20.05.2019 / 22:05

У рубрыцы “Нашы людзі” Зялёны партал расказвае аб актывістках і актывістах зялёнага руху Беларусі. Наша сённяшняя гераіня – светлагорская актывістка Алена Маслюкова.

“Я адкрытым тэкстам і сказала, што зяўляюся сябрам партыі БНФ”

Я нарадзілася ў Светлагорску і жыву тут усё жыццё за выключэннем часу, калі вучылася ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Вучылася я на аддзяленні гісторыі гісторыка-філалагінага факультэта і стала настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства.

Пасля сканчэння універсітэта ў 1988 годзе я атрымала накіраванне на радзіму і некалькі гадоў працавала недалёка ад Светлагорска ў рабочым пасёлку Сасновы бор, а пасля ўладкавалася працаваць у філію Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа. Гэтая філія ў Светлагорску працавала з сярэдзіны дзевяностых, і я выкладала там суветную гісторыю, гісторыю Беларусі, этнаграфію, сусветную матсацкую культуру.

Быў вельмі файны час – мне дужа падабаліся вучні і адукацыйная сістэма, якая панавала ў гэтай навучальнай установе.

На пачатку двухтысячных філію ў Светлагорску закрылі, а настаўнікаў перавялі працаваць у звычайныя школы. І з таго часу я працавала спачатку ў першай школе, а потым у дзясятай.

Працавала я там да таго часу, пакуль дырэктарка не вырашыла не працягваць са мной кантракт. За ўвесь час працы я ніколі не мела выракаў ці дысцыплінарных спагнанняў. Больш за тое, у мяне былі толькі падзякі, узнагароды і граматы.  Мяне нават аднойчы прадстаўлялі да граматы Міністэрства адукацыі, але на той час пачалося расфарміраванне Ліцэя, і грамата гэтая чамусьці мяне так і не знайшла.

На той час, калі я працавала ўжо ў дзясятай школе, дырэктарка вельмі агітавала мяне паўдзельнічаць у конкурсе “Настаўнік года” Светлагорскага раёна. Я, шчыра кажучы, не вельмі люблю такія справы, але яна так ужо ціснула на мяне, так прасіла, што я пагадзілася. Раённы конкурс я выйграла, і калі трэба было ехаць на абласны, дык трэба было запаўняць анкету. І некалькі пунктаў анкеты тычыліся такіх дадзеных, запытвацца пра якія, я лічу, было не надта этычна.

Там нешта пыталіся пра веравызнанне і палітычныя перакананні. Я тады адкрытым тэкстам і сказала, што зяўляюся сябрам партыі БНФ.

Увогуле, я была ў партыі ад самага яе пачатку і нават болей – спачатку ж быў рух “Усебеларускі народны фронт”, а ўласна партыя з’явілася пазней. Дык я была яшчэ і ў руху.

Знаеце, узгадваецца мне яшчэ адна палітычная гісторыя. Я прыйшла працаваць у школу ў 1988 годзе – яшчэ Савецкі саюз, але ўжо перабудова, вольнасць, пэўная дэмакратыя. І ў 1989 годзе я напісала заяву аб тым, каб выйсці з шэрагу ВЛКСМ. Мы ж усе тады былі ў камсамоле!

Значыцца, напісала я гэтую заяву, і мой муж таксама. Муж напісаў заяву на звычайным аркушы А4, а я ўзяла такі ж самі аркуш, толькі ў куточку быў бел-чарвона-белы сцяжок. І на гэтым аркушы напісала, што прашу мяне выключыць з арганізацыі ў сувязі з тым, што я не падзяляю яе поглядаў.

Гэта быў фурор, канечне. Як так? Настаўніца гісторыі, якая выхоўвае дзяцей! Ды як гэта магчыма!

Але ж нічога, аніякіх наступстваў не было. Мяне выключылі з ВЛКСМ да таго, як ён сканаў разам з Савецкім Саюзам, і я працягвала працаваць настаўніцай.

Так, пры выключэнні мяне з арганізацыі яны там нешта абураліся, але мяне калісьці яшчэ бацька прывучыў, што трэба думаць, аналізаваць і рабіць так, як я лічу неабходным, і не варта надта прагінацца. Калі б у нас людзі так учынялі, Беларусь ніколі не апынулася б у такім стане, у якім яна зараз знаходзіцца.

 

“Чалавек сам павінен навучыцца адстойваць сябе”

Колькі я працавала ў школе, я заўжды казала сваім вучням, каб яны мяне не баяліся: “Кажыце ўсё, што вы лічыце неабходным сказаць. Калі вы будзце памыляцца па фактах, я вас буду выпраўляць, а калі вы будзеце адстойваць свае погляды, дык за гэта я ніколі не буду нікога караць”.

Мне падаецца, што чалавек сам павінен навучыцца адстойваць сябе.

Быў у мяне такі яскравы выпадак: калі пачаліся сумныя падзеі ва Украіне, адна мая навучэнка неяк радасна ледзьве не крычала “Алена Аляксандраўна, а вы знаеце, Крым наш! Крым наш!”

Я сяджу, пасміхаюся, і думаю, што гэта ж адзінаццаты клас – яны вывучаюць найноўшую гісторыю, і я магу адысці недзе ўбок і пракаментаваць сітуацыю, якая адбываецца проста зараз, на нашых вачах. І я кажу той дзяўчыне: “Маша, скажыце мне калі ласка, вам асабіста што ўвогуле дае тое, што Крым чыйсці?”

Яна пачала распавядаць мне нешта пра сваё жыццё, кааць, што ў бацькоў там было і ёсць лецішча... І я ў яе зноўку кажу: “Маша, але ў вас гэтае лецішча было і тады, калі Крым уваходзіў ва Украіну. Што змянілася? Вы раней не маглі ездзіць на свой участак?”

Карацей, мы пагутарылі, але кожны застаўся пры сваёй думцы канечне. Дзяўчына, дарэчы, у тым годзе атрымала ў мяне дзевяць балаў. І вось калі я ўжо сышла са школы, мы з ёй неяк выпадкова сустрэліся на вуліцы. Яна тады была студэнтаў, вучылася ў БДУ на факультэце міжнародных зносін.

У яе толькі скончылася першая сэсія, мы ўбачыліся на вуліцы, і яна так усміхаецца і кажа “Спадарыня Алена, я так рада вас бачыць! Я хачу сказаць, што мабыць усё-такі вы мелі рацыю, а не я”.

Мне было вельмі радасна, што да новай пазіцыі яна прыйшла сама, а не я яе прыцягнула.

Мая паспяховая педагагічная дзейнасць скончылася тым, што я стала настаўнікам года, а праз некалькі месяцаў пасля гэтага мне паведамілі, што кантракт са мной працягнуты не будзе. Для мяне гэта было абсалютнай нечаканасцю.

Так, кантракт скончваўся, але я не разумела, чаму яго не працягваюць. Але я не стала ісці ў суд, бо вырашыла для сябе, што раз так здарылася, значыцца, так і мусіць быць. Буду займацца нечым іншым.

Муж мне сказаў: “Я табе дазваляю пасумаваць два тыдні, а пасля ідзі далей”. Шчыра кажучы, я сумавала значна менш, чым два тыдні.

Але ж што мяне на самой справе ў той сітуацыі напружвала – гэта тое, што я была класнай кіраўніцай у двух класах, і яны асталіся без мяне на апошні школьны год. Я адчувала сваю адказнасць перад гэтымі навучэнцамі і я вельмі хацела сама іх выпусціць.

Я вельмі перажывала, а вучні мяне дужа падтрымлівалі – яны нават разам з бацькамі хадзілі ў пракуратуру, каб вярнуць мне працу.

 

Вучні таксама хацелі збіраць подпісы

У 2011 годзе, калі толькі з’явілася інфармацыя, што будуць будаваць у нас завод беленай цэлюлозы, горад дужа раззлаваўся. Большасць людзей была супраць, і мы за месяц актыўнай дзейнасці – пакватэрнага збору подпісаў – сабралі 10 тысячаў 191 подпіс. А людзі ж удзень працавалі, так што абыходзіць іх мы маглі толькі ўвечары, ды і колькі ўвечары паходзіш  – гадзіны 2-3 максімум.

І тады мае ж вучні прасілі ў мяне падпісныя аркушы, каб таксама збіраць подпісы. Я кажу: “Вам нельга, вы ж непаўнагадовыя!” А яны мне на гэта: “Дык мы бацькам! Хай яны ходзяць і збіраюць на працы!” І яны збіралі.

Так я і трапіла ў зялёны рух. Але ж пакуль працавала ў школе, у мяне не было магчымасці актыўна і штодня гэтай справай займацца. І так супала, што калі я засталася без працы, тады і з заводам праблема стала больш вострай.

У 2014 годзе казалі, нібыта ў 2015 павінен запрацаваць завод, і мы пачалі маніторыць гэтую сітуацыю. І вось людзі, якія актыўнічалі яшчэ ў 2011, зноўку пачалі самаарганізоўвацца, а я іх падштурхоўвала да больш арганізаванай і актыўнай дзейнасці. Так нашая ініцыятыўная група дзейнічае і дагэтуль.

 

Якія б правы ні парушаліся, іх трэба бараніць

У 2015 годзе Алесь Бяляцкі запрасіў мяне ўзначаліць Светлагорскае аддзяленне праваабарончага цэнтра “Вясна”, і я стала спалучаць праваабарончую і актывісцкую дзейнасць. Але гэта ж вельмі сугучна! Калі парушаюцца правы – гэта заўжды вялікая праблема, і не мая вялікага значэння, ці то гэта экалагічныя, адукацыйныя ці грамадска-палітычныя правы. А ў нас так супала, што і першае, і другое, і трэцяе часта парушаецца, дык працы вельмі шмат.

Мы ж тут шматстаночнікі. Актыўных палітычных акцый людзі ў Светлагорску і не праводзяць, але да нас сутыкаюцца з самымі рознымі пытаннямі, звязанымі з нейкімі адказамі ўладаў на звароты, з затрыманнямі, нават з пытаннямі па камунальных плацяжах.

Людзі як даведваюцца, што можна атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю, звяртаюцца да нас. І канечне мы дапамагаем, нават калі зварот не зусім па нашым профілі. Я ж не магу сказаць: “Ідзіце адсюль, я іншымі пытаннямі займаюся!”

 

Факт абвалу даху хацелі схаваць

Кіраўніцтва заводу, канечне, падманвае нас. Калі нядаўна там абваліўся дах і з’явілася першая інфармацыя пра гэта, дык літаральна праз некалькі гадзін на сайце завода з’явіўся запіс з абвяржэннем абвалу.

Яны пісалі, нібыта завод функцыянуе, і на ім праводзіцца планавая замена сэндвіч-панэляў. Але ж гэта ўвогуле парадаксальная сітуацыя: завод афіцыйна яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю, а на ім ужо праводзяцца планавыя замены нейкіх панэляў.

Але я ўжо напісала шэраг лістоў з просьбай патлумачыць, ці можна ўвогуле давяраць афіцыйнай інфармацыі, якая ідзе ад кіраўніцтва завода, калі на сайце з’яўляецца допіс пра тое, што гэта планавая замена, а потым прыязжае прэм’ер-міністр і кажа, што частковы абвал даху ўсё ж адбыўся.

Я ўпэўнена на 100%, што факт абвалу яны хацелі схаваць. І яны ж не першы раз гэта робяць!

Калі ў студзені мы выявілі несанкцыяваныя злівы, і калі завод быў увесь заліты пенай, мы казалі, што гэта аварыя, а яны сцвярджалі, што гэта проста штатная сітуацыя.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость