22.05.2019 / 20:05

ААН абвясціла 22 мая Міжнародным днём біялагічнай разнастайнасці ў гонар прыняцця адпаведнай Канвенцыі ў 1992 г. Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб біялагічнай разнастайнасці амаль адразу ж, праз год, таму гэта – і наша свята.

Лозунг, пад якім святкуюць сёлета – “Наша біяразнастайнасць, наша ежа, наша здароўе”. Генеральны сакратар ААН Антоніа Гутэрас у афіцыйным звароце заявіў: “Ад асобных відаў да цэлых экасістэм, біялагічная разнастайнасць мае жыццёва важнае значэнне для чалавечага здароўя і дабрабыту. Якасць вады, якую мы п'ем, ежа, якую мы ямо, і паветра, якім мы дыхаем, – усё залежыць ад падтрымання свету прыроды ў добрым стане”.

Крысціна Палмер, выканаўчы сакратар Канвенцыі, дадае: “Біяразнастайнасць – частка нас, таму што мы, людзі, – частка прыроды. Без здаровай прыроды і біяразнастайнасці не бывае якаснага харчавання, а без якаснага харчавання – добрага здароўя. Існая глабальная сістэма забеспячэння прадуктамі усё больш разбураецца. А гэта паглябляе крызіс аховы здароўя. Палова людзей ў свеце недастаткова харчуецца, у тым ліку 160 мільёнаў дзяцей. Столькі ж пакутуе ад збыткоўнай вагі ці атлусцення. Адначасова каля траціны вырабленнай ежы псуецца ці выкідаецца.

Даказана, што нашы метады вырошчвання, перапрацоўкі, транспарціроўкі, ужывання і ўтылізацыі прадуктаў харчавання з’яўляюцца асноўнымі прычынамі дэградацыі зямель. Гэта, у сваю чаргу, – адна з самых сур’ёзных пагроз для біяразнастайнасці. За апошняе стагоддзе разнастайнасць відаў і генетычных рэсурсаў, што выкарыстоўваюцца для вытворчасці прадуктаў харчавання і ў сельскай гаспадарцы, значна скарацілася. Цяпер 75 адсоткаў энергіі, што мы атрымліваем з ежы, паступае ўсяго ад дванаццаці відаў раслін і пяці відаў жывёл. З памяншэннем біяразнастайнасці страчваюцца аграэкасістэмы і сістэмы ведаў, што ляжаць у аснове традыцыйнага рацыёну харчавання, большая частка якога па ўзроўні пажыўнасці пераўзыходзіць каларыйныя прадукты з малой колькасцю нутрыентаў, што сталі асновай спрошчанага сучаснага рацыёну.

Якімі б вялікімі ні былі гэтыя праблемы, іх можна вырашыць супольнымі высілкамі. Сувязі між біяразнастайнасцю, экасістэмамі і забеспячэннем здароўя чалавека замацаваны ў міжнародных абавязальніцтвах па абмежаванні страты біяразнастайнасці, стрымліванні зменаў клімата, і з’яўляюцца істотным пунктам Мэтаў устойлівага развіцця. Гэтыя сувязі будуць цэнтральнымі перадпасылкамі для распрацоўкі новай Глабальнай рамачнай праграмы ў вобласці біяразнастайнасці, якая, як мы спадзяемся, будзе прынята на Канферэнцыі ААН па біялагічнай разнастайнасці ў Куньміне ў 2020-м годзе”.

У Беларусі пакуль няма праблем з недахопам ежы ці пітной вады, але ёсць свае праблемы: забруджванне прадуктаў харчавання радыёнуклідамі і пестыцыдамі, абязвожванне тэрыторыі пасля меліярацыі, імклівае знікненне традыцыйных ведаў аб навакольным свеце. Веды сыходзяць разам з іх носьбітамі – старэйшымі беларусамі.

Акрамя самой Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці Беларусь ратыфікавала дадатковыя пратаколы да яе: Картахенскі і Нагойскі. Першы рэгулюе перамяшчэнне між рознымі краінамі жывых мадыфікаваных арганізмаў, што ўтварыліся з выкарыстаннем сучасных біятэхналогій і могуць паўплываць на біяразнастайнасць. Другі скіраваны на рэгуляванне дасягу да генетычных рэсурсаў і супольнае выкарыстанне выгод ад іх. Утрымлівае артыкулы па ахове традыцыйных ведаў, звязаных з генетычнымі рэсурсамі.

Дзень біялагічнай разнастайнасці адзначаецца 22 мая з 2001-га года. З моманту ўступлення ў сілу адпаведнай Канвенцыі 29 снежня 1993 г. менавіта гэтая дата лічылася Днём біялагічнай разнастайнасці. Аднак, краінам, што ратыфікавалі Канвенцыю, складана было адзначаць 29 снежня праз іншыя святы, што выпадаюць на гэты час. Таму ў канцы 2000-га года было вырашана перанесці святкаванне на 22 мая.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость