Паніка і жаданне зрабіць хоць штосьці часта праяўляюцца як нармальная рэакцыя на трагічныя падзеі. Мы гэта бачым і цяпер, пасля падрыву Кахоўскай ГЭС, калі людзі з розных куткоў Украіны і з іншых краін хочуць даць новы дом уратаваным у затапленні жывёлам. Але рабіць хоць штосьці не трэба, трэба спачатку падумаць, наколькі сапраўды карыснымі будуць нашыя дзеянні.
Я зусім не збіраюся апранацца ў белае паліто і рабіць выгляд, што на мяне падрыў дамбы не паўплываў падобным чынам. Жывучы ў Латвіі, я ўжо на наступны дзень пасля падрыву была гатовая ехаць на польска-ўкраінскую мяжу дапамагаць мясцовым валанцёрам сустракаць новую хвалю ўцекачоў.
Але трэба было не рэчы пакаваць, а выдыхнуць і паглядзець на сітуацыю рацыянальна. Пагаварыўшы з валанцёркай, якая жыве ў Запарожжы, я даведалася, што большасць мясцовых альбо зусім не збіраецца нікуды з’язджаць, альбо часова пераедзе ў межах самой Украіны.
А яшчэ аказалася, што колькасць украінцаў і ўкраінак на межах не змянілася. Аб’ектыўна хвалі не было, і дапамога на мяжы не была патрэбная.
Затое трэба была іншая падтрымка – быць «вольнымі вушамі» для тых, каму трэба выгаварыцца, дапамагаць арганізоўваць збор сродкаў для пацярпелых.
Тое ж і з жывёламі – канечне, бясконцыя відэа сабак, катоў і іншых хатніх гадаванцаў, якіх спрабуюць ратаваць ад вады, разрываюць сэрца. Дужа хочацца ўсіх іх забраць, усім даць дом, усіх зрабіць шчаслівымі.
Вось толькі ў большасці з іх ёсць гаспадары, з якімі яны ў хуткім часе мусяць уз’яднацца. Пазбаўляць іх такой магчымасці, забіраючы жывёлаў да сябе, і асабліва ўвозячы кудысьці далёка, будзе проста жорстка.
Канечне, няправільна было б выкарыстоўваць у дачыненні да гэтага тэрмін дэпартацыя, але трэба памятаць, што як вываз дзяцей у расійскія сем’і быў дужа кепскай ідэяй, так і цяпер вываз жывёлаў у невядомым напрамку – ну... так сабе дапамога.
Я веру, што ўсе, хто хоча цяпер забраць херсонскага пса ці ката, робяць гэта з найлепшымі намерамі. Ці амаль усе (чыста статыстычна сярод такіх людзей лёгка могуць апынуцца жывадзёры).
Але трэба выдыхнуць і паглядзець на сітуацыю яшчэ раз, – а ці праўда гэта добры спосаб дапамагчы? Ці дакладна варта везці халера ведае куды пса ці ката, якога выцягнулі з вады, і які, пры правільным падыходзе, ужо праз пару тыдняў зможа зноўку быць са сваёй сям’ёй?
Затоплены дом і зруйнаваны выбухам дом – гэта вельмі розныя рэчы. Шмат якія затопленыя дамы будуць прасушвацца, і людзі зноўку будуць там жыць. Безумоўна, у патопаў ёсць свае спецыфічныя небяспекі, і не ўсе будынкі атрымаецца ўратаваць.
Але прыярытэт ва ўсіх сферах дапамогі мусіць быць на максімальнае захаванне таго, што было ў людзей да падрыву дамбы. І ў тым ліку важна захаваць жывёлаў.
Але гэта ж не значыць, што мы на вялікай адлегласці ніяк не можам дапамагчы. Правераныя профільныя ініцыятывы і арганізацыі, якім трэба фінансавая дапамога, можна знайсці тут і тут.
Ну, а калі вы сапраўды вельмі хочаце ката ці сабаку, звяжыцеся з мясцовым прытулкам ці валанцёркамі, якія дапамагаюць малым, што нараджаюцца на вуліцы. Кацяня з бліжэйшай падваротні нічым не горшае за кацяня, што перажыло затапленне ў Херсоне. І яму таксама трэба свой дом і свой чалавек.