Зялёны партал паразмаўляў з беларускім бортнікам пра важнасць гэтай працы, клопат пра пчол і абвінавачванні ў эксплуатацыі казурак.
Нагодай для размовы стала навіна пра тое, что адмысловы савет пры Міністэрстве культуры нядаўна прызнаў бортніцтва элементам нематэрыяльнай спадчыны Беларусі. І гэта азначае, што бортніцтва будзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў нашай краіны.
Вялікую ролю працэсе адыграў Іван Восіпаў – заснавальнік установы развіцця традыцыйнага бортніцтва “Братэрства босых бортнікаў”.
Наш субяседнік не сумняецца, у будучыні бортніцтва будзе абараняцца не толькі беларускай дзяржавай, але і UNESCO.
Што такое бортніцтва і чым яно адрозніваецца ад пчалярства
Бортніцтва – гэта традыцыйная форма лесакарыстання, якая па сутнасці з’яўляецца першапачатковай формай культурнага пчалярства. Сама назва “бортніцва” пайшла ад слова “борця”, - так называецца штучнае дупло, якое робяць бортнікі для пчол у драўляных калодах. Але ж паміж цяперашнім пчалярствам і бортніцтвам ёсць вялікая розніца – мэта дзейнасці.
Бортніцтва па сваёй сутнасці – гэта працэс развядзення і ўтрымання пчол у натуральных умовах. У пчалярстве галоўнае – гэта здабыць прадукт (мёд, праполіс і інш.), а для бортнікаў мёд – прыемны бонус, якога часам можа і не быць. Атрымоўваецца, што бортніцтва – гэта лясны промысел, а пчалярства – галіна сельскай гаспадаркі.
Іван Восіпаў так апісвае стаўленне бортнікаў да сваё справы: “Сёння бортнікі лічацца дзівакамі, бо не атрымліваюць мёду. Мне шмат хто задае пытанне: “А дзе мёд?” Я адкажу так: а няма мёду. Сярод спадчынных бортнікаў ходзіць такі выраз: “Не я мёд збіраю, а пчала. А я з яе ласкі магу ўзяць трохі”. Вось тут і бачна, што галоўны прыярытэт у бортніцтве – пчала, а прадукты дзейнасці, такая як мёд і праполіс – гэта другаснае. Канечне, бортнікі збіраюць мёд, і хай не кожны год колькасць здабытку аднолькавая, але збольшага хапае на сям’ю, сваякам і часам нават трохі на гандаль. Але рызыкоўнасць гэтага промысла ў некалькі разоў большая, чым у сельскай гаспадарцы ўвогуле і пчалярстве ў прыватнасці, бо бортніцтва сапраўды моцна залежыць ад кліматычных умоў і іншых прыродных акалічнасцяў”.
Працоўныя цыклы бортнікаў таксама адрозніваюцца ад графікаў пчаляроў. Бортніцтва як промысел мае цесную сувязь з прыроднымі працэсамі і прыродным календаром. Канешне, і сельская гаспадарка наўпрост прывязаная да прыродных цыклаў, але ў ёй усё больш стандартызавана і уніфікавана, а бортнітнікі прымаюць больш інтуітыўных рашэнняў.
Увесну праца бортніка пачынаецца адразу пасля наступлення больш-меньш цёплага надвор’я (калі пчолы ўжо пачынаюць сваю актыўнасць), і скончваецца першы гадавы працоўны перыяд перад актыўнасцю раення (канец траўня-пачатак чэрвеня).
Пасля гэтага бортнік не турбуе пчол да глыбокай восені. Ён нават бліжэй, чым на пятнаццаць метраў, не падыходзіць да калоды, калі няма нейкай надзвычайнай сітуацыі і калоду не трэба тэрмінова рамантаваць.
Галоўнае правіла бортнікаў – мінімальны ўплыў і мінімальнае турбаванне пчол (нават дым стараюцца выкарыстоўваць паменей, каб не нашкодзіць і лішні раз не турбаваць пчол).
Атрымліваецца, што бортнік фактычна абслугоўвае пчол (чысціць ім каморы, прыбірае лішкі сотаў, рамантуе калоды, ахоўвае ад шкоднікаў). Як кажуць, бортнік суіснуе з пчалой - але не прыручыў яе.
Як бортніцтва звязана з біяразнастайнасцю і ўстойлівым развіццём
Іван Восіпаў кажа, што на тэму бортніцтва праводзілася зусім няшмат даследванняў, але і без вялікай колькасці навуковых прац можна вылучыць некалькі фактараў.
Па-першае, лес – гэта натуральнае асяроддзе для пчол, і бортнікі сваёй працай наўпрост дапамагаюць ім выжываць. Па-другое, пчолы, якія жывуць у лесе, спрыяюць дастатковаму апыленню раслін.
Па розных ацэнках, калі пчолы ў лесе прысутнічаюць масава, а не адзінкава, гэта дазваляе павялічыць прадуктыўнасць лесу да 15%, і экасістэма атрымліваецца больш устойлівай.
Па-трэцяе, бортніцтва ўскосна ўплывае на пашырэнне прадстаўленасці расліннага і жывёльнага свету.
Іван распавядае, як паўстагоддзя таму бортнікі паспрыялі засяленню чорных буслоў ва украінскае Палессе: “Промыслам бортнікаў з’яўляецца таксама і дагляд калод, у якіх жывуць пчолы, а гэта значыць, што час ад часу гэтыя калоды трэба абараняць ад неспрыяльнага надвор’я і накрываць дошкамі (насціламі). Дык вось, чорныя буслы, якія прыляталі ў гэтыя мясціны, сталі выкарыстоўваць дошкі бортнікаў для сваіх гнёздаў. Канечне, уласна бортнікам гэта ўсё не падабалася, але іх раздражненне і злосць набылі вельмі канструктыўную форму: яны падказалі супрацоўнікам запаведніка, што трэба зрабіць, каб чорны бусел мог гняздзіцца ў гэтых мясцінах”
З тых часоў пачаліся працы па будове насцілаў на дрэвах, на якіх у выніку сяліліся буслы. Такім чынам, людзі знайшлі спосаб прывабіць больш птушак на адпаведную тэрыторыю.
“Таксама гэтыя насцілы, якімі карыстаюцца бортнікі, часта з’яўляюцца месцамі для гняздоўя соў і іншых птушак. Улічваючы, што бортнік не працуе з калодамі і пчоламі ад сярэдзіны вясны і да позняй восені, то ён і не сустракаецца з птушкамі (толькі позняй восенню можа заўважыць гняздо, ці нейкія сляды жыццядзейнасці птушкі, або жывёлы)”, - кажа Іван.
Эвалюцыя бортніцтва
Калі казаць сённяшняй мовай, то бортніцтва – гэта абсалютна “eco-friendly” промысел, бо не патрабуе змяняць прастору пад сябе, а наадварот, адаптуецца пад новыя прыродныя ўмовы.
Канечне, гэты від дзейнасці вельмі залежыць ад стану лясных і балотных біятопаў і найбольш ад мёдадайнасці і прадукцыйнасці расліннага свету. Бортніцтва цалкам залежыць ад пчалы і прыродных працэсаў. І здавалася б, якім чынам гэты стары промысел можа быць сучасным сёння?
Але бортнікі ўжываюць сучасную тэхніку (каб зацягнуць калоду на дрэва), і сама дзейнасць з часам адаптуецца да новых этычных нормаў. Нельга сказаць, што бортніцтва заўжды было такім ідэальным з этычнага пункту гледзішча. Калісьці нават існаваў такі падыход: бортнікі вынішчалі пчол, каб сабраць увесь мёд. Але ж з часам стала зразумела, што гэта і пярэчыць асноўным ідэям бортніцтва, і папросту немэтазгодна.
Любая форма чалавечай дзейнасці праходзіць некалькі этапаў развіцця (эвалюцыя) і канешне гэта не адмінула бортніцтва. Калі раней колькасць пчол у лесе дазваляла іх вынішчаць, а працэсы самаўзнаўлення кампенсавалі гэтыя “падпалы”, то ўжо пасля таго, як колькасць пчол скарацілася да мізэрнай, пачалі змяняцца падыходы.
Стаўленне да пчолаў
І зноўку вяртаемся да тэмы адрозненняў паміж пчалярствам і бортніцтвам. Калі бортніцтва прытрымліваецца ідэі неўмяшальніцтва ў дзейнасць пчалы, дык пчалярства заўжды гэтым займаецца.
Канечне, у пытанні кантактаў з пчоламі бортніцтва ў параўнанні з пчалярствам выглядае “больш па-дзікунску”: з вясны паглядзеў на тых пчол і нічога пра іх ня ведаеш да позняй восені. Але ж дзікунства гэта ці прагматычны доўгатэрміновы падыход?
Бортнік, можна сказаць, лічыць кожную пчалу, бо мае да яе асаблівы паважлівы падыход. І працэс раення ніяк чалавекам не кантралюецца і не перарываецца – гэта разглядаецца як натуральная з’ява, якая не патрабуе ўмяшальніцтва чалавека. Што ж тычыцца пчалярства, дык яно як прамысловасць заўжды патрабуе кантролю і ўдзелу чалавека ва ўсіх працэсах. Бо для бортнікаў што важна? Каб пчала перажыла год. А пчаляру найперш трэба, каб яна дала мёд.
Так званую індустрыю мёду часам крытыкуюць за эксплуатацыю пчолаў. Але стасункі паміж бортнікам і пчоламі – гэта пэўная супраца, а не эксплуатацыя. Напрыклад, калі бортнік чысціць борць (калоду) вясной ад смецця, ён дапамагае пчолам пазбавіцца дадатковай працы.
Таксама бортнікі ахоўваюць пчол ад куніц, мурашоў, птушак, якія ўяўляюць пагрозу для рою; і тым самым ахоўваюць багацце пчалы і сам рой. Увосень бортнік забірае лішку мёда, без якой пчолы лепей выжываюць зімой.
Што ж тычыцца пчалярства, дык яно акурат эксплуатуе пчол, бо здабывае максімальную мёду для спажыўцоў, часта грэбуючы патрэбамі саміх пчолаў і ўмешваючыся ў натуральныя прыродныя працэсы.
Устойлівасць пчолаў як групы
Безумоўна, кліматычныя змены ўплываюць на пчолаў. І, канечне ж, клімат – гэта далёка не адзіны фактар, які мае значэнне для выжывальнасці пчолаў у розных рэгіёнах. Часам на знікненне рою ўплываюць прыродныя шкоднікі: напрыклад, мышы прабіраюцца ў калоду, і пчолы рэзка негатыўна рэагуюць на спецыфічны мышыны пах і проста злятаюць з гэтага месца.
Калі такое адбываецца зімой, яны наўпрост гінуць ад холаду. Што цікава, механізм самазахавання не ўключаецца, і нягледзячы на тое, што на вуліцы -20, рой усё адно злятае ад непрыемнага паху ў калодзе. Але здараецца і так, што немагчыма высветліць прычыны знікнення рою.
Што ж тычыцца ўплыву кліматычных умоваў, дык тут усё неадназначна, і сказаць дакладна, што вось дваццаць гадоў бортніцтва было больш паспяховым (менш рояў гінула, менш калодаў руйнавалася), нельга.
Хоць сталыя бортнікі кажуць, што ў сярэднім гадоў сорак таму было лепш, чым цяпер, гэта не значыць, што кожны год быў спрыяльным. Калі распытваць іх падрабязней, дык высвятляецца, што адзін год з пчоламі ўсё было дужа добра, і бортнік мог сабраць для сябе цэлую бочку мёду, дык у наступны год шмат пчолаў гінула, і людзі таксама заставаліся зусім без мёду.
Іван Восіпаў расказвае пра нядаўні вопыт расійскага запаведніка Шульган-Таш: “У гэтым запаведніку ў 2015 годзе загінула 95% пчол. Здавалася б, гэта мусіць мець катастрафічныя наступствы. Але ўжо ў 2016 годзе колькасць пчолаў пераўзышла лічбы “дакрызісных” гадоў”.
Пчолы знікаюць масава і, лічы, імгненна, але і аднаўляюцца папуляцыі таксама хутка. Як гэта патлумачыць? Чаму так адбываецца? Верагодна, даследванні з часам змогуць даць больш-меншыя адказы на гэтыя пытанні.
Вясна 2017 года ў Беларусі была зусім неспрыяльнай для пчолаў, у такія гады, калі некалькі разоў увесну паўтараецца цыкл “пацяплела-прымарозіла”, гіне дужа шмат пчолаў, бо пачынаюцца загніванні. Але і тут нельга казаць, нібыта сітуацыя паўсюль аднолькавая. Калі ў аднаго бортніка з дзесяці рояў выжылі дзевяць, дык у іншага загінулі ўсе. Тобок агульная кліматычная сітуацыя ў краіне грае ролю, але яна ўсё не вырашае.
Існуе статыстыка колькасці почлаў у Беларусі ў розныя гады, але яна змяняецца збольшага за кошт пчалярства і не вельмі добра адлюстроўвае ўсю карціну. Тым не менш, лічбы не радуюць: калі параўнаць дадзеныя за 1996 і 2014 гады, дык колькасць пчолаў зменьшылася з 490 тысяч да 217 тысяч.