21.07.2021 / 00:07

У аграгарадку Падароск Ваўкавыскага раёна можна паглядзець цудоўны палац з паркам і гаспадарчымі будынкамі. Дрэвы ў парку – высокія і старыя. Бачна, што пра расліны добра клапоцяцца.

Адна з найбольш вядомых турыстычных атракцый Ваўкавыскага раёна – аграгарадок Падароск. Упершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1522 годзе, у пераліку касцёлаў Віленскай дыяцэзіі. Храм тады быў драўляным. На яго месцы ў XVIII стагоддзі пабудавалі ўніяцкую царкву, якая цяпер належыць праваслаўнам. Але, як сапраўднае мястэчка, Падароск застаецца шматканфесійным: тут дзейнічае таксама касцёл, узведзены ў 1990-я. У Падароску захавалася старая местачковая планіроўка, цікавая драўляная архітэктура. На ўсю Беларусь вядомы тутэйшы палац.

Акрамя палаца ў сядзібна-паркавым комплексе, які ў розныя часы належаў шляхецкім родам Клочкаў, Грабоўскіх, Чачотаў, Бохвіцаў, захаваліся гаспадарчыя пабудовы. У добрым стане мураваная агароджа парку і брама. З 2013 года месца вядомае пад брэндам “маёнтак Падароск”: аднайменнае прыватнае прадпрыемства заснаваў новы ўладальнік Павел Падкарытаў, які ўзяўся за рэстаўрацыю будынкаў. Плануецца адкрыць у маёнтку музей шляхты.

Варта сказаць, што архітэктура аднаўляецца з вялікай павагай да дрэў, якія растуць у парку: тут шмат старых раслін, гледзячы на якія неяк адразу становіцца зразумела, што проста так іх секчы ніхто не будзе, да апошняй магчымасці будуць даглядаць і клапаціцца. Парк вельмі зацішны і атмасферны.

Маёнтак стаіць над запруджанай ракой Зэльвянкай. Падобна, што тут гатовыя прымаць не толькі турыстаў, якія цікавяцца гісторыяй, але і аматараў прыроды: у парку ўсталяваны тэматычныя інфармацыйныя стэнды. Паглядзіце фота і прыязджайце пагуляць!

Автор:
Фотограф:
Зялёны партал
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость