23.10.2024 / 15:10

Выстава «Птушкі па-за палітыкай?», якая нядаўна прайшла ў Варшаве ў каворкінгу Free Belarus Center, адразу стала не проста культурнай падзеяй, але і важным сімвалам таго, як прырода і палітыка пераплятаюцца ў сучаснай Беларусі.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Гэта экспазіцыя, якая аб’ядноўвае мастацтва, інфармацыю і салідарнасць, паказвае, як змаганне за дэмакратыю і ахова прыроды становяцца адным і тым жа для беларусаў.

 

Калажы, што гавораць больш, чым пра птушак

Асноўным элементам выставы сталі калажы, якія праз вобразы птушак паказваюць не толькі прыгажосць беларускай прыроды, але і складанасць палітычнай сітуацыі. Як адзначыла куратарка выставы, прадстаўніца Koura Art Initiative, аб’яднання беларусаў-біёлагаў, якія жывуць у Германіі, Соф’я Кузьміч, праз міфалогію можна прасцей за ўсё растлумачыць сувязь паміж птушкамі і палітыкай.

Соф'я Кузьміч
Соф'я Кузьміч

«Птушкі – праваднікі паміж рознымі светамі: паміж Польшчай і Беларуссю, прыродай і палітыкай, дэмакратыяй і дыктатурай. І ўсе ведаюць птушак – яны зразумелыя і знаёмыя кожнаму», – падкрэсліла яна.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Праз калажы наведвальнікі маглі не толькі пазнаёміцца з прыродным багаццем Беларусі, але і зразумець, як моцна перапляліся лёсы людзей і прыроды ў час рэпрэсій. Кожная птушка тут стала адлюстраваннем лёсу актывістаў, якія зараз не могуць свабодна займацца сваёй працай па ахове навакольнага асяроддзя.

Адзін з найярчэйшых калажоў – «Рэвалюцыя пад белымі крыламі», дзе бусел сімвалізуе не толькі беларускую вясну, але і надзею на перамены ў краіне. Праз такія вобразы наведвальнікі маглі ўбачыць, як цяжка змагацца за прыроду ў краіне, дзе нават экалагічны сектар падвяргаецца рэпрэсіям.

 

Экалогія і рэжым: знішчэнне знутры

Выстава прапануе наведвальнікам пагрузіцца ў некалькі тэматычных блокаў, якія асвятляюць сувязь паміж экалогіяй і палітычнай сітуацыяй у Беларусі. Першы блок, «Прыродныя каштоўнасці Беларусі», вылучае ўнікальнасць экасістэм краіны: ад беларускіх балот, якія называюць «лёгкімі Еўропы» – да Палесся, вядомага як «Еўрапейская Амазонія».

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Далей увагу прыцягвае блок «Утылітарнае стаўленне да прыроды», дзе прадстаўлены прыклады таго, як улада карысліва выкарыстоўвае прыродныя рэсурсы. Ад разбурэння Альманскіх балот дзеля дарог – да незаконнай забудовы ў заказніку «Лебядзіны» – гэтыя факты паказваюць, як хуткія грошы перамагаюць экалагічныя каштоўнасці.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Трэці блок «Дзікая прырода і мігранцкі крызіс» закранае праблему Белавежскай пушчы і яе залежнасці ад палітыкі, дзе плот на мяжы з Польшчай становіцца пагрозай для дзікай прыроды.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Чацвёрты блок прысвечаны пераследу актывістаў і экалагічных арганізацый. Рэпрэсіі і ліквідацыя больш чым 120 экалагічных НДА сталі сапраўднай трагедыяй для прыродаахоўнай сферы ў краіне.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Не абышлі арганізатары ўвагай і тэму атамнай энергетыкі і вайны як экацыду, дзе паказаны амбіцыі Лукашэнкі і сур’ёзныя экалагічныя наступствы ваеннай прысутнасці Расіі ў Беларусі.

 

Экасістэмы без межаў і ахвяры рэжыму

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Адным з кранальных момантаў выставы стала магчымасць напісаць паштоўку зняволеным беларускім экаактывістам, якія зараз знаходзяцца ў турмах. Наведвальнікі змаглі падтрымаць людзей, якія займаліся аховай прыроды, і праявіць салідарнасць. Як адзначыла Соф’я Кузьміч, у Беларусі цяпер нават ахова прыроды стала небяспечнай дзейнасцю.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

«Гэта выстава пра людзей, якія сядзяць за кратамі не толькі таму, што яны палітычныя актывісты, але і таму, што змагаліся за ахову прыроды».

Гэта выказванне выдатна адлюстроўвае сутнасць праекта: абараняючы птушак, гэтыя людзі абаранялі свабоду для ўсіх.

Інфармацыя на выставе была прадстаўлена на двух мовах – беларускай і польскай. Гэта невыпадкова.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

«Палякі – гэта наша галоўная мэтавая аўдыторыя, таму што большасць беларусаў і так ведаюць пра сітуацыю на радзіме. Але палякі – на фоне мігранцкіх крызісаў, арганізаваных рэжымам Лукашэнкі – могуць пачаць губляць станоўчае ўспрыманне беларусаў», – зазначыла Соф’я.

На думку куратаркі, важна данесці да палякаў, чаму важна працягваць падтрымліваць беларускі дэмакратычны рух. Гэта дапаможа не толькі абараніць каштоўнасці, але і захаваць такія прыродныя скарбы, як Белавежская пушча ці Палессе.

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Праз экалагічны погляд Соф’я і каманда Koura Art Initiative спрабуюць вярнуць увагу на Беларусь у пазітыўным святле. Такая нейтральная тэма, як прырода, дазваляе казаць пра складанае, абапіраючыся на агульныя для ўсіх каштоўнасці.

Прырода не ведае нацыянальных межаў, але для яе абароны неабходны актыўны ўдзел грамадзян у дэмакратычных працэсах. У Беларусі ж сітуацыя іншая: рэжым знішчае не толькі грамадзянскія свабоды, але і экасістэмы. Напрыклад, з-за меліярацыйных праграм былі знішчаны вялікія тэрыторыі беларускіх балот, якія адыгрываюць ключавую ролю ў захаванні біяразнастайнасці.

Беларуская грамадская арганізацыя «Экадом», якая ўдзельнічала ў арганізацыі выставы, сама пацярпела ад рэпрэсій. Пасля масавых ператрусаў і арыштаў у офісе арганізацыя была ліквідавана. Аднак яе сябры працягваюць змагацца за экалогію і правы чалавека ў Беларусі, нават з-за мяжы.

 

Фінальны акорд: птушкі і палітыка – узаемазвязаныя?

Фота - аўтаркі
Фота - аўтаркі

Выстава «Птушкі па-за палітыкай?» уздымае пытанне, ці сапраўды прырода можа застацца па-за палітыкай. Але адказ відавочны: для Беларусі гэта немагчыма.

Ахова птушак і навакольнага асяроддзя становіцца часткай змагання за правы чалавека і свабоду. І пакуль у краіне дзейнічаюць рэпрэсіі, любы, хто змагаецца за свабоду прыроды, таксама змагаецца за свабоду людзей. 

Івэнт быў арганізаваны пры ўдзеле Koura Art Initiative, пры падтрымцы «Экадом», Беларускай Грамады РАЗАМ e.V., і Асацыяцыі аховы прыроды Германіі NABU e.V., у межах праграмы ArtPower Belarus, якая фінансуецца Еўрасаюзам. Выстава «Птушкі па-за палітыкай» ужо прайшла ў Берліне і Варшаве. Наступным месцам прыпынку будзе Вільнюс, дзе выстава адбудзецца 26 кастрычніка 2024 года ў творчай прасторы «Кропка» (Savičiaus g. 6).

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость