20.05.2016 / 15:05

Матыяс Шыкхофэр 17 гадоў працаваў у найбуйнейшай у свеце прыродаахоўнай арганізацыі «Greenpeace»​. Ён прыдумляў і каардынаваў акцыі ўтрапёных актывістаў супраць знішчэння джунгляў Амазонкі ды ядравых выпрабаванняў у Ціхім акіяне. Летась гэты аўстрыец выдаў кнігу, прысвечаную апошнім першабытным лясам у Еўропе. 34mag.net злавіў Матыяса падчас ягонага кароткатэрміновага візіту ў Беларусь і запытаўся, навошта людзям быць eco-friendly.

— Як ты пачаў працаваць у галіне аховы навакольнага асяроддзя?

— Я правёў дзяцінства на поўначы Аўстрыі, у даліне ракі, акружанай лясамі. Зыходнаю кропкай стаў фотаапарат, які я атрымаў падлеткам ад бацькі, — гэтак я пачаў вывучаць прыроду, гледзячы праз лінзу камеры. Пазней у Вене я тусаваўся са студэнтамі, якія бралі ўдзел у кампаніі для захавання альпійскай даліны ад будаўніцтва аўтастрады. Гэта прывяло мяне да «Greenpeace». Там я працаваў з 1991-га да 2008 года і шмат чаго даведаўся ад усіх гэтых натхняльных, бадзёрых, моцных, звар’яцелых і адначасова мудрых людзей — сваіх калегаў. Спачатку мая праца ў гэтай міжнароднай НДА канцэнтравалася на праектах у Аўстрыі ды рэгіёнах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, пазней я ў асноўным браў удзел у працы найвышэйшага кіраўніцтва. У Вене я скончыў факультэт псіхалогіі, што дазволіла мне зразумець механізмы ўспрымання людзьмі экалагічных пагрозаў. Псіхалогія таксама карысная, каб патлумачыць сабе, як ствараюцца сацыяльны рух і рознага кшталту аб’яднанні ды як вырашаюцца праблемы.

— А можаш прыгадаць самыя цікавыя кампаніі, якія ты ажыццявіў?

— На жаль, мая роля дырэктара камунікацыйных кампаніяў прадугледжвала працу ў офісе, а не на месцы. Так што большую частку часу я правёў у Амстэрдаме, Вене, Браціславе і Варшаве. Тым не менш я ўзначальваў кампаніі для спынення высякання трапічных лясоў у Амазонцы, супраць скіду баку «Brent Spar» у Паўночнай Атлантыцы, для захавання дзікай арктычнай прыроды і спынення нафтавай прамысловасці на Алясцы і ў Сібіры ды праект супраць ядравых выпрабаванняў у Ціхаакіянскім рэгіёне. Гэта меншая частка працоўных праектаў, вядома.

У 2009 годзе я займаўся каардынацыяй нямецкага праекта пад назваю «Cонечны холад». Кажучы проста, мы стваралі лядоўні на сонечных батарэях, якія могуць працаваць у пустэльні цягам шматлікіх гадоў. Гэтая прылада карысная, напрыклад, у бедных афрыканскіх краінах, асабліва ў шпіталях для захоўвання лекаў. Мы з камандаю правялі пэўны час у даліне Мугуру, адным з найбяднейшых рэгіёнаў Кеніі, дзе шанцы на развіццё вельмі сумнеўныя — гэта быў інтэнсіўны і эмацыйна цяжкі перыяд для мяне.

Сярод самых цікавых кампаніяў, у якія я быў уцягнуты, — ініцыятыва грамадзянаў Аўстрыі супраць увозу і продажу генетычна мадыфікаваных арганізмаў. Мы дасягнулі 1,23 млн афіцыйна зарэгістраваных подпісаў, адбылося некалькі перамоваў з урадам — і Аўстрыя па-ранейшаму вольная ад ГМА.

Былі таксама акцыі на атамных рэактарах у Чэхіі, Славакіі ды Венгрыі супраць выкарыстоўвання атамнай энергетыкі ў будучыні ды міжнародныя кампаніі для захавання апошніх старажытных лясоў — у Фінляндыі, Канадзе, Інданезіі, Швецыі і Бразіліі. У 2007–2008 гг. я быў адказны за каардынацыю і камунікацыю ў межах міжнароднай кампаніі «Грынпіс супраць ГМА»  — гэтап таксама вельмі інтэнсіўная і натхняльная частка маёй кар’еры. У Беларусь я прыляцеў амаль адразу з востраву Барнэа, дзе займаўся фотадакументацыяй працы адмысловай школы для маленькіх сіротаў-арангутанаў. Там валанцёры вучаць жывёлінаў зноў лазіць па дрэвах і самастойна жыць у джунглях, якія паступова знішчаюць сусветныя карпарацыі дзеля пальмавага алею.

— Чаму ты лічыш, што дзейнасць у некамерцыйных праектах можа прыносіць карысць?

— Перш за ўсё, праца ў сектары аховы навакольнага асяроддзя — карысная не толькі для грамадства, але і для кожнага канкрэтнага чалавека: ты можаш рабіць нешта вельмі важнае для ўсяго чалавецтва і расці асабіста з этычнага пункту гледжання. Па-другое, калі мы не зоймемся пытаннямі змены клімату, ядравай пагрозы ды знішчэння экасістэмаў, то пакінем фатальны галаўны боль сваім нашчадкам. Ці не турбуюць цябе навіны аб катаклізмах і эпідэміях? Мы будзем сутыкацца з усё больш і больш цяжкімі эканамічнымі, сацыяльнымі і медычнымі бедствамі, калі не зможам у найбліжэйшы час абмежаваць шкоду, якую наносім прыродзе, вынішчаючы лясы ды марскія экасістэмы. У адзін цудоўны дзень нам папросту не хопіць паветра. А таму зніжэнне негатыўнага ўплыву на навакольнае асяроддзе — адна з найбольш важных і актуальных задач, якія стаяць сёння перад чалавецтвам, апроч барацьбы з галечаю, няроўнасцю і несправядлівасцю.

— А што наконт эканамічнага развіцця? Шматлікія скептыкі лічаць, што дзеянні эколагаў перашкаджаюць функцыянаванню гаспадарак і бізнесу.

— Захаванне прыроды мае імгненны станоўчы ўплыў на эканоміку і людзей. Ахова натуральных лясоў і багнаў дапамагае ў захоўванні вады, неабходнай падчас засухі, а таксама ў вывадзе з яе таксічных рэчываў. Захаванне дрыгваў і рэк, а таксама прырэчных раёнаў некранутымі абмяжоўвае наступствы паводак у населеных пунктах. Дрэвы і лясы ў гарадах забяспечваюць кісларод і ствараюць цень у гарачае і сухое лета. Гучыць банальна? Але ж праблема актуальная: шмат якія гарады Еўропы цяпер распрацоўваюць стратэгіі прыстасавання да змянення клімату, у асаблівасці да ўзмацнення сухіх і гарачых перыядаў увесну і ўлетку.

Ахоўныя прыродныя тэрыторыі могуць падтрымліваць і мясцовую эканоміку, бо яны вельмі прывабныя для турыстаў.

Гэткім чынам, пры адпаведным маркетынгу прырода можа прыносіць прыбытак, але трэба памятаць, што заказнікі мусяць быць толькі часткова даступныя: рух наведнікаў трэба абмяжоўваць сцежкамі.

— Я таксама ўпэўнены, што шмат якія жыхары планеты проста ганарацца «сваімі» прыроднымі скарбамі: гэтак некранутая прырода можа падтрымліваць ідэнтыфікацыю нацыі з рэгіёнам і канструяваць канцэпт «Радзіма».

— А наколькі ў цябе самога экалагічны лад жыцця?

— Я амаль заўсёды езджу на ровары, а калі гэта немагчыма, — на цягніку ці аўтобусам. У асноўным я не ем мяса, а калі ўсё ж здараецца, купляю арганічнае: яно даступнае ў Аўстрыі нават у супермаркетах, а гэта вялікі крок наперад таксама і для фермераў. Апроч таго, я падтрымліваю некалькі экалагічных ініцыятываў і кампаніяў кансультацыямі ды ўдзелам. Як журналіст і аўтар кнігі пра першабытныя лясы, я стараюся развіваць экалагічную свядомасць у грамадстве, сярод іншага, разам з сябрамі абараняю ўнікальны для Еўропы старажытны лес у Румыніі.

— Якія экалагічныя звычкі маглі б палепшыць выгляд Менску?

— Гледзячы на шырокія менскія праспекты, я, вядома, думаў пра пешаходаў і раварыстаў. Еўрапейскія гарады становяцца больш арыентаваныя на добрыя ўмовы для ўсіх людзей, а не толькі для аўтамабілістаў. Варта абмяжоўваць рост аўтамабільнага руху і рабіць ровары ды грамадскі транспарт больш прываблівымі для жыхароў. Гэта перш за ўсё зніжае шум, забруджванне паветра і небяспеку на вуліцах, а ў перспектыве значна паляпшае якасць жыцця. Памятаем таксама пра дрэвы, кісларод. У зялёным горадзе менш пылу, больш ценю ў гарачы час, у якім могуць схавацца і пажылыя людзі, і маленькія дзеці.

Думаючы пра глабальны кантэкст, варта ўзгадаць праблему выкарыстання энергарэсурсаў. Дзіўна, што ў Беларусі, дзе наступствы Чарнобыльскай трагедыі мелі велічэзныя маштабы, будуюць атамную станцыю. Падвышаную радыеактыўнасць дагэтуль можна выявіць у Аўстрыі, а мая краіна не пацярпела ад аварыі так моцна, як Беларусь. Я ўпэўнены, што сонечная энергія — ключ да энергіі будучыні: яна экалагічная і можа вырабляцца дэцэнтралізавана, а з павелічэннем маштабаў вытворчасці, напэўна, стане таннейшай. Пытанне толькі ў гатовасці грамадства інвеставаць ва ўласную бяспечную будучыню.

Источник:
Фотограф:
архіў
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость