Адна з гарадзенак звязвалася з гарадзенскім заапаркам і з арганізацыяй «Ахова птушак Бацькаўшчыны». У заапарку сказалі, што змогуць дапамагчы буслу, толькі калі яго даставяць да іх. Яны яго вылечаць і калі птушка не зможа вярнуцца ў прыроду, то пакінуць у сябе.
Паехаць і злавіць птушку яны не могуць па двух прычынах: няма спецыялістаў па адлове дзікіх птушак, а па-другое, па законе заапарк не мае права самастойна забіраць жывёл з прыроднага асяроддзя. Рабіць гэта мае права толькі інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Дзяўчыну проста перанакіроўвалі ад адной арганізацыі ў іншую, але ніхто нават не пацікавіўся, дзе знаходзіцца птушка.
У чацвер Людмілу чакалі добрыя навіны - пасля яе званка ў інспекцыю, ёй ператэлефанавалі і паабяцалі, што сёння ж да месца знаходжання бусла выедзе спецыяльная машына. Але ніхто так і не прыехаў. Птушка да гэтага часу знаходзіцца на тым жа самым месцы ў жаласным стане, і невядома, колькі часу яна яшчэ зможа так пражыць. Відавочцы і самі былі б рады дапамагчы буслу, але без спецыяльных навыкаў зрабіць гэта немагчыма, небяспечна і незаконна. Дзікая птушка, спалохаўшыся, можа сама сябе моцна параніць, што толькі пагоршыць яе стан.