Затым былі званкі аб дапамозе ў Светлагорскі экалагічны цэнтр. Там патлумачылі, што птушку ўзяць не могуць з-за адсутнасці месца, але прынялі актыўны ўдзел у жыцці сыча. Былі абяцанні дамовіцца з Віцебскім заапаркам, каб уладкаваць малога там. Дарэчы птушка, пра якую ідзе гаворка, занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.
А пакуль птушачку прытуліла ў сябе на балконе сям'я Анастасіі. «Маленькі сыч сядзіць у скрынцы, есць сырое мяса, папярэдне вымачаныя ў вадзе, бо па-іншаму новага жыхара напаіць пакуль не атрымліваецца, — распавядае Наста. — Яшчэ ён есць яечны жаўток, спіць днём і корпаецца ў скрынцы ноччу. Нікога да сябе не падпускае, шыпіць і неяк пагрозліва шчоўкае дзюбай».
Як клапаціцца пра птушку і чым яе карміць, новыя гаспадары вывучаюць на старонках інтэрнэту. А таксама думаюць пра тое, куды падзець свайго гадаванца.
«Больш за трох дзён птушку трымаць дома непажадана, бо яна абвыкне і потым не зможа адаптавацца да натуральных умоў».
У выніку, спецыялісты з экацэнтра прапанавалі паспрабаваць выпусціць сыча ў лес.
«Савёнка праверылі на рэакцыю і хватку. Ён зможа сябе абараніць і накарміць», — з радасцю паведаміла Наста. Таму пташку адвезлі далей у лес і пакінулі ў натуральных умовах.
Дарэчы, мясцовыя жыхары расказваюць, што гэта не першы выпадак, калі крумкачы нападаюць на іншых жывёл. Так, праз дзень, калі выратавалі савёнка, крумкачы задзяўблі вавёрку.
Скаргі на шум ад крумкачоў паступаюць рэгулярна. Але, што рабіць з непрыемным суседствам, незразумела. З 15 красавіка ў Беларусі афіцыйна пачаўся гнездавы сезон у птушак. Ён ахоўваецца законам "Аб жывёльным свеце". Гэта значыць з 15 красавіка забаронена разбураць гнёзды і спілоўваць дрэвы, на якіх гняздуюцца птушкі. Працягнецца забарона да 15 лістапада.