Гэта настолькі абсурдна, што мне надзвычай цяжка падбіраць словы, але так, Лукашэнка заявіў, што на адзін з паверхаў у новай рэзідэнцыі, якая цяпер будзе на месцы былой медустановы, трэба сабраць зачыненыя раней фонды (а канкрэтна – тыя, што займаліся дапамогай жывёлаў).
Гучыць як спрыянне дзеянню ад імя незарэгістраванай арганізацыі, вам не здаецца? Калі фонды закрылі, дык як іх можна сабраць разам? Яшчэ і ў такім месцы.
Альбо нам штосьці недагаворваюць, і збяруць людзей там не для працы? Ну а што, турма наўпрост у рэзідэнцыі – гэта было б канцэптуальна. Вельмі ў лукашэнкаўскім стылі: выгнаць сотні тысяч людзей з краіны, бесперапынна паліваць іх памыямі, пазбавіць магчымасці мяняць пашпарты і галасаваць за мяжой, а пры гэтым абвясціць Дзень народнага адзінства.
Казаць, што мацярынства – гэта святое, і саджаць шматдзетных маці па палітычных справах. Знішчаць грамадзянскую супольнасць і ліквідаваць сотні недзяржаўных арганізацый і казаць, што новая рэзідэнцыя створана для таго, каб гэтым самым ліквідаваным арганізацыям было дзе працаваць.
І можна было б ігнараваць гэтыя словы і казаць, што няварта звяртаць увагу на пустыя абсурдныя заявы, але не – заявы гэтага чалавека працягваюць уплываць на жыцці мільёнаў беларусак і беларусаў. Так званая ўнутраная міграцыя не дапаможа – ён вярэзіць лухту, але гэтая лухта адбіваецца на нас у рэальнасці.
І ўсё ж мне дужа цікава, які менавіта вобраз быў у ягонай галаве, калі ён казаў, што на адным з паверхаў рэзідэнцыі трэба размясціць закрытыя фонды. Вось чым яны мусяць там займацца? Сваёй непасрэднай дзейнасцю нельга, бо гэта па-за законам.
Размаўляць «за жыццё» – дык а навошта для гэтага прыходзіць у такое месца? Глядзець на дарагушчыя ёршыкі для ўнітазаў і думаць, як шмат яны згубілі, абраўшы свой шлях – замест таго, каб быць ідэалагічнымі служкамі?
Ці, можа, у рэзідэнцыю трэба прынесці клеткі і вальеры, і зрабіць гэты паверх прытулкам для жывёлаў? Зноўку ж, СПА зусім побач, дык будзе зручна прымаць душ пасля працы з жывёламі.
А можа, гэта самы час узгадаць, як псіхіятр вучыў мяне эфектыўна камунікаваць з чалавекам у цяжкай дэменцыі? «З лухтой не спрачацца, да лухты не даядноўвацца». Гэта навык, над якім можна працаваць і які можна вельмі добра развіць.
Засталося толькі зразумець, як быць з тым, што гэтая лухта ўплывае на ўсіх нас. Рыхтавацца да найгоршага сцэнара? Зразумець бы, якім ён можа быць, бо не ведаю, як вы, а я даўна не недаацэньваю фантазію людзей, якія называюць сябе беларускімі ўладамі.
Ці заклікаць усіх, хто працягвае займацца ў Беларусі зааабаронай, з’язжаць з краіны? Пажадана разам з усімі «сваімі» жывёламі, ага...
Так ці інакш, ёсць адчуванне, што нас зноў зацягваюць у нейкую варонку абсурду. І халера ведае, як з яе ўвогуле выбірацца, але адно я ведаю дакладна: гэтаму рэжыму нельга давяраць, і пра гэта нельга забываць ні на секунду.
Я памятаю гэтае адчуванне, калі сядзіш у клетцы ў пустым памяшканні на Акрэсціна, а перад клеткай стаіць уключаны ноўтбук, і вось так адбываецца твой суд, на якім суддзя задае адэкватныя пытанні і нават злуецца ў адказ на відавочную хлусню так званага сведкі.
У нейкі момант вельмі хочацца паверыць у тое, што яна і праўда бачыць абсурд сітуацыі, і цябе зараз адсюль выпусцяць. Але не, яна адпраўляе цябе на суткі, хоць, відавочна, цалкам разумее, што ў словах сведкі не было праўды (ды ён нават не змог вывучыць храналогію падзеяў!).
Так і тут: не, Лукашэнка не празрэў і не пашкадаваў пра тое, што нарабіў з грамадзянскай супольнасцю ў апошнія гады. Ён проста драпежнік, які, магчыма, прыдумаў новы спосаб, як гуляцца са здабычай перад тым, як яе з’есці. Альбо проста так вярэзіць лухту, бо можа сабе гэта дазволіць.
Калі ласка, не паддавайцеся.