Працы па рэканструкцыі меліярацыйнай сеткі “Пагранічнік-2” саўгаса “Вердамічы” пачаліся ўвосень 2019 года, але потым спыніліся на некаторы час, а гэтай вясной аднавіліся.
Участак, які асушаецца, знаходзіцца ў ахоўнай зоне нацыянальнага парка (вёска Ціхаволя Свіслацкага раёна) і прымыкае да найстарэйшай запаведнай зоны ў беларускай частцы пушчы. Тут знаходзяцца самыя старыя ўчасткі пушчы на беларускім баку. Захаваць іх вельмі важна.
Белавежская пушча – адзіная прыродная тэрыторыя ў Беларусі, якая мае статус сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. І пакуль адны ўкладаюць сродкі ў аднаўленне яе гідралагічнага рэжыму, іншыя фінансуюць яго пагаршэнне.
Мясцовыя жыхары, актывісты і эколагі, занепакоеныя рэканструкцыяй меліярацыйнай сеткі, накіравалі калектыўны зварот у Нацыянальную камісію па справах ЮНЕСКА і Мінпрыроды з патрабаваннем спыніць работы і аднавіць парушаныя экасістэмы.
“Восенню, калі яны пачалі меліярацыю, грамадскія арганізацыі, актывісты паднялі гэтую праблему, — расказвае мясцовы жыхар, кандыдат біялагічных навук, Мікалай Чэркас, які таксама падпісаўся пад зваротам. — Былі дзве сустрэчы з праектантамі, потым з самімі меліяратарамі, з прадстаўнікамі нацпарку і Мінпрыроды. Хоць там не вельмі прыдатныя для сельскай гаспадаркі землі, глеба кепская, ураджайнасць нізкая, але паколькі ўжо ўзяліся за меліярацыю, то вырашылі працягваць. Аднак, каб зменшыць уплыў на запаведную зону, было дамоўлена, што на мяжы з ёй пабудуюць шлюз. Яшчэ адна праблема – тое, што сельскія гаспадаркі пастаянна скардзяцца, што палі, якія прымыкаюць да Белавежскай пушчы, вытоптваюць жывёлы — і ў той жа час тут жа асвойваюць новыя тэрыторыі, хоць гэта немэтазгодна".
АПБ разам з нацпаркам ужо 5 гадоў рэалізуе Прыродаахоўную праграму па Белавежскай пушчы пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (ФЗТ).
Каардынатар Праграмы Віктар Фянчук адзначае: “Праблема ў тым, што няма паслядоўнасці прыняцця рашэнняў у пушчы і ў іншых уладах, бо Сусветная спадчына — гэта каштоўнасць не толькі Белавежскай пушчы, гэта каштоўнасць і Пружанскага, і Свіслацкага, і Камянецкага раёнаў. Таму кожны, хто прымае рашэнні ў гэтых раёнах, павінен усведамляць гэтую значнасць і прымаць рашэнні паслядоўна, так, каб яны не толькі не шкодзілі, але і спрыялі экасістэмам пушчы”.
Для гэтага канкрэтнага праекта важна прыняць меры, якія мінімізуюць уплыў меліярацыйнай сістэмы на навакольныя лясы. А стратэгічна важна распрацаваць комплексны падыход для Белавежскай пушчы, дзе праблема недахопу вады вызначана як ключавая. Ён павінен уключаць не толькі аднаўленне гідрарэжыму ў межах пушчы, але і граматнае экалагічнае кіраванне ўсімі меліяратыўнымі аб’ектамі, якія на яе ўплываюць.
У рамках Прыродаахоўнай праграмы па Белавежскай пушчы сёлета плануецца ацаніць гідралагічны стан Белавежскай пушчы і выпрацаваць комплекснае бачанне па кіраванні воднымі рэсурсамі пушчы на найбліжэйшую перспектыву ў трансгранічным кантэксце, паколькі пушча месціцца на тэрыторыі дзвюх краін – Беларусі і Польшчы.
Гідралагічна гэта адзін звязаны масіў: ад нас вада цячэ ў польскую частку Белавежскай пушчы, якая існуе практычна дзякуючы гэтай вадзе. Таму некаторыя фактары могуць не ўплываць ці ўплываць мала на беларускую частку, а на польскі бок уплываць у істотнай ступені.