Пра экалагічныя праблемы, як нам падаецца, надзвычай рэдка можна пачуць у царкве. Тым больш з вуснаў святароў, якія маюць клапаціцца пра збаўленне душаў, а не пра раздзельны збор смецця. Што “людзі ў чорным” думаюць пра экалогію насамрэч?
На нашыя пытанні адказвае грэка-каталіцкі (уніяцкі) святар а. Андрэй Крот.
Набываць непатрэбны прадукт – знішчаць навакольны свет- Хрысціянскія каштоўнасці неяк супярэчаць экалагічным прынцыпам ці... ?
- Абсалютна не супярэчаць, больш за тое, экалагічныя каштоўнасці свае пачаткі бяруць у хрысціянстве: Біблія вучыць нас мудра абыходзіцца з навакольным светам. У першых раздзелах кнігі Быцця мы чытаем, што Бог пасадзіў сад у Эдэме і даручыў чалавеку гэты сад абрабляць. Таму ўвесь свет – гэта вялікі сад, які чалавек мае даглядаць. Не рабаваць ды разбураць, а мудра распараджацца тым, што яму даверана.
Сучасная цывілізацыя – спажывецкая: людзі набываюць рэчы не з-за патрэбы, а для задавальнення ад “шопінгу”. Два разы апрануў кашулю – і на сметнік. Царква выступае супраць такога бяздумнага набывання і выкідвання рэчаў. Калі чалавек набывае непатрэбны яму прадукт – гэта ўжо знішчэнне навакольнага свету, бо для яго вырабу быў патрэбны, літр нафты альбо паў-кубы драўніны. Таму ў нашай парафіі, напрыклад, збіраецца вопратка, яшчэ прыдатная для выкарыстання, ды звозіцца тым, хто мае ў ёй патрэбу.
Паперу збіраю ў скрыню на балконе- Ці маеце вы персанальна нейкія эка-звычкі?
- Звычка ў мяне ёсць толькі адна: не хадзіць па газонах – гэта я раблю на аўтамаце. Рэшта – хутчэй свядомыя індывідуальныя эка-дзеянні. Прасцей, напрыклад, батарэйкі альбо пластыкавыя бутэлькі выкінуць наўпрост у сметніцу, чым шукаць адмысловыя кантэйнеры. Альбо паперу лягчэй выкінуць, чым збіраць у адмысловую скрыню на балконе, як я гэта раблю. Раз на нейкі час вывожу яе і здаю. Таму тут, на мой погляд, не звычка, а свядомае прывучэнне сябе рабіць правільна ды экалагічна. Тое ж з пакетамі – заўжды імкнуся браць стары з хаты, чым кожны раз цягнуць з крамы новы цэлафан.
-Якім быў ваш апошні эка-подзвіг?
-У маёй мамы ў Івацэвічах, 160 км ад Горадні, стаяў стары тэлевізар. Прасцей за ўсё яго закінуць у машыну для смецця, якая прыязджае час почас. Але я вырашыў прывезці яго ў Горадню ў адмысловы пункі прыёмы побытавай тэхнікі – “Садко-307”.
- А што наконт эка-правіннасцяў?
- Я вырас амаль у вёсцы, на прыватным падворку. Таму ў “правіннасці”, мабыць, можна запісаць звычку паліць лісце ўвосень.
Не варта ўсё валіць на дзяржаву- Што ў экалагічным плане вам хацелася б змяніць у вашым горадзе альбо раёне?
- Трэба, каб кожны чалавек выпрацоўваў у сабе эка-дысцыпліну, ну і каб гэта стала часткай палітыкі. Неабавязкова палітыкі дзяржавы ці мясцовых уладаў, а палітыкі супермаркетаў тых жа. У той жа Польшчы зараз прапагандуецца набыццё торбаў шматразовага выкарыстання замест тонкіх цэлафанавых пакетаў. Калі б гарадзенскія супермаркеты рабілі таксама – была б файна. Газоны і азеляненне – гэта частка палітыкі ЖЭСаў. Таму, думаю, не варта ўсё валіць на дзяржаву, як у нас любяць. Варта працаваць на мясцовым узроўні.
Перад вашым прыходам выкінуў з машыны 10 пластыкавых бутэлек…- Якая галоўная эка-праблема беларусаў?
- Чарнобыль, мажліва, і галоўная праблема, а мажліва – акурат нашая экалагічная неадукаванасць, мы не дбаем нават пра тое, пра што можам. Я неяк задумаўся: а колькі ж мы вырабляем смецця на працягу жыцця? Калі я быў маленькі, напоі прадаваліся ў шкляных бутэльках, якія пасля здаваліся ды ішлі ў выкарыстанне, марозіва – у папяровай абгортцы, якая спальвалася ў печы. А зараз я заўважаю колькі па сабе пакідае смецця нават мая сям’я з дзвух чалавек. З машыны акурат перад вашым прыходам выкінуў 10 пластыкавых бутэлек, бо як едзеш куды – заўжды хочацца нешта набыць…
Вытворчасць смецця, “смеццевы чарнобыль” – таксама глабальная праблема, якая тычыцца не падзеі 30-гадовай даўніны, а нашай штодзённасці.
Калі я быў у Вялікабрытаніі шмат год таму, каля будынку Беларускай місіі стаяла чатыры кантэйнеры для раздзельнага збору смецця – і гэта не спальны раён! Яны гэта разумелі яшчэ тады, мы ж – даходзім толькі зара.
Алесь Кіркевіч
Фота Хрысціны Марчук