21.05.2015 / 02:05

Пра тое, што радыяцыя пагражае нам, наўрад ці трэба казаць. Наступствы Чарнобыльскай аварыі дагэтуль адчуваюць на сабе шматлікія беларускія сем’і. Але ж не толькі Чарнобыльская АЭС нясе нам пагрозу. Сярод крыніц радыёактыўнага выпраменьвання ёсць шмат рэчаў, якія на першы погляд падаюцца цалкам бяспечнымі.

Крыніцы небяспекі

Усе крыніцы выпраменьвання можна падзяліць на натуральныя і штучныя. Да натуральных адносяцца радыяцыя, якая трапляе да нас з космасу (14%), глебы (19%), паветра і ежы (17%). Штучныя крыніцы выпраменьвання — нашыя дамы, дакладней, будаўнічыя матэрыялы, (37%); медыцынскія працэдуры (13%) і рознае бытавое абсталяванне.

Наконт ежы — размова асобная. Усе і так ведаюць, што калі ёсць магчымасць праверыць прадукты на узровень утрымання радыёнуклідаў, то гэта абавязкова трэба зрабіць. З космасам і паветрам наўрад ці кожны з нас асабіста можа штосьці зрабіць, як і з глебай. Медыцынскія працэдуры робяцца з улікам іх неабходнасці і пад наглядам дактароў. А будаўнічыя матэрыялы згодна з нарматывамі павінны правярацца, як і ўжо збудаваныя дамы. Ці робіцца гэта і ці супадаюць афіцыйныя вынікі праверак з рэчаіснасцю — пытанні рытарычныя. Што застаецца? Рознае абсталяванне і рэчы, якія захоўваюцца ў нашых кватэрах.

Шмат у каго гэта выкліча пытанне: што ж такога шкоднага можа быць сярод хатніх рэчаў? Гэта розныя ўпрыгожванні, антыкварыят і старыя тэхнічныя прылады, якія шмат у каго ляжаць як памяць пра мінулае, а часам і проста як нікому не патрэбныя рэчы, пра якія даўно забыліся.

Вадалазны гадзіннік

Тэхнічнае абсталяванне

Шмат у каго з савецкіх часоў засталіся компасы, гадзіннікі, і іншае вымяральнае абсталяванне. Амаль кожны хоць раз у жыцці бачыў гадзіннікі, якія свецяцца ў цемры. Сучасныя мадэлі свецяцца дзякуючы фосфару, але ў мінулым часцей за ўсё для гэтых мэтаў выкарыстоўваўся так званы светасклад пастаяннага дзеяння (СПД), асновай якога з’яўляецца радый-226. Такія гадзіннікі і компасы могуць даваць фон да 10 000 мікрарэнген у гадзіну! А гадавы узровень радыяцыі, які атрымлівае ўладальнік такой прылады, не меншы, чым у працаўнікоў АЭС.

Але нават не гэта галоўная пагроза, а тое, што радый з’яўляецца краніцай радону — цяжкага газу, які не мае паху і які з’яўляецца адным з галоўных крыніц натуральнай радыяактыўнасці (з глебы радон трапляе ў паветра і назапашваецца ў закрытых памяшканнях, у тым ліку і ў кватэрах). Гэты газ вольна праходзіць праз гумовыя ізаляцыйныя элементы. А сам радый у выніку пашкоджання шкла гадзіннікаў можа забрудзіць шматлікія рэчы, якія захоўваюцца побач. У гэтым выпадку пагроза павялічваецца!

Гадзіннік

Як адрозніць прылады з радыем ад фосфарных мадэляў? Найлепшы сродак, канешне, праверка дазіметрам. Але калі такой магчымасці няма, проста пакіньце прыладу ў цёмным памяшканні. Фосфарныя гадзіннікі праз паўгадзіны пачнуць «тускнець», а вось радыевыя будуць свяціцца без зменаў яркасці. І ў гэтым выпадку іх абавязкова трэба праверыць наконт узроўню радыяцыі. І ні ў якім выпадку не выкідаць у сметнік, а аднесці ў адпаведныя структуры МНС.

Сярод больш рэдкіх, але таксама пакінутых ад савецкіх часоў рэчаў, небяспеку могуць утвараць сэкстаны (прылада для вымярэння геаграфічных каардынатаў), авіяцыйныя прылады, прыцэлы і таму падобныя ваенныя «артэфакты». Іх шматлікія мадэлі таксама утрымлівалі радый.

А вось старыя дымаапавяшчальнікі ўтрымліваюць торый. Больш небяспечна, чым сам фон ад такой прылады, яе пашкоджанне. У выніку яго торый патрапіць на іншыя рэчы.

Секстэн

Датчык абледзянення, прылада, якую можна сустрэць на старых дамах і заводах, з’яўляецца крыніцай стронцыя-90.

Ксенонавыя дугавыя лампы (ДКШС-3000) утрымліваюць радыёактыўныя электроды. Небяспека ад іх не вельмі вялікая, але ж лепей і ад іх пазбавіцца. Радыяактыўныя і лампы МН-3. А радыёлампы прамога напалу наогул утрымліваюць торый-232. Утвараюць сур’ёзную небяспеку, калі пашкодзіць іх корпус.

Лампы ДКШС-3000

Вальфрамавыя зварачныя электроды WT-20 утрымліваюць 2 дыаксіду торыя. Гэтага дастаткова, каб электроды давалі выпраменьванне да 100 мкР/Г.

Электроды лампаў старых кінапраэктараў утрымліваюць радыёактыўны стрыжань з торыем, які ні ў якім разе нельга разбіраць!

Датчык абледзянення

Небяспечнымі могуць быць і дробязі, якія добры гаспадар імкнецца ніколі не выкідаць, — розныя тумблеры амаль ад любых старых прабораў. У іх зноў жа можа ўтрымлівацца радый. І калі гэтыя тумблеры захоўваюцца ў дэмантаваным выглядзе, то радый трапляе на ўсё, што ляжыць побач. І самае дрэннае, што ён можа трапляць і ў арганізм. А гэта ўжо міна запаволенага дзеяння. За пару год ён можа цалкам зруйнаваць здароўе чалавека.

Дымаапавяшчальнік
Дымаапавяшчальнік

Канешне ж, крыніцай радыёактыўнага выпраменьвання з’яўляюцца часткі старых дазіметраў. Як пішуць у сеціве, некаторыя дадумваюцца захоўваць дома і іх. Навошта? Пэўна ж шкада выкінуць.

Прыцэл

А цяпер важная інфармацыя для моладзі. Зараз амаль усе сталі фатографамі. І некаторыя не спыняюцца на сучасным абсталяванні, а шукаюць рарытэтныя фотаапараты і аб’ектывы. Дык вось, значная частка аб’ектываў японскіх і нямецкіх фотакамер 1960-1970-х гадоў выпуску ўтрымліваюць торый. Візуальна адрозніць такія аб’ектывы можна па жаўтаватым адценні шкла аб’ектыва. Пасля 1970-х гадоў вытворцы сталі пераходзіць на нерадыёактыўныя рэчывы для пакрыцця гэтых лінз.

Аб'ектывы

Смяротныя ўпрыгожванні

Компасы ды ваенныя гадзіннікі многія нашыя чытачкі аднясуць да «мужчынскіх» цацак. Але ж і жанчынам не лішнім будзе прагледзіць свае ўпрыгожанні і розныя сувеніры, асабліва вырабленыя ў Азіі. Справа ў тым, што пра паходжанне розных камянёў, пярсцёнкі з якімі вырабляюць у Кітаі, часам не ведаюць нават самі вытворцы. А розныя «народныя промыслы» там не вельмі кантралююцца з пункту гледжання радыяцыйнай бяспекі. Ёсць і наогул абуральныя выпадкі, калі ў пярсцёнак з маленькім брыліянтам, «дасыпаюць» радыёактыўны парашок, каб каменьчык мацней зіхацеў! Ад такога ўпрыгожвання ў выніку апраменьвання хутка чарнее палец.

Бусы з каліем

Наогул, шэраг мінералаў і каштоўных камянёў можа быць радыёактыўным сам па сабе ці ў залежнасці ад месца здабычы. Напрыклад, чараіт, які можа ўтрымліваць элементы ўрану і торыю. Але часцей за ўсё радыёактыўнымі каштоўныя камяні становяцца ў выніку спецыяльнай апрацоўкі. Робіцца гэта, каб дадаць яркасці зіхаценню такіх камянёў ці іх малюнку. Часцей за ўсё радыёактыўным выпраменьваннем апрацоўваюць агаты, сердалікі, тапазы, алмазы, турмаліны і берылы. Бываюць і такія выпадкі, калі пад выглядам «гаючых» амулетаў прадаюць шкодныя для здароўя радыёактыўныя мінералы. Напрыклад, такі выпадак быў звязаны з кулонамі фірмы «Munami». У мінулым вытворцы каралёў выкарыстоўвалі калій-40, каб дадаць ім яркага зялёнага колеру.

Берыл

Памяць з пагрозай

Не толькі пярсцёнкі, кулоны і іншыя ювелірныя вырабы могуць быць небяспечнымі, але і розная кераміка і вырабы з шкла. У першай палове мінулага стагоддзя для фарбавання керамікі выкарыстоўвалі глазуру з утрыманнем урану! Яна давала прыгожы аранжавы колер посуду.

Шкло фарбавалі рэчывам з утрыманнем кобальту-60, дзякуючы якому такі посуд станавіўся цёмна-карычневым і… засвойваў да 1 000 000 рад гама-выпраменьвання.

Жоўта-зялёнае шкло выраблялася з дапамогай урану. З яго атрымліваліся прыгожыя попельніцы, вазы і розныя статуэткі, якія утрымлівалі да 6% уранавых соляў!

Карычневае шкло

Неглядзечы на сучасны жорсткі радыёактыўны кантроль на Захадзе, у сеціве можна знайсці звесткі пра шкодныя вырабы прамысловасці развітых краін. Напрыклад, пра вельмі тонкія лінзы для вачэй з утрыманнем… торыю! Пры доўгім выкарыстанні яны прыводзяць да слепаты. У нас, на шчасце, такія лінзы афіцыйна не прадаюцца.

Уранавае шкло

Уранавая глазура

Сувенір

Ці ўсё так страшна?

І напрыканцы невялікая рэмарка. Звычайныя цыгарэты могуць утрымліваць палоній-210 і свінец-210. І гэта не нейкія «сурагатныя», а шматлікія распаўсюджаныя маркі цыгарэтаў. Яшчэ адна нагода кінуць паліць.

Але ці працуюць усе гэтыя нагоды? Заўсёды знойдзецца хтосьці, хто пакажа на старога курца, які не памёр, прывядзе прыклады, калі гадамі насіліся тыя радыёактыўныя упрыгожванні «і нічога», і нават прыклады працы на савецкіх прадпремствах з тым самым СПД. Кажуць, што працаўнікі цягнулі гэтую фарбу дадому і размалёўвалі ёй дзіцячыя і елачныя цацкі і нават тапкі, каб свяціліся ноччу, і не трэба было доўга шукаць у цемры. Што было з уладальнікамі такіх цацак і тапкаў? А хто ж яго ведае — ніхто не вёў статыстыку. Як, напрыклад, у ЗША, дзе адна з фабрык гадзіннікаў на пачатку двадцатага стагоддзя размалёўвала цыферблаты радыёактыўнымі фарбамі. Пра шкоду такіх фарбаў ведалі гаспадары прадпремства, але не іх маладыя супрацоўніцы. Яны не толькі ўвесь час працавалі з фарбай, але і ўласна яе «елі», то бок завострывалі пэндзлік вуснамі. Амаль усе з іх памерлі ад раку ў перыяд з 1917 па 1926 гады.

Калі нам кажуць пра «натуральны» радыёактыўны фон, мала хто ўспамінае пра тое, што нават натуральны фон змяняецца ў выніку знішчэння азонавага слою і павелічэння колькасці розных прамысловых і бытавых крыніц радыяцыі. А ўстойлівасць чалавека, як і агульны імунітэт, у сярэднім зніжаюцца. І таму ўзаемадзеянне нават з адной з апісаных у гэтым артыкуле радыёактыўных рэчаў нясе сур’ёзную пагрозу здароўю. Таму радыяцыйны кантроль і веды — важныя сродкі асабістай абароны ад нечаканай небяспекі.

Автор:
Фотограф:
maxim-nm.livejournal.com, gibrid.su, mirkamnya.com.ua, radiation.domachevo.com, brodjagnik.livejournal.com, mk.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость