Правілы не пісаныя?
Жахлівыя прыклады так званай «амалоджваючай абрэзкі» дрэваў, якія раслі на мазырскіх вуліцах, бульварах, у парках і скверах не адно дзесяцігоддзе, з’яўляюцца штогод. Грамадскасць некаторы час спадзявалася, што варварскім чынам абрэзаныя дрэвы ўсё ж ачуняюць і працягнуць рост. Але знявечаныя пні ў большасці сваёй сохнуць. Мясцовыя ж прыродаахоўныя органы і ўлада нібыта нічога не бачаць.
Доўгія гады камунальныя службы горада ўвогуле не клапаціў стан дрэваў: зялёныя насаджэнні раслі натуральным чынам, фