тое, як ён прыгожа “здзьмуваецца” і як выраз “Беларус беларусу беларус” набыў супрацьлеглы сэнс.

– Спадар Генадзь, вы нядаўна пісалі ў Facebook, што пратэстныя маршы ператварыліся з нядзельных у штодзённыя. Ці маглі б Вы прааналізаваць тры формы беларускага вулічнага пратэсту – нядзельныя агульнагарадскія маршы, потым раённыя, і цяпер штодзённыя мясцовыя актыўнасці?

– Вялікія нядзельныя маршы мелі вялікі сэнс, таму што яны паказалі, колькі нас шмат. Паказалі нам самім, паказалі ўладам і ўсяму сусвету. Акрамя таго была вялікая псіхалагічная роля: людзі тыдзень чакалі, каб выйсці ў нядзелю разам з іншымі і атрымаць пазітыўны зарад.

Але з цягам часу, калі ўлада навучылася супрацьстаяць сілавымі метадамі гэтаму вялікаму фармату, маршы сталі раённымі. Я лічу, гэта добра, таму што на тыя вялікія маршы, пры ўсёй іх маштабнасці, кожны выходзіў сам: была цэнтралізаваная інфармацыя праз вялікія ТГ-каналы, кожны выходзіў перш за ўсё сам, пасля ўжо грамада збіралася і рушыла.

А на раённых маршах такая індывідуалізацыя і “цэнтралізацыя” ўжо не працавала. Людзі вымушаны былі на сваім узроўні (раённым, дамавым, дваровым) вучыцца выпрацоўваць і ўмацоўваць механізмы гарызантальных сувязяў з суседзямі. Гэта вельмі карысная рэч. Вялікія Тэлеграм-каналы сталі непатрэбныя, зараз вядуць рэй маленькія дваравыя і раённыя чаты.

Улада ціск узмацняла і такія вялікія раённыя маршы таксама сталі небяспечнымі. Гарызантальныя сувязі між людзьмі ўзнікалі паволі, але пад ціскам улады толькі ўзмацняліся. Людзі ўсё больш удасканальвалі мадэлі самаарганізацыі.

Малыя групы выдумляюць стратэгію пратэстаў, а потым яе маштабуюць. Узнікаюць групоўкі, якія дзеляць ролі: нехта распрацоўвае маршруты, нехта сочыць з дому за з’яўленнем аўтазакаў, нехта перадае навіны з Тэлеграм, пакуль іншыя на акцыі. Уявіць такое ў жніўні ці ў верасні было немагчыма. Гэта цудоўны досвед.

Пратэстныя акцыі ўмацоўваюць тую гарызантальную сацыяльнасць, якая цяпер выбудоўваецца. Я б нават сказаў, што гэта новае вымярэнне грамадзянскасці.

Я ацэньваю змену фармату з нядзельнага на штодзённы вельмі пазітыўна. Цяпер акцыі праходзяць кожны дзень, увесь час. Кожны дзень краіна пратэстуе. Такія “мігатлівыя пратэсты”, на якія ўладзе складана аператыўна зрэагаваць.

– А ці можна сказаць, што мы вярнуліся да фармату, які быў у жніўні, калі штодня нешта адбывалася: шэсці, ланцугі салідарнасці?

– Я думаю, не. Гэта ж былі зусім іншыя пратэсты. У жніўні людзі выйшлі, таму што гэта быў выбух непаразумення ў адказ на несувымерны гвалт. Людзі не разумелі, гэта быў проста эмацыйны выбух на маральна-этычнай базе. Кожны выходзіў, таму што проста не мог не выйці.

А зараз гэта ўжо самаарганізацыя самым натуральным чынам. І ў гэтым я бачу вялікую перспектыву. Гэта падмурак для будучай мясцовай улады. У той жа час, актыўнасць, якую людзі праявілі на працоўных месцах, складаючы лісты супраць гвалту ад імя сваіх арганізацый, запісваючы відэазвароты – гэта альтэрнатыва афіцыйным прафсаюзам, пакуль нефармалізаваная. Гэта ўмацоўвае карпаратыўны дух.

Эмацыйная хваля жніўня паретвараецца ў нешта іншае. Ёсць адчуванне моцы, патэнцыялу, але пакуль не заўсёды зразумела, як гэту моц можна выкарыстоўваць.

Напрыклад, на гэтай хвалі фактычна сфармаваліся беларускія дыяспары. Раней іх, можна сказаць, не было, беларусы за мяжой жылі раз’яднана, далучаліся то да рускіх, то да ўкраінцаў. Выраз “Беларус беларусу беларус” меў супрацьлеглы актуальнаму сэнс. А цяпер беларусы аб’ядналіся, ініцыявалі, напрыклад, адмову буйных фірм спансаваць чэмпіянат па хакеі, калі б ён прайшоў у нас, праціснулі Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, які падпісаў прэзідэнт ЗША.

Гэты пратэстны патэнцыял тым ці іншым чынам пакрысе дзяўбе сістэму на ўсіх узроўнях сацыяльнай арганізацыі, асабліва ў лічбавым вымярэнні. Лічбавая прастора падвойвае афлайнавую.

Сёння 90% пратэстнай актыўнасці праходзіць адразу праз лічбу. Яна перацякае офлайн, хоць гэта і складана ў цяперашніх умовах. Ва ўмовах рэпрэсій, якія імкнуцца да татальнасці, складана вывесці пратэсты на ўзровень, нашмат вышэйшы за латэнтны.

Але трэба рабіць хоць нешта і мы робім, па методыцы тысячы стрэлаў: спадзяемся, што хоць адна з тысячы пацэліць, калі не маем стралы, якая трапіць куды трэба з першага разу.

– А як навукоўцы даследуюць пратэсты? Якія ёсць інструменты?

– У навуцы чатыры глабальныя метады, якія, зразумела, дзеляцца на тыпы, віды і г.д. Але глабальных такіх чатыры: эксперымент, назіранне, апытанне і аналіз дакументаў. Пакуль большасць толькі назірае. Эксперымент немагчымы.

Можна зладзіць нейкае апытанне, і такія спробы робяцца, але ўдельнікі сакрэтных чатаў вельмі закрытыя. З іншага боку, ёсць цікавыя кейсы даследвання больш-меньш адкрытых лакальных тэлеграм-чатаў, што праводзіць Цэнтр Еўрапейскай Трансфармацыі. Таму можна казаць, што нешта робіцца, але гаварыць пра паўнавартасныя даследванні цяжка.

– Ці можна даць нейкія прагнозы аб лёсе беларускага пратэсту?

– Шмат аналітыкаў кажа, што зараз амаль любы трыгер, любая з’ява можа справакаваць новы выбух пратэстаў. Літаральна заўтра, паслязаўтра – у любы дзень можа нешта здарыцца.

Што “Пратэст здзьмуўся” кажуць са жніўня. Але як ён здзьмуецца, калі ніякія праблемы не вырашыліся? Людзей з досведам пратэсту цяпер мільёны, а што робіць ўлада, каб павырашаць назапашаныя супярэчнасці? Людзі не бачаць ніякіх спраў, акрамя гвалту і дзіўных карцінак у СМІ.

Автор:
Фотограф:
З архіву героя
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость