— Цэнтр Гомеля перагружаны транспартам. Машыны дамінуюць там, дзе мусяць хадзіць людзі. Мне, як жыхару горада, такая сітуацыя не спадабалася — я заняўся гэтым пытаннем.
Вынікі працы я выклаў у інтэрнэт-партфоліа на сайце Behance. Гэты праект – частка дыпломнай працы, якую я раблю са сваім сябрам у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарта Раманам Рошчанкам. Агульнай мэтай менавіта гэтага праекта была рэканструкцыя ўсяго цэнтра Гомеля, каб зрабіць яго больш жывым і прывабным для турыстаў і саміх гамяльчан.
— Якія праблемы характэрны для сучаснага Гомеля?
— Адна з самых вялікіх праблем – рэканструкцыя вуліцы Кірава, пасля якой стала фактычна немагчыма прайсці па ёй пешкі ці праехаць на ровары. На жаль, падобны падыход у адносінах да гарадскога асяроддзя і вуліц апошнім часам пануе сярод горадабудаўнікоў.
— Але аўтамабілісты кажуць, што стала лепей, а ўлады спасылаюцца на тое, што ў выніку павялічылася прапускная здольнасць вуліцы. Што тады не так?
— Так кажуць не ўсе аўтамабілісты. Некаторыя пабойваюцца там ездзіць, бо аварыі на ёй па-ранейшаму адбываюцца рэгулярна.
Да таго варта зразумець, што нельга рабіць рэканструкцыі такімі ахвярамі, калі адным – усё, а іншым – нічога. Безумоўна, трэба вырашаць праблемы аўтатранспарту ў горадзе, але гэта трэба рабіць так, каб не шкодзіць пешаходам і іншым удзельнікам руху. Трэба спрыяць і развіццю роварнага руху як больш экалагічнай, эканамічнай і здаровай для арганізму альтэрнатывы перасоўвання ў горадзе.
У ідэале на вуліцы Кірава варта было б прыбраць тыя развязкі, якія замінаюць руху раварыстаў і пешаходаў і пашырыць тратуары. Варта азеляніць яе больш і стварыць роварныя сцяжынкі.
Ёсць ідэя падзяліць рух на Кірава і Савецкай і зрабіць іх вуліцамі з аднабаковым рухам. Гэта дазволіць разгрузіць транспартныя плыні і пашырыць зоны для перасоўвання пешаходам.
— Як яшчэ можна пазбавіцца ад вялізнай колькасці аўтатранспарту ў цэнтры нашага горада?
— Адна з галоўных ідэй гэтага праекта – пусціць хуткасную дарогу ўздоўж лініі чыгункі з поўначы на поўдзень, у Навабеліцу. Гэта дазволіць разгрузіць цэнтр ад аўтамабіляў. Зрабіць гэта можна было б будаўніцтвам магістралі ад Кавальскага маста уздоўж ЗВП і лініі чыгункі праз Чырвонаармейскую і Прывакзальную на вуліцу Шаўчэнка.
Далей магістраль можна выцягнуць да Палескага маста, дзе на маю думку, можна было б стварыць кругавую развязку, паколькі для гэтага не трэба будзе нічога зносіць.
У нас атрымаецца сувязь горада поўнач-поўдзень у абыход цэнтра. Плюс і ў тым, што побач з чыгункай будзе мінімум неабходных рэгуляваных перакрыжаванняў, што дазволіць захаваць высокую хуткасць аўтатранспарту. Можна будзе вельмі спрытна праехаць да вакзала і не чакаць у корках ды на светлафорах Пралетарскай ці Савецкай вуліц.
Важным элементам якаснай транспартнай сувязі з’яўляецца і сканчэнне будаўніцтва Усходняга абыхода. Ён неабходны для больш зручнага перасоўвання між Валатавой і цэнтрам горада і Навабеліцай. Яго будаўніцтва дазволіць абмінаць цэнтр горада і тым, хто едзе ў кірунку Добруша ці ў Расію з поўначы.
— Сярод адзначаных праблем у горадзе вы ўзгадалі вырубку дрэваў і непрывабны від прывакзальнай плошчы. Наколькі істотныя гэтыя праблемы?
— На дадзены момант праблема з азеляненнем нашага горада адчуваецца вельмі востра. У свой час Гомель называлі «зялёным» горадам за наяўнасць вялікай колькасці дрэў і хмызнякоў уздоўж вуліц яго цэнтра, але праз пашырэнні транспартных магістраляў гэтыя насаджэнні часта ліквідуюцца. Але ж яны нясуць важную ролю і забяспечваюць дадатковы камфорт пры перасоўванні па горадзе, а таксама дадаюць непаўторны шарм асобным вулачкам. Без іх горад становіцца бяднейшы ў візуальным успрыняцці.
Ёсць праблемы і з прывакзальнай тэрыторыяй. Як кажуць мае сябры, каторым давялося пабываць у нашым горадзе, першае, што ім кінулася ў вочы гэта жахлівы рынак і неўпарадкаванасць плошчы перад вакзалам. Безумоўна гэтую прастору варта прадумаць больш дасканала і займацца яе добраўпарадкаваннем.
Наогул галоўная плошча горада і вакзал — вельмі важныя турыстычныя візітоўкі. Калі да нас прыязджаюць людзі, то яны бачаць не надта прывабную прывакзальную прастору і аддадзеную аўтамабілям галоўную плошчу. Гэта не спрыяе прывабнасці нашага роднага горада.
— Вы ўжо прапаноўвалі сваё бачанне рэканструкцыі плошчы Леніна з аднаўленнем разбуранага касцёла і пашырэннем пешаходнай часткі. Як змяніліся акцэнты ў гэтым праекце?
— Галоўная плошча Гомеля мае вялікае значэнне для ўсіх нас і гасцей нашага горада. Але зараз гэта ўсяго толькі аўтамабільная развязка і паркоўка, на якой пешаходам, на жаль, рабіць няма чаго. Побач месціцца ўваход у шыкоўны парк, але прыярытэт зноў-такі аддадзены аўтамабілям.
Мы хацелі б у межах нашага дыпломнага праекта зрабіць галоўную плошчу нашага горада цалкам пешаходнай. Гэта можна было б зрабіць шляхам стварэння падземнага аўтамабільнага тунэля з вуліцы Пралетарскай на праспект Леніна.
Тамтэйшы ландшафт дазваляе стварыць тунэль, хаця мы распрацоўваем і пытанне размяшчэння аўтамабіляў. Напрыклад, можна знесці Палац спорту і стварыць на яго месцы нейкі гандлёва-забаўляльны цэнтр з паркоўкай. Магчыма для рэалізацыі такога плана давядзецца знесці і будынак Белтэлекама і пусціць дарогу з праспекта Леніна ў бок вуліцы Працоўнай.
Затое тады на плошчы тады можна будзе ўзнавіць касцёл, і цікава бавіць час у камфортным асяроддзі, а не атачэнні машын.
Мы разглядаем і варыянт стварэння падземнага прахода з боку Лебядзінай сажалкі ў бок станкабудаўнічага завода пад вуліцай Пралетарскай. Так з цэнтра горада можна будзе адразу трапіць на набярэжную.
— Якія ідэі яшчэ можна было б рэалізаваць у цэнтры горада?
— Мне вельмі падабаецца вуліц Шпітальная (колішняя Каўказская). Яна мае цікавы рэльеф, які ва ўмовах вельмі раўніннай Беларусі адразу вылучаецца. Таму ў гэтым месцы я б размесціў нешта значнае з боку гледжання культурнай ці грамадскай актыўнасці.
Зараз у гэтым месцы будуюцца жылыя гмахі, але ж цэнтр горада не мае быць цалкам забудаваны высоткамі, тым больш блізкія да ракі абшары. Няхай там будуць цікавыя для людзей аб’екты і ўстановы, а не спальныя мікрараёнчыкі.
Мне таксама хацелася б вярнуць гістарычнае разуменне горада шляхам вяртання вуліцам іх старых назваў.
Вуліца Камісарава была раней вуліцай Паскевіча, які шмат зрабіў для горада. Той жа праспект Леніна калісьці называўся Замкавай вуліцай. Гэта адразу адсылае ўсіх да таго, што ў горадзе ў свой час быў свой замак. Калі людзі дазнаюцца пра гэта, то ў іх можа ўзнікнуць дадатковая цікаўнасць даведацца пра гісторыю Гомеля болей. Да таго ж савецкія назвы ёсць у кожным горадзе, а мы маем свае правераныя часам. Вяртанне гістарычных назваў дасць пэўнае адчуванне гораду і створыць дадатковы турыстычны патэнцыял.
Варта стварыць у Гомелі і квартал гістарычнай забудовы. Пры разумным падыходзе ў ім можна было б сабраць найбольш каштоўныя дамы, адрэстаўраваць іх і аддаць пад рэальна дзейсныя культурніцкія і забаўляльныя ўстановы. Тады гэта месца стала б кропкай прыцягнення людзей.
У праекце я зрабіў акцэнт на павелічэнні колькасці пешаходных вуліц. Сёння гэта толькі кавалак вуліцы Пушкіна, а я прапанаваў ідэю зрабіць пешаходнымі і вуліцы Ланге ды Камунараў. Аўтамабільны рух там не дужа інтэнсіўны, а ўздоўж гэтых вуліц знаходзіцца шмат цікавых аб’ектаў. Я перакананы, у цэнтры горада мусяць быць такія даступныя для прыемнага шпацыра вуліцы, дзе заўжды віруе жыццё, а не праносяцца аўтамабілі.
— Ці будуць гэтыя ідэі калі-небудзь рэалізаваныя?
— Хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць, што гэта ўсяго толькі нашыя ідэі, якія мы распрацоўваем у межах дыпломнай працы. Мы мусім паказаць нашым выкладчыкам цікавыя рашэнні ў горадабудаўнічай сферы і даказаць, што мы ўмеем распрацоўваць іх прафесійна. А вось ці возьмуцца за гэтыя ідэі кіраўнікі горада і архітэктары пакажа час. Магчыма, нешта з нашых распрацовак паўплывае на іх рашэнні ў будучыні.
Калі б частку гэтых ідэй удалося рэалізаваць, то Гомель стаў бы горадам для пешаходаў і раварыстаў у цэнтры, які прыемна наведаць і турыстам. Гэта быў бы горад, у якім хапае цікавых месцаў для наведвання, дзе аўтамабілісты не дымяць выхлапамі прастойваючы на светлафорах у цэнтры і хутка дабіраюцца да сваёй мэты.
Выніковы праект мы размесцім у інтэрнэце пасля сканчэння працы над дыпломам.