Зялёны партал занатаваў тэзісы, якія даследчыца агучыла падчас анлайн сустрэчы польскай ініцыятыва “Музеі для клімату”.
Большасць гэтых парад універсальныя, прыдадуцца фактычна любой арганізацыі. Некаторыя адаптаваныя пад музейную спецыфіку.
Неістотна, якая ваша асноўная тэматыка, вы ўсё роўна можаце паклапаціцца пра навакольнае асяроддзе
Калі ў вашым музеі няма залаў аб прыродзе, не праводзіцца тэматычных выстаў, гэта не значыць, што вам тэрмінова трэба мяняць місію, экспазіцыйны ці адукацыйны план, каб быць у эка-трэндзе. Вы можаце супрацьдзейнічаць змене клімату, змяніўшы сваю фонавую дзейнасць альбо праводзячы асобныя мерапрыемствы. Дзякуючы аўтарытэту ўстаноў культуры ў грамадстве можна мяняць стаўленне людзей да экалагічных праблем.
Музей можа стаць “агентам перамен”, карыстаючыся экалагічнымі рашэннямі ўнутры. Дастаткова зрабіць кіраванне інстытуцыяй хаця б трохі больш экалагічна ўстойлівым. Гэта можа праяўляцца ў штодзённых практыках, выкарыстанні адпаведных матэрыялаў і новых тэхналогій, абслугоўванні музейнага будынка, у планаванні фінансаў і аўдыце.
Кожны музейны супрацоўнік, на любой пасадзе, можа ўплываць на памяншэнне вугляроднага следу інстытуцыі. Кіраўніцтва павінна заахвочваць экалагічныя ініцыятывы “знізу”. Напрыклад, “Музеі для клімату” і “Культура для клімату” – тыповыя (польскія – рэд.) нізавыя ініцыятывы, якія паўсталі дзякуючы супрацоўнікам розных устаноў.
Можна падвышаць экалагічную свядомасць музейнага калектыву, наведвальнікаў, супрацоўнікаў устаноў, з якімі вы кантактуеце. Варта працаваць таксама з лакальнай супольнасцю вакол вашай інстытуцыі.
Гэта можа праяўляцца ў шэрынг-эканоміцы (буккросінг, гаражныя распродажы, супольнае карыстанне тэхнікай), агульных дзеяннях на карысць падтрымкі лакальнай экасістэмы (парадкаванне тэрыторыі, грамадскі агарод, азеляненне музея раслінамі ад суседзяў). Па магчымасці варта карыстацца паслугамі лакальных вытворцаў.
Будынак музея
Музеі часта месцяцца ў дамах з гісторыяй (у Беларусі такія будынкі могуць мець статус гісторыка-культурнай каштоўнасці ці не мець па нейкіх прычынах, але стаўленне да іх не павінна мяняцца з прычыны фармальнага статусу – рэд.) Гэтыя дамы часта вельмі вялікія, іх складана ацяпляць, на падтрыманне неабходнага для музейных прадметаў мікраклімату ідзе шмат рэсурсаў.
Пры гэтым не заўсёды пасуюць рашэнні з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў і тэхналогій. Але часам можна звярнуцца да традыцыйных, паўзабытых практык.
Напрыклад, збіраць дажджавую ваду для паліву музейнага кветніка. Заўсёды можна рацыяналізаваць ужыванне вады, электрычнасці, канцылярскіх і гаспадарчых матэрыялаў. Варта спрабаваць пераходзіць да аднаўляльных крыніц энергіі.
Інфармацыйныя тэхналогіі
Кажуць, што ІТ-рашэнні – самыя экалагічныя. Але д’ябал – у дэталях. Напрыклад, бяскрыўдны мэйл, для высылкі якога не трэба папера і паездка на пошту, тым не менш выкарыстоўвае рэсурсы сервера, правакуе ўжыванне вады і выкіды ў атмасферу.
