Зараз у гняздзе 5 яек. Як хутка мы пабачым птушанят? Якія новыя клопаты будуць у бацькоў са з’яўленнем малых? Давайце сачыць за пустальгой разам!
На жаль, у камеры няма гука. Але назіраць за птушкамі ў любым выпадку цікава.
Birdwatch.by апісвае апошнія падзеі: самка пачала ліняць. Зараз яна не лятае далёка з-за клопатаў з будучымі птушаняткамі, таму гэта зручны час «пераапрануцца».
Гэтая птушка занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Даведка:
Палавы дымарфiзм: самец з папялістай галавой i верхам хваста, верх крылаў буравата-руды; самка ржава-бурая, крыху падобная да самкі сокала-дрымлюка. Маладыя падобныя да самкi. Ва ўсiх параўнальна доўгi хвост, пашыраны на канцы (у працiлегласць iншым сакалам), у самцоў — шэры з чорнай паласой на канцы, у самкі цалкам паласаты, рыжаваты з шэрым налётам, палосы карычнева-чорныя. Часта завiсае ў паветры i трапеча крыламi. Голас: прарэзлівае, крыклiвае «клi-клi-клi», у гняздзе «кі-лii». Даўжыня цела — 32-39 см, размах крылаў — 62-82 см.
Бiятоп: ускрайкі лясоў паблiзу палёў альбо групы высокiх дрэў сярод палёў, таксама ад тундры і лесатундры праз тайгу аж да стэпаў, саваннаў і нават пустынь. Звычайна пашырана на розных адкрытых тэрыторыях з дрэвамі або скаламі — вялікіх тарфяніках, травяністых тэрыторыях, прыморскіх дзюнах і скалістых узбярэжжах, уздоўж дарог і аўтастрад, а таксама рэк і каналаў паблізу сельгаспалёў альбо лугоў. У гарах — скалы са шчылiнамi па суседству з пашамi, высечкамі i да т.п. (на Урале — да вышыні 1200 м в.у.м., на Каўказе — да 3500 м в.у.м., у Еўропе звычайна ніжэй за 1000 м в.у.м.). Часам таксама на бязлеснай тэрыторыi з руiнамi высокiх пабудоў альбо ў гарадах.
Гняздо: размешчана вельмі разнастайна, займае гнёзды варон альбо iншых драпежных птушак, якiя пабудаваны ў вершалiнах высокiх дрэў. Гняздо вароны высцiлае дробнымi галiнкамi, мохам i травой — аж да выраўноўвання паглыблення. Гнёзды iншых драпежных птушак амаль не высцiлае. Уласныя гнёзды (у шчылiнах і нішах скал альбо на высокіх будынках, у вялiкiх дуплах, спарадычна на зямлі) высцiлае, як i гнёзды варон; часам высцiлка вельмi скупая альбо складаецца з парахнi. Часам гняздзіцца ў гнездавых скрынках.
Арэал: Палеарктыка (акрамя Сахары), Паўднёвая Iндыя, Паўднёвая Афрыка.
Месца зiмовак: Паўднёва-Заходняя i часткова Цэнтральная Еўропа, Паўднёвая Азiя, Афрыка.