Калі прамысловыя сістэмы ачысткі, у тым ліку і на водазаборных станцыях, і на станцыях апрацоўкі каналізацыйнай вады, могуць выкарыстоўваць некалькі розных метадаў – механічны, хімічны, фізіка-хімічны, электрычны і біялагічны, то ў хатніх умовах магчымасцяў менш. Але гэта не значыць, што мы не можам атрымаць ваду роўную па якасці той, што прадаюць у бутэльках у крамах.
Тэхналогіі фільтрацыі
Для ачысткі вады ў хатніх умовах вытворцы прапануюць шмат розных фільтраў. Яны дзеляцца на тыпы ў залежнасці ад прынцыпу ачысткі. Найбольш просты варыянт – адсарбецыйныя фільтры. Гэта ўсім вядомыя з савецкіх часоў вугальныя фільтры, а таксама фільтры з палімернымі рэагентамі для выдалення з вады жалеза і марганца. Недахоп гэтых фільтраў у не вельмі доўгім тэрміну працы. Вугаль пакрываецца слоем бактэрый, і срэбраныя дадаткі, якія павінны іх знішчаць з цягам часу становяцца не ў стане гэта рабіць.
Іонныя фільтры больш эфектыўныя, бо затрымліваюць амаль усе хімічныя элементы, якія утрымліваюцца ў вадзе. Такія фільтры адносяць да тыпу “тонкай ачысткі”. У іх выкарыстоўваюцца іонаабменныя смолы, якія ўступаюць у рэакцыю з усімі двухвалентнымі металамі і выдаляюць іх іоны з вады.
Зваротны осмас. Фільтры гэтага тыпу найбольш дарагія, але ў той жа час яны даюць найлепшую якасць ачысткі, разлічаныя на вялікі аб’ём вады і з’яўляюцца ўніверсальнымі, бо ачыстка праходзіць праз некалькі этапаў. Сутнасць прынцыпу зваротнага осмасу ў прахаджэнні вады праз паўпраніцаемую мембрану пад ціскам. Поры мембраны маюць настолькі невялікія памеры, што затрымліваюць усе высокамалекулярныя хімічныя элементы, і тым больш – бактэрыі і вірусы. У дадатак усе сучасныя мадэлі такіх фільтраў абсталяваныя дадатковымі элементамі для грубай ачысткі вады перад яе ачысткай парз мембранны фільтар. Прасцей кажучы – гэта шматступенчатая сістэма ачысткі, якая дазваляе дабіцца найлепшых вынікаў. Але трэба улічваць, што сістэма зворотнага осмасу патрабуе дастаткова вялікага ціску вады ў вадаправодзе. З-за гэтага на апошніх паверхах дамоў такія фільтры часта не працуюць, пра што трэба памятаць жыхарам шматпавярховікаў, калі яны выбіраюць сабе фільтар.
Таксама існуюць ультра-фіялетавыя і азонавыя метады ачысткі вады, але ў хатніх умовах яны прымяняюцца вельмі рэдка. Часцей можна сустрэць пясчаныя фільтры, але і яны не адносяцца да найбольш папулярных мадэлей.
Тыпы бытавых фільтраў
Але ж акрамя тыпу ачысткі фільтры дзеляцца па тыпу далучэння да вадаправоду. Самыя простыя – фільтры-збаны. Найбольш танныя, але іх рэсурс вельмі малы, і улічваючы нізкую якасць нашай вады, мяняць фільтруючы элемент трэба не раз на тры месяцы, як рэкамендуе вытворца, а раз на месяц.
Фільтры-насадкі. Яны падключаюцца да крану. Нязручнасці ў іх дзве – малая хуткасць фільтрацыі і неабходнасць увесь час падключаць і адключаць ад крану. Але ў той жа час разам з фільтрамі-збанамі, гэта самы танны варыянт атрымаць чыстую ваду. Тэхналагічна, як правіла, і тыя і другія адносяцца да вугальных фільтроў.
Стацыянарныя фільтры – больш дарагі, але самы лепшы варыянт. Яны манціруюцца на трубы вадаправоду. Да іх адносіцца і сістэма зваротнага осмасу, але не толькі яна. Ёсць больш простыя двух- і трохпрыступкавыя фільтры. Першы элемент такой сістэмы праводзіць грубую фільтрацыю іржы і розных завісей. Другі элемент працуе па тэхналогіі іоннай ачысткі. І трэці – карбонблок (фільтр з прэсаваным какосавым вуглём) завяршае фільтрацыю. Вытворцаў такіх фільтруючых сістэм вельмі шмат, таму выбар не такі і просты. Асноўныя параметры на якія трэба звярнуць увагу – колькасць прыступак ачысткі (лепей браць не менш, чым з трыма ступенямі), рэсурс працы і хуткасць фільтрацыі.
Часцей за ўсё людзі выбіраюць фільтр, гледзячы на свае фінансавыя магчымасці і парады гандляроў. Гэта, канешне, добра, але спецыялісты раяць спачатку зрабіць аналіз вады, каб ацаніць наступныя параметры:
- агульнае жалеза,
- распушчанае жалеза,
- жорсткасць вады,
- колернасць,
- мутнасць,
- акісляемасць,
- узровень PH,
- наяўнасць марганца.
У залежнасці ад гэтых параметраў вы зможаце дакладна ацаніць той узровень ачысткі, які патрэбен для вашай вады. Бо, набыць той жа фільтар-збан для вельмі бруднай вады будзе неэфектыўна. З другога боку, набыць зваротны осмас для вады з невялікімі прывышэннямі нормаў, можа стаць дарэмнай тратай грошай, хаця, канешне, якасць залішняй не бывае.