Навукоўцы падлічылі:
1 электронны ліст = выкід 4 гр. СО2,
а 60 мэйлаў = 1 км, праеханы на машыне.
Таму варта памятаць пра экалогію інфармацыі. Націскаючы “Адказаць усім” замест адказа патрэбнаму чалавеку, мы павялічваем нагрузку на паштовы сервер і павялічваем вугляродны след. Тое ж самае – далучаючы ў канцы ліста лагатып замест тэкставай інфармацыі. Некаторыя ўстановы, дбаючы пра экалогію, ўсё часцей выкарыстоўваюць фармулёўку “Тут магла б быць карцінка, але яна б абцяжарыла гэты ліст на n Мбайт”.
На 96 % памяншаецца вугляродны след, калі слухачы адлучаюць камеры падчас анлайн сустрэч, а працуе толькі камера прамоўцы. Калі выступоўца каментуе сваю прэзентацыю, якую ўдзельнікі бачаць на экране, то таксама можа адключыць камеру (сама Эва Хаміцка так і зрабіла – рэд.)
Не варта пакідаць камп’ютары ў спячым рэжыме, бо яны ўсё роўна спажываюць энергію. Непатрэбныя ў дадзены момант wi-fi злучэнні з інтэрнэтам і між прыладамі лепш спыняць, бо яны садзейнічаюць хутчэйшаму разладаванню акумулятараў, а значыць – большаму ўжыванню электраэнергіі.
На вашым сайце паведамце, як дабрацца да музея грамадскім транспартам. Інфармацыя, якую прапануе ўстанова, уплывае на выбар віда транспарту наведвальнікамі. Варта арганізаваць паркоўкі для ровараў і таксама паведаміць пра гэта на сайце. Тады вы зможаце разлічваць на большую колькасць наведвальнікаў-раварыстаў. Велаінфраструктура заахвочвае і музейных работнікаў дабірацца да працы роварам.
Арганізацыя мерапрыемстваў і штодзённай працы
Мадэль “reduce, reuse, recycle” (абмяжоўвай, ужывай паўторна, перапрацоўвай) прыдатная ўжо на этапе планавання дзейнасці. Адмоўцеся ад лішніх мерапрыемстваў (у беларускім выпадку ў першую чаргу – ад мерапрыемстваў, якія праводзяцца “для галачкі” – рэд.), ад набывання рэчаў і матэрыялаў, без якіх можна абысціся.
Замаўляючы паслугі і кэтэрынг супрацоўнічайце з лакальнымі вытворцамі. Падумайце, ці будзе экалагічнай дастаўка кэтэрынгу. Выбіраючы партнёраў, рэкламадаўцаў і спонсараў, аддавайце перавагу экалагічным ініцыятывам.
Закупляючы матэрыялы для штодзённай дзейнасці і для мерапрыемстваў, выбірайце трывалыя рэчы, якія могуць яшчэ шмат разоў вам паслужыць. Наогул гэта парада датычыцца любых набыткаў. Правядзіце рэвізію: ці сапраўды трэба нешта новае? Можа быць, вашы старыя банеры яшчэ добра выглядаюць?
Мала ўвесці ва ўстанове ці на мерапрыемстве сартыроўку смецця. Трэба яшчэ патлумачыць, як гэта правільна рабіць. Кожная памылка, выкіданне не ў той кантэйнер, памяншае магчымасць перапрацоўкі.
Часам установы культуры здаюць свае пляцоўкі ў арэнду. Варта ўпісваць у дамову пункты, якія спрыяюць выхаванню экалагічнай свядомасці. Напрыклад, абавязаць арганізатара мерапрыемства, якое праходзіць у вашым музеі, выкарыстоўваць кантэйнеры для сартыроўкі смецця ці адмовіцца ад аднаразовага посуду.
Спадзяемся, беларускія ўстановы знойдуць у парадах польскай антапаложкі шмат карыснага.