Як паведамляее Lesgazeta.by, у мінулым годзе яго намаганнямі быў зарэгістраваны Саюз пчалярскіх арганізацый Беларусі — «БелАпіЮніян».
Галоўнай мэтай арганізацыі Уладзіслаў Завальнюк бачыць дабаўленне ў беларускі каляндар нацыянальнага свята пчаляроў. «Мы збіраем пажаданні, подпісы, каб зрабіць гэтае свята каляндарным. Вось паглядзіце: амаль усе святы, что мы адзначаем, маюць небагатую гісторыю: ад рэвалюцыі ці таго карацей. А вось пчалярства ў нас існуе ўжо гадоў пад тысячу. Гэта наша гісторыя, наша адметнасць, наш нацыянальны звычай. Мы робім зварот да нашай улады, каб такое свята ўсё-такі было і адзначалася на ўзроўні ўсёй краіны», — кажа Уладзіслаў Мацвеевіч.
Дзякуючы гэтаму святу, упэўнены капелан беларускага пчалярства, можна ажывіць шматвяковую справу, і, магчыма, моладзь зацікавіцца мядовым промыслам, захоча застацца дома, у вёсцы, і займацца любімай справай, а не рвацца хутчэй у горад.
Штогод беларускія пчаляры збіраюць каля трох тысяч тон мёду. Гэта толькі 300—400 грамаў мёду ў год на чалавека. Гэта вельмі мала. У такіх краінах, як Германія ці Японія, спажываюць да 1,5 кг, у японскіх школах штодзённа дзецям даюць па 20 грамаў мёду. «Каб мёд заставаўся ў нас на стале, каб мы маглі частаваць ім дзяцей, трэба пчалярства папулярызаваць, — выказвае свае пажаданні ксёндз. — Ці ўзяць, напрыклад, спорт. Спорт і цукар — дзве рэчы несумяшчальныя. Дзіцячыя садкі, шпіталі, санаторыі — чаму б там не ўвесці мёд у меню?»
Каб адрадзіць цікавасць да пчалярства, «БелАпіЮніян» праводзіць сустрэчы, арганізуе канферэнцыі, штогод у першую суботу снежня ў Смілавічах збірае ўсіх пчаляроў Беларусі, каб пагутарыць, абмеркаваць і параіцца аб развіцці пчалярства ў Беларусі.
Дачыненне да пчол Уладзіслаў Мацвеевіч меў усё жыццё. Свая пасека была ў яго бацькі. Потым, ужо калі стаў ксяндзом, пры касцёле ўдалося дабіцца дазволу паставіць некалькі вулляў. Але гэта справа хутка скончылася: трымаць пасеку пры касцёле, у цэнтры горада, забаранілі.