Гародніну вырошчваюць у парніках, якія топяць дровамі з дапамогай печак тыпу “буржуйка”. У халодныя ночы дровы падкідаюць кожныя дзве гадзіны і некаторыя гаспадары спяць проста ў парніках.
Альшанскія гуркі прадаюцца па ўсёй Беларусі і ў Расіі. Дзеля ранняга ўраджаю іх вырошчваюць з лютага. Спачатку ў “цяпліцах” (так завуць маленькія парнікі) гадуюць расаду. “Цяпліцы” топяць печкамі-“буржуйкамі” на дровах, як і вялікія “парнікі”.
У “цяпліцах” расада змяшчаецца на сталах і палічках. Потым яе перасаджваюць у “парнікі”, якія займаюць вялікія плошчы і не заўсёды змяшчаюцца побач з хатамі.
У “цяпліцы” і “парніку” звычайна драўляны каркас. Яны могуць быць накрыты поліэтыленавай плёнкай, ці, зрэдку – шклом. Шкляныя парнікі нават падсвечваюцца.
Парнікі топяць дровамі, на сезон хапае два–тры прычэпы. Першы ўраджай гуркоў здымаюць у красавіку. Вырошчваюць таксама перац, памідоры, капусту. Часам іх садзяць, калі агуркі ўжо прадаваць невыгодна, улетку. Некаторыя парнікі ў жніўні «засыхаюць», і тады альшанцы выпраўляюцца на заробкі. Вялікая частка ўсё ж застаецца дома і вырошчвае розныя культуры ў парніках да самай восені.
На Століншчыне, вакол Давыд-Гарадка, з Сярэднявечча жылі татары, пра якіх беларусы казалі, што тыя “добрыя гаспадары”. Яны вырошчвалі гародніну ў цяпліцах, але, канечне, не ў такіх маштабах, як сённяшнія альшанцы. Вялікія парнікі з’явіліся тут у 1990-я гады. Магчыма, гэта звязана з уплывам фермерскай культуры ЗША. У Альшанах яшчэ з міжваеннага часу дзейнічае абшчына хрысціян-пяцідзясятнікаў. Ці то вяскоўцы ездзілі на заробкі ў ЗША і прывезлі з сабой новую рэлігію, ці то сюды прыязджалі амерыканскія прапаведнікі.
У любым выпадку рэлігія прыжылася і альшанцы падтрымліваюць сувязь з ЗША, некаторыя вяскоўцы пераязджаюць туды жыць ці ездзяць на заробкі. У Альшанах таксама дзве праваслаўныя царквы. Праваслаўныя называюць пяцідзясятнікаў “баптысты”.
У 1990-х, калі парнікоў было яшчэ мала, гандляваць гуркамі было вельмі выгодна. Па Альшанах і навакольных вёсках ездзілі перакупшчыкі, і за адну здачу гародніны людзі атрымлівалі суму, на якую па тых часах можна было купіць лядоўню. Аднак, цяпер зарабіць добрыя грошы на гурках усё цяжэй. Некаторыя альшанцы трымаюць уласныя фуры і самі вязуць ураджай на продаж у вялікія гарады.
Парнікі трымаюць і пяцідзясятнікі, і праваслаўныя. Першым троху лягчэй: яны працуюць усёй вялікай сям’ёй. Праз рэлігійныя перакананні ў сярэдніх сем’ях альшанскіх пяцідзясятнікаў па 6–7 дзяцей, але бывае і па 15–17.
Цяпер у Альшанах жыве каля дзесяці тысяч чалавек. Населены пункт мае статус аграгарадка. Тут ёсць дзве школы, шмат крам і шапікаў, кірмаш, піцэрыя, цырульні. Стаіць бронзавы помнік гурку з надпісам “Я огурчик удалой, ест меня весь мир земной!”.
Гуркі трэба ацяпляць, паліваць цёплай вадой (для гэтага ля парнікоў ставяць вялікія цыстэрны), апрацоўваць ад шкоднікаў, палоць, збіраць. У халодныя ночы дровы ў печкі трэба падкідаць кожныя дзве гадзіны, каб парнік не астыў і гуркі не змерзлі. Некаторыя гаспадары спяць проста ў парніках, парамі. Некаторыя ходзяць з дому. Часам для працы ў парніках наймаюць работнікаў.
Вось тыповы альшанскі парнік. Плошча – 21*73 метры. Каля яго цыстэрна для падагрэву вады на паліў гуркоў. Топіцца дровамі.
Яго ацяпляюць некалькі печак, дым выводзіцца праз трубы. Каля кожнай “буржуйкі” складзены дровы, запас на ноч. Між градак з гуркамі – ложак для работніка, які топіць парнік уначы.
Альшанскія хлопцы ўжо ў 17–18 год «ставяць парніка», каб не браць грошы ў бацькоў. Дзяўчаты парнікоў не трымаюць. Затое ў 17–18 гадоў выходзяць замуж і дапамагаюць мужу. Хлапцы жэняцца, як толькі заробяць «з парніка» на асобны дом, у 20–22 гады. Раней на вяселле жытло маладым дарылі бацькі жонкі, а хлапцы працавалі на бацькоўскіх “плантацыях” да жаніцьбы. Дзяцей прывучаюць да працы з дашкольнага ўзросту.
Альшаны разрастаюцца. Плошчаў пад парнікі не хапае, вяскоўцы бяруць у арэнду землі ў навакольных палях. Там жа, пры парніках, вырастаюць новыя вуліцы.
Жыхары навакольных вёсках таксама трымаюць парнікі. Яны не такія вялікія, як у альшанцаў, часцей змяшчаюцца на падворках і спалучаюцца з традыцыйнай архітэктурай.