Унікальнасць цэнтра ў тым, што ў яго сценах, нароўні з музейнай экспазіцыяй, працуюць тэхнічныя лабараторыі, якія дазваляюць праводзіць эксперыменты і вопыты, размяшчаць наглядныя матэрыялы, якія знаёмяць з перавагамі энергазберагальных тэхналогій. «Гэта аб'ект рэспубліканскага ўзроўню, дзе дэманструюцца прагрэсіўныя тэхналогіі, скіраваныя на мінімізацыю выдаткаў на паліўна-энергетычныя рэсурсы і ваду. Цэнтр створаны для навучання насельніцтва практычным навыкам па іх эканомнаму расходаванню», -– распавяла намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Таццяна Атрохава.
На стварэнне маштабнага дэманстрацыйнага аб'екта высокай энергаэфектыўнасці сышоў не адзін год. Праект стартаваў у 2012 годзе пры падтрымцы мясцовых уладаў і дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі. Тады ў ліцэі былі ўсталяваныя энергаэфектыўныя свяцільні і шклопакеты, праведзена мадэрнізацыя сістэмы ацяплення з устаноўкай адбівальнікаў за радыятарамі, тэрмастатычных вентыляў, змантаваныя фотаэлектрычныя панэлі, якія ператвараюць сонечную энергію ў электраэнергію. Пасля гэтага сюды пераехаў абласны музей энергазберажэння, які раней базаваўся ў Гомельскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным ліцэі машынабудавання.
«У цэнтры працуюць вучнёўскія канструктарскае і даследчае бюро, дзе плануюць праводзіць семінары для школьнікаў і студэнтаў. Таксама тут можна азнаёміцца з назапашаным досведам педагогаў у сферы выхавання культуры энергазберажэння, вынаходніцтвамі, якія можна прымяніць у навучальных установах і дамах», – дадала Таццяна Атрохава.
Паводле слоў першага намесніка дырэктара дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржкамітэта па стандартызацыі Віктара Акушка, які таксама прымаў удзел у семінары, тэма энерга- і рэсурсазберажэння вельмі актуальная. «Гэта справа дзяржаўнай важнасці. І моладзь трэба да яе далучаць з самага ранняга ўзросту, спачатку ў форме гульні, а потым яны зразумеюць, што ўменне эканоміць – неад'емная частка жыцця», – сказаў ён.
Рэспубліканскі семінар «Сучасныя тэхналогіі энергазберажэння: адукацыя, вытворчасць, светапогляд» праходзіў у Гомелі 17-18 сакавіка. Удзел у ім прымалі кіраўнікі і спецыялісты сістэмы адукацыі, дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі.
Удзельнікі азнаёміліся і з інавацыйным праектам сярэдняй школы №40 Гомеля «270 дзён беражлівасці», ацанілі укаранёныя ў вытворчасць перспектыўныя энергазберагальныя тэхналогіі ААТ «Гомельскі хімічны завод», прынялі ўдзел у прэзентацыі навучальна-практычнага цэнтра. У Гомельскім абласным Палацы творчасці і моладзі былі падведзены вынікі ІХ Рэспубліканскага конкурсу школьных праектаў па эканоміі і беражлівасці «Энергамарафон-2015».
Читайте также:
В Гомеле подвели итоги конкурса «Энергомарафон-2015»
По секрету всему свету: школьники и Химзавод расскажут гомельчанам о секретах энергосбережения