Усё часцей некамерцыйныя праекты, якія ствараюцца актывістамі і актывісткамі з розных сфераў, закранаюць адразу некалькі вялікіх сацыяльных праблем, і Е-cup – не выключэнне з гэтага правіла.
Спецыяліст па абыходжанню з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі і адказнаму спажыванню Павел Коўшаль прыдумаў, як ратаваць Беларусь ад пластыку і адначасова з гэтым даваць людзям з інваліднасцю магчымасць працаваць.
Ідэя гэтага праекта “выношвалася” каля года. Па словах Паўла, перш за ўсё да стварэння ініцыятывы яго падштурхнула занепакоенасць тым, што вялізную колькасць пластыкавых прадметаў мы выкарыстоўваем літаральна некалькі хвілін, а потым проста выкідваем. У лепшым выпадку выкінуты пластык будзе перапрацаваны, але часцей за ўсё такога кшталту смецце адпраўляецца проста на палігон.
Вырашыць праблему з пластыкавымі кубачкамі ў кавярнях хутка немагчыма пры ўсім жаданні. Справа ў тым, што яны робяцца з рознага пластыку, выкідваюцца звычайна бруднымі, і з-за гэтых і іншых асаблівасцяў іх нельга адсарціраваць і адправіць у перапрацоўку. Закупшчыкі смецця не хочуць браць іх у якасці сыравіны, бо выдаткі не апраўдваюць сябе. Таксама існуюць цяжкасці ў самім працэсе пераплаўкі некаторых пластыкаў.
“Я раблю гэта, бо лічу, што “мая хата не з краю”, і мне не ўсё роўна, што адбываецца навокал і ў свеце. На мой погляд, найвялікшая праблема цяпер – гэта змяненне клімату. Прычынаў шмат, і большасць з іх звязаная з нашым спажываннем, а смецце, асабліва аднаразовае, - гэта паказчык нашых апетытаў у спажыванні.”
Стварэнне кубачкаў прынясе жыхарам інтэрнатаў адчуванне далучанасці да чагосьці важнага
У інтэрнатах, дзе жывуць людзі з інваліднасцю, майстры будуць вырабляць кубачкі, а кавярні будуць іх рэалізоўваць за ахвярванні. Плануецца, што фіксаванай цаны не будзе, і аўтар праекту спадзяецца, што ахвярванняў людзей будзе хапаць не толькі на аплату матэрыялаў, але ўласна і на заробак майстрам.
Майстрамі стануць зацікаўленыя жыхары інтэрнатаў, і яны будуць працаваць пад наглядам ганчара ці нейкіх супрацоўнікаў інтэрната. Людзі, які з-за стану здароўя жывуць у падобных установах, аказваюцца практычна ў поўнай сацыяльнай ізаляцыі і не маюць магчымасці адчуць, што яны могуць прыносіць камусьці карысць. Стварэнне ж гліняных кубачкаў хай і не прынясе ім вялікіх грошай, але дакладна дасць адчуванне далучанасці да чагосьці важнага.
У ідэале, інтэрнаты будуць з часам выстройваць камунікацыю наўпрост з кавярнямі, і ім не спатрэбяцца трэцяі асобы для перамоваў. Такім чынам, роля Паўла – запусціць працэс. Але для таго, каб запусціць пілотны праект, у якім прымуць удзел адзін інтэрнат і адна ці некалькі кавярняў, трэба пазнаёміцца з кіраўніцтвам пілотнага інтэрната і дамовіцца пра практычную рэалізацыю праекта.
У інтэрнаце ў Пухавічах ужо ёсць ганчарная майстэрня, і ў найбліжэйшых планах Паўла – правесці перамовы з мясцовым кіраўніцтвам. Мяркуючы па досведзе іншых актывісцкіх ініцыятыў, звязаных з такога кшталту установамі, дабіцца дамоўленасцяў з адміністрацыяй інтэрната можа стаць адной з найвялікшых складанасцяў.
Безумоўна, працэс будзе значна прасцейшым, калі “той бок” будзе зацікаўлены ў тым, каб рэалізоўваць праект: “Найлепшы варыянт – знайсці такія інтэрнаты, якія першапачаткова будуць зацікаўленыя ў маёй ідэі. Трэба, каб супрацоўнікі, якія будуць задзейнічаны ў арганізацыі вытворчасці, мелі пэўную матывацыю, бо фінансавых выгодаў ад удзелу ў праекце яны не будуць атрымліваць”.
З кавярнямі ўсё прасцей: у Паўла ўжо ёсць дамоўленасць з культурным цэнтрам Корпус, які гатовы супрацоўнічаць і стаць пілотнай кавярняй у праекце. Таксама ёсць верагоднасць, што да ініцыятывы E-cup далучацца кавярні, якія ўжо ўдзельнічаюць у праекце My cup, please. Зрэшты, ад кавярняў для ўдзелу ў праекце патрабуецца менш, чым ад інтэрнатаў, так што дамаўляцца з імі, верагодна, будзе значна прасцей.
Сувеніры для турыстаў і кубачкі ў арэнду
Гліняны посуд – даволі папулярная і традыцыйная для Беларусі з’ява, і кубачкі Е-cup маглі б стаць добрым сувенірам для турыстаў. Хоць гліна – і не самы зручны матэрыял для посуду, які чалавек будзе насіць з сабой у торбе, але праблему крохкасці змогуць вырашыць адмысловыя чахлы. “Яны лёгкія для вырабу, і зноўку ж можна будзе прыцягнуць да працы зацікаўленых жыхароў інтэрнатаў.” – расказвае Павел.
Плануецца, што кубачкі будуць рабіцца метадам фармоўкі і, адпаведна, будуць мець аднолькавы знешні выгляд. Пакуль што іх будзе два віды: на 50 мілілітраў для эспрэса і на 200 мілілітраў для амерыкана і іншых напояў. А вось чахлам быць стандартнымі неабавязкова: іх можна рабіць рознай формы і з розным дызайнам.
У задумцы Паўла – рэалізаваць нямецкую сістэму “арэнды” кубкаў. Калі чалавек набывае напой, плаціць таксама залогавы кошт за кубак. Вяртаюцца грошы тады, калі кліент вяртае кубак. Але калі посуд так спадабаўся, што чалавек хоча забраць яго з сабой, ён можа зрабіць гэта без аніякіх згрызотаў сумлення ці прэтэнзій з боку персаналу кавярні.
Што трэба праекту?
Дызайнер і прафесійны ганчар, які распрацуе ўласна кубачак. Безумоўна, ратаванне свету ад пластыкавай катастрофы – гэта важная місія, але людзі не стануць набываць кубачак толькі дзеля ідэі. Прадукт мусіць быць прыгожым і прывабліваць пакупнікоў.
Піяршчык, які зробіць праект бачным. Нават найлепшыя ідэі могуць так і застацца ніколі не рэалізаванымі, калі пра іх не будуць ведаць навакольныя. Праекту вельмі патрэбны чалавек, які зробіць так, каб пра E-cup ведалі не толькі “свае людзі”.
Грошы, каб набыць матэрыялы і аплаціць транспартныя выдаткі. Не варта суцяшаць сябе ілюзіяй, нібыта ў інтэрнатах будзе ўсё неабходнае для вырабу кубачкаў. Матэрыялы давядзецца закупаць, і цяпер патрэбныя грошы мінімум на першую партыю. З часам праект стане акупаць сам сябе, але для яго запуску патрэбная фінансавая падтрымка.