Адзін з самых буйных гандлёвых цэнтраў горада «Сакрэт» не застаўся ў баку ад акцыі і зладзіў чароўнае вогеннае шоў ад тэатра Atesh для ўсіх ахвотных. Дапоўніў выступ фаернікаў і арт-праект Flash Lights.
Шмат гомельцаў далучыліся да акцыі проста адключыўшы электрычнасць на гадзіну з 20:30 до 21:30. З дапамогай гэтага сімвалічнага жэста людзі з усяго света спрабавалі прыцягнуць увагу да праблем змены клімата.
Гомельскі «Цэнтр рэгіянальнага развіцця ГДФ» сумесна з навінавым сайтам «Моцныя навіны» далучыўся да «Гадзіны Зямлі» крэатыўным мерапрыемствам. Пры падтрымцы «Зялёнай сеткі» 19 сакавіка ў тайм-кавярні «Флэт» для неабыякавых гомельцаў быў паказаны фільм «Гісторыя рэчаў». Невялікае памяшканне ледзве змясціла ўсіх ахвотных: на мерапрыемства прыйшло каля 80 чалавек.
Галоўным госцем вечара быў вядомы беларускі музыка Атмараві. З дапамогай сваіх чароўных кампазіцый ён пераносіў прысутных далёка за межы памяшкання. Музычны стыль, у якім выступае Атмараві часта характарызуюць як эзатэрычны рок.
— «Гадзіна Зямлі» – вельмі цікавая ініцыятыва. Яна вельмі важная для нас тым, што злучае нас з усёй планетай. Гэткая глабалізацыя ў добрым сэнсе, – заўважыў музыка.
Іван Марозька, мэнэджэр ГДФ:
— Мне здаецца ўсё прайшло цудоўна. Так шмат людзей прыйшло і як мінімум даведалася пра тое, што такая акцыя наогул існуе. Каля 20 рэкламадаўцаў «Моцных навінаў», якія падтрымлівалі правядзенне флэшмоба, далучыліся да акцыі. У іх ліку і гандлёвы цэнтр «Сакрэт». У ім не толькі адключылі святло, але і за свае сродкі зладзілі для гомельцаў сапраўднае шоў для гараджан у межах «Гадзіны Зямлі».
Алеся Саматыя, удзельніца акцыі:
— Наогул было вельмі файна. Асобна мне спадабаўся фільм. У ім усё паказалі і прыгожа, і лаканічна, і даходліва. Я ніколі не думала пра ахову навакольнага асяроддзя ў гэтым ключы раней. Канешне спадабаўся і сам канцэрт.
Што датычна «Гадзіны Зямлі», то я не першы год удзельнічаю ў гэтай акцыі. Я лічу, што гэта найперш дае людзям магчымасць задумацца аб экалогіі і аб тым, што гэта – вельмі глабальнае пытанне. Мне здаецца чым больш будзе адбывацца такіх акцый, тым больш у людзей будзе магчымасцяў праявіць сваю цікаўнасць.
У межах сусветнага флэшмоба ў горадзе над Сожам таксама была адключана падсветка на будынках гарвыканкама, бібліятэкі імя Леніна, палацы Румянцавых і Паскевічаў, а таксама кампазіцыя «Маяк».