23.11.2014 / 01:11

З просьбай аб прадастаўленні справаздачы грамадскае аб'яднанне "Экадом" звярнулася ў Дзяржатамнагляд і Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі.

Парушэнні былі выяўлены ў ходзе праверкі будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, якая праводзілася ў перыяд з 27 кастрычніка па 6 лістапада спецыялістамі наглядных органаў, паведамляецца ў прэс-рэлізе ГА "Экадом".

Па словах начальніка ўпраўлення нагляду за ядзернай і радыяцыйнай бяспекай ядзерных установак Дзяржатамнагляду Аляксандра Прыходзька, шэраг парушэнняў звязаны з правядзеннем гідраізаляцыйных работ, уваходнага кантролю абсталявання, будаўнічых, бетонных і арматурных работ, пры ўсталёўцы і мантажы грузападымальнага абсталявання. Таксама ён запэўніў, што ўсе парушэнні можна выправіць у ходзе далешых будаўнічых работ, што нават не запатрабуе іх прыпынення.

Грамадскія арганізацыі лічаць, што такога кшталту інфармацыя павінна насіць публічны характар і ўсе будаўнічыя работы неабходна спыніць.

Як зазначае член савету "Экадома" і адказны сакратар грамадскай экалагічнай экспертызы праекту БелАЭС Таццяна Новікава, парушэнні, пра якія заявіў наглядны орган, датычацца шырокага спектру істотных складаючых пабудовы АЭС і могуць надалей паўплываць на гэты працэс і на працу самой атамнай электрастанцыі. Эколаг бачыць прычыны парушэнняў у тым, што ўзвядзенне станцыі пачалося без распрацаванага архітэктурнага праекту і пэўнага ўзгаднення, таму каб пазбегнуць далейшых сур'ёзных праблем неабходна спыніць будаўніцтва, выявіць і прыцягнуць да адказнасці вінаватых.

Эксперты экалагічных НДА упэўнены, што без аналізу справаздачы комплекснай праверкі, нельга ацаніць на колькі сур'ёзны характар парушэнняў і ці патрабуюць некаторыя з іх тэрміновага спынення будаўніцтва. Аднак, яны звяртаюць увагу на тое, што неадпаведнасці абсталявання пры ўваходным кантролі на АЭС Олкілуота-3 ужо дастаткова дзеля таго, каб павялічыць тэрмін будаўніцтва станцыі праз вяртанне гэтага абсталявання французскім вытворцам.

Таксама ў прэс-рэлізе прыводзіцца каментар дырэктара шведскага недзяржаўнага Офіса па ядзерных адходам Miljöorganisationernas kärnavfallsgranskning (MKG) Йохана Свона ў дачыненні да таго, што ў Швецыі такога кшталту інфармацыя заўсёды публікуецца на сайце і накіроўваецца па запытах экалагічным арганізацыям. Тым больш, што яна сапраўды мае прамое дачыненне да экалогіі.

"Мы спадзяемся, што ў свеце рашэння Сустрэчы бакоў Архускай канвенцыі па Беларускай АЭС, органы прадаставяць нам такую інфармацыю", - кажа ў заключэнні Таццяна Новікава.

 

Автор:
Фотограф:
publicatom.ru
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость