Сотні ліквадаваных недзяржаўных арганізацый, знішчаныя палітычныя партыі – Міністэрства юстыцыі апошнія гады спецыялізуецца на зачыстцы ўсяго, да чаго можа дацягнуцца.
Не вельмі ясна, як пры такіх уводных дадзеных яшчэ не забаранілі самі мэты ўстойлівага развіцця, але мо акурат для гэтага Сяргея Хаменку Лукашэнка і прызначыў нацкаардынатарам?
Відавочна ж, што ўласна працаваць як каардынатар Хаменка не зможа – па-першае, ён для гэтага максімальна профнепрыдатны, па-другое, пра якое дасягненне мэтаў устойлівага развіцця ідзе гаворка ў краіне, дзе ледзь не цалкам знішчылі трэці сектар?
Ахова прыроды і тая прызнаная небяспечнай для Лукашэнкі і, адпаведна, не патрэбнай Беларусі.
Ну якія мэты ўстойлівага развіцця ў краіне, дзе масава па палітычных матывах звальняюць медыкаў, вакцыны выліваюць у ракавіны і проста малююць прыгожыя лічбы ў справаздачах, адмаўляюцца прымаць закон аб супрацьдзеянні хатняму гвалту, а змену клімату адмаўляюцца прызнаваць сур’ёзнай праблемай і кажуць, што ў Беларусі і Расіі ёсць свая версія экалогіі?
І маё улюблёнае – мэта ўстойлівага развіцця № 16 гучыць так: «Мір, правасуддзе і эфектыўная інстытуты». Адказны за дасягненне гэтых мэт будзе чалавек, які прафесійна руйнаваў інстытуты і наўпрост удзельнічаў у сістэме несправядлівых судоў.
Калі Беларусь усё ж далучыцца напоўніцу да Расіі ў вайне супраць Украіны, Сяргей Хаменка будзе адзін з людзей, на якіх павісне персанальная адказнасць за гэтую катастрофу.
Ён сваімі ўласнымі рукамі рабіў для Лукашэнкі стэрыльную прастору, у якой дыктатару не будзе замінаць ніякая дробязь. Прастору, у якой немагчыма стварыць скаардынаваны антывайсковы рух і немагчыма нават проста шырока распаўсюджваць праўду пра вайну і ваенныя злачынствы расіян.
Гэта ён рабіў так, каб палітычнае поле ўнутры Беларусі было выключна антыбеларускім, і каб не было аніякіх непадкантрольных дзяржаве асветніцкіх ініцыятыў.
Божа мой, і гэты чалавек цяпер напраўду будзе нацкаардынатарам па дасягненні мэтаў устойлівага развіцця!
Часам падаецца, што ўлады ў Беларусі проста тэстуюць, наколькі далёка можна зайсці ў абсурдзе, і гэта – яшчэ адна гісторыя з гэтай серыі. Быццам Лукашэнка са сваімі лакеямі сядзіць увечары, есці бульбу з рыбай і кажа «а давайце яшчэ гэта паспрабуем, вось ржака будзе!» І яны спрабуюць. І ім смешна.
А мы ў жаху – мы столькі гадоў працавалі, каб жыць у Беларусі было лепей, а цяпер глядзім, як нашыя напрацоўкі не проста знішчаюць, а яшчэ і здзекваюцца з нас у працэсе.
Бо ведаеце, можна проста ігнараваць мэты ўстойлівага развіцця, а можна паказальна размазваць усе свае абяцанкі па шкле, як прусака. Трансляваць на ўсіх экранах краіны, як ягонае цела пераўтвараецца ў безжыццёвую масу. Уключаць закадравы смех, які значыць толькі адно – «ну і што вы нам зробіце?»
Але мы можам і нават мусім нагадваць усім, што гэты чалавек не прадстаўляе інтарэсы Беларусі, і што ніякія ягоныя заявы нельга ўспрымаць сур’ёзна. Яго трэба разглядаць толькі як злачынцу, які, будучы міністрам юстыцыі, літаральна вёў дзейнасць, якая супярэчыць нацыянальным інтарэсам.
Трэба казаць, што ягоная адзіная рэальная задача як нацкаардынатара – гэта задавальненне Лукашэнкі. І ўсё, нічога больш няма.
А калі замежныя стэйкхолдэры будуць рабіць выгляд, што ўсё ў парадку, і будуць ставіцца да Хаменкі як да сапраўднага каардынатара, да якога варта прыслухоўвацца і чые пачынанні трэба падтрымліваць, – гэта будзе звычайная здрада ўсім нам. Вельмі хочацца верыць, што да гэтага не дойдзе.