Сутнасць акцыі ў тым, што пакупнікі могуць набыць прадукты доўгатэрміновага захоўвання і здаць іх у спецыяльныя кантэйнеры, якія былі ўсталяваныя ў крамах і супермаркетах, або валанцёрам, якія там працавалі. У гэтым годзе да акцыі далучыліся сеткі MAXIMA, IKI, RIMI, LIDL і Utena prekyba, а таксама 256 неўрадавых арганізацый.
Як паведамілі арганізатары акцыі, падчас яе было сабрана і передана тым, у каго ёсць на гэта патрэба, прадуктаў на агульную суму ў 356 тысяч еўра. Асабліва адзначаецца ўдзел у акцыі жыхароў Марыямполя, Утэны, Алітуса, Кейдайняя, Таўраге, Плунге і Укмерге.
Пераважна ахвяраваліся макаронныя вырабы, алей, які арганізатары прасілі перадаваць у першую чаргу, а таксама разнастайныя крупы. У параўнанні з мінулым годам, як сцвярджаецца, аб’ём ахвяраванняў вырас на 40 адсоткаў. Сярэдні кошт ахвяраванай карзіны склаў 4,44 еўра. Самыя дарагія перадачы пры гэтым рабілі жыхары Вільнюса, Электрэная, Шылутэ і Вісагінаса.
Сабраныя падчас акцыі прадукты былі накіраваныя ў аддзяленні Caritas у Каўнасе і Ракішкісе, «Дзіцячую вёску SOS» Вільнюса, а таксама ў арганізацыю Vilties arka у Паневежысе. Акцыя «Maisto Bankas» прайшла ў 379-і гандлёвых кропках 74-х гарадоў Літвы.
Харчовыя банкі – гэта сусветная дабрачынная акцыя, падчас якой збіраюцца прадукты харчавання для найменш абароненых слаёў насельніцтва. Падчас яе прымаюцца ў тым ліку прадукты, чый тэрмін прыдатнасці хутка скончыцца, але валанцёры ўважліва сочаць за іх якасцю. Затым прадукты перадаюцца дабрачынным арганізацыям, якія ўжо размяркоўваюць іх.
Ідэя харчовых банкаў дапамае і экалогіі. Яна дазваляе спажыўцам не выкідаць прадукты, тым самым павышаючы нагрузку на індустрыю пераапрацоўкі побытавых адходаў.
Упершыню харчовыя банкі з’явіліся ў ЗША ў 1967 годзе, а ў 1983 годзе ініцыятыву падхапіла і Еўропа. На сёння дабрачыннай справай займаюцца 34 краіны, у тым ліку 17 еўрапейскіх, сярод якіх і Літва.