24.11.2016 / 10:11

За 10 месяцаў гэтага года вадаёмы краіны папоўніліся больш чым 8 мільёнамі асобін рыбы.

Не так даўно возера Жыжыцкае, што на Пскоўшчыне, папоўнілася рыбіным маладняком. У вадаём, што ў 50 кіламетрах ад беларускай мяжы, запусцілі 12 тысяч судакоў. Здаецца, пры чым тут мы? Справа ў тым, што Жыжыцкае звязана з Заходняй Дзвіной, якая нясе свае воды і па нашай тэрыторыі. І гэтыя водныя шляхі ўжо да наступнай вясны прывядуць навасельца і ў Беларусь. Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Беларусі і Расрыбалоўства звязвае даўняе і добрае супрацоўніцтва. І гэты выпадак не адзінкавы. Але акрамя трансгранічных, штогод папаўняюцца рыбай рэкі і азёры Беларусі. Наколькі гэта складана,  «Рэспублiка» запыталася ў начальніка аддзела кантролю за аховай і выкарыстаннем  аб’ектаў жывёльнага свету дзяржінспекцыі Таццяны Цiтовай.

– Наколькі мне вядома, прапанова актывізаваць зарыбленне на неарэндаваных вадаёмах нашай і трансгранічных тэрыторый зыходзіць ад дзяржінспекцыі. Навошта гэта было трэба, бо вадаёмы зарыбляліся і раней? Змяніліся адказныя, падыход?

– Што тычыцца адказных, каб надаць гэтаму напрамку імпульс, дзяржінспекцыя пры распрацоўцы ў 2014 годзе новых Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства прапанавала норму: зарыбляць неарэндаваныя, ці, як яшчэ іх называюць, вадаёмы фонду запасу не толькі за кошт мясцовых бюджэтаў, але і са сродкаў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР). Гэта лагічна, бо менавіта сюды паступаюць членскія ўзносы рыбакоў-аматараў, якія займаюцца інтэнсіўнымі відамі рыбалоўства. Напрыклад, тролінгам з маторных лодак, падводным паляваннем і гэтак далей. І нас тады падтрымалі.

Першая і галоўная наша мэта – экалагічная. Бо гаворка ідзе пра вадаёмы, гаспадарамі якіх з’яўляюцца раёны. А значыць, рыбачыць тут могуць усе. Прычым бясплатна. Вось уявіце, якую нагрузку атрымліваюць рэкі і азёры! Не кажучы ўжо пра тое, каб захаваць тут пэўную колькасць рэдкіх і знікаючых відаў рыб. Нашы мерапрыемствы – гэта своеасаблівая рэабілітацыя, дапамога вадаёму. Дарэчы, засяліўшы ў вадаём пэўныя віды, можна яго і ад лішняй расліннасці ачысціць. У выніку – карысць для возера і рыбака.

– Ці можна сказаць, што новы запіс у правілах не застаўся проста запісам і што за апошнія два гады рыбы ў беларускіх вадаёмах стала больш?

– Мяркуйце самі: з восені 2014 года толькі БТПР зары-біла 31 вадаём фонду запасу па ўсёй краіне. У вадаёмы ўсялілі 2,5 мільёна рыб агульнай вагой каля 74 тон. Напрыклад, Прыпяць двойчы зарыблялі сцерляддзю – больш за 1,8 тысячы двух- і трохгадовых асобін запусцілі ў раку ў Мазырскім раёне. Пакуль гэтая рыба – чырвонакніжнік, і вылоўліваць яе нельга, а мэта такога ўсялення – падтрымаць біяразнастайнасць. На кожным зарыбленні абавязкова прысутнічаюць дзяржінспектары, каб яно не праводзілася фармальна. Усё часцей усяляюць драпежнікаў – шчупака, судака, сома. Гэтыя віды асабліва важныя для экасістэмы, і, дарэчы, менавіта іх часцей за ўсё здабываюць рыбакі-аматары.

– Ці дастаткова ў нас рыбы для такіх мэт?

– Вось гэта пакуль балючае пытанне! Вытворчыя магутнасці нашых рыбгасаў пакуль могуць забяспечыць толькі малую частку неабходнага. Ёсць праблемы і з відавым складам. У нас у асноўным разводзяць шчупака, карпа, сярэбранага карася, расліннаедных рыб. Калі запросы рыбаловаў і рыбаводаў хоць неяк задавальняюцца, то аб захаванні відавой разнастайнасці рыб, перш за ўсё абарыгенных, гаворкі няма. Спецыялісты дзяржінспекцыі неаднойчы ўздымалі гэтую праблему. І нарэшце зрушылі яе з мёртвай кропкі: нядаўна прынятыя Канцэпцыя развіцця рыбалоўнай гаспадаркі і Праграма развіцця рыбагаспадарчай дзейнасці на пяцiгодку прадугледжваюць будаўніцтва ў нашай краіне індустрыяльных рыбаводчых комплексаў агульнай магутнасцю 405 тон. Плануецца атрымліваць рыбапасадачны матэрыял каштоўных і рэдкіх відаў рыб, такіх як сіг, судак, ласасёвыя, асятровыя.

Автор:
Фотограф:
Сергей Лозюк
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость