21.12.2023 / 16:12

Парады ад журналісткі Зялёнага партала аб тым, як выбраць елку ў кадцы.

Ілюстратыўнае фота
Ілюстратыўнае фота

Хвойнае дрэва перад тым, як яго зрубяць, расце некалькі гадоў, а пластыкавыя елкі хутка зношваюцца і становяцца дадатковай крыніцай забруджвання глебы.

Найбольш экалагічным варыянтам апошнім часам лічыцца елка ў гаршку, якую можна пасля святаў высадзіць у глебу. Аднак многія сутыкаюцца з тым, што дрэва не дажывае да вясны.

Насамрэч, расціць елку ў кватэры цалкам магчыма, але трэба паклапаціцца аб выкананні пэўных умоваў.

Журналістка Зялёнага партала падзялілася сваім досведам і падкрэсліла важныя моманты пры выбары хвойнай расліны. 

 

Як правільна выбраць хвойнае дрэва

«Першы раз мы з сям’ёй купілі жывую елку ў Мінску пяць год таму. Хацелася, каб гэты навагодні атрыбут быў экалагічным, і каб дрэва не скончыла свой шлях на сметніку.

Мы адразу паведамілі прадаўцу аб нашых планах пасадзіць елку вясной, і нам падказалі лайфхакі – як выбраць больш жывучую расліну. Аказалася, што галоўны сакрэт – у каранях».

Калі дрэва было перасаджана ў гаршчок перад тым, як паступіла ў продаж, то, верагодна, яно не выжыве. Лепш выбіраць ужо ўкарэненыя расліны.

Таксама варта звярнуць увагу на памер гаршка, таму што некаторыя заводчыкі занадта моцна падразаюць карані перад продажам, каб гаршчок выглядаў менш грувасткім. У такой расліны шанцаў на выжыванне амаль няма.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Таму, калі вы бачыце высокую елку ў непрапарцыйна маленькім гаршку, лепш удакладніць у прадаўца, ці не падрэзаныя у яе карані.

Таксама важна ўлічыць, якія віды хвойных дрэваў характэрныя для вашага рэгіёну, каб яно паспяхова прыжылася пасля пасадкі ў глебу.

 

Як даглядаць за жывой елкай

Пасля таго, як вы прывезлі елку дадому, не варта яе адразу ставіць у кватэры. Хвойныя дрэвы не любяць рэзкіх перападаў тэмператур, таму, калі вы купілі елку на вулічным базары, лепш спачатку змясціць яе на балкон.

«У маім выпадку мы паставілі елку на лоджыю. Тэмпература там была крыху вышэй, чым на вуліцы. Праз пару дзён мы перамясцілі дрэва ў дом, і толькі пасля гэтага пачалі ўпрыгожваць елку да Новага года».

Некаторыя эксперты раяць пачаць працэс адаптацыі елкі за некалькі дзён да святаў, каб дрэва паспела прывыкнуць да новых умоваў.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Калі вы ставіце елку ў кватэру, змясціце яе далей ад крыніц цяпла, такіх як батарэі, і рэгулярна палівайце расліну.

«У нас у кватэры зімой паветра даволі сухое, таму я рэгулярна апырсквала елку з пульверызатара. Прыкладна ў лютым на ёлцы з’явіліся новыя лапкі».

 

Калі лепш саджаць елку?

Пасля святаў рэкамендуецца вынесці елку на балкон, каб яна паступова прывыкала да новай тэмпературы. Пасадку лепш правесці вясной, але не занадта рана, каб глеба ўжо трохі прагрэлася.

«Нашую елку мы аддалі ў траўні сябрам, якія пасадзілі яе ў сябе на лецішчы. Елка паспяхова прыжылася.

Другі раз падобны эксперымент я правяла ўжо ў Варшаве. На ёлачным базары я параілася, якую елку лепш выбраць для пасадкі. Прадавец паказаў некалькі маленькіх дрэваў елкі звычайнай.

Я выбрала самую невялікую: па-першае, яна добра ўпісвалася ў маю маленькую варшаўскую кватэру, а па-другое, як мне патлумачылі раней, у маленькіх дрэваў больш шанцаў прыжыцца пры перасадцы на вуліцу. Увесну на ёлцы зʼявіліся новыя лапкі.

А ў красавіку я пасадзіла яе ў глебу. Для гэтага мы выкапалі ямку так, каб каранёвая сістэма змяшчалася поўнасцю. Першы месяц пасля пасадкі я перыядычна палівала дрэва, каб яму лягчэй было адаптавацца да новых умоваў».

Дарэчы, на ліку журналісткі Зялёнага партала ўжо дзве пасаджаныя ялінкі – адна ў Беларусі, і адна ў Польшчы. І гэта азначае, што парады працуюць.

Варшаўская елачка
Варшаўская елачка

 

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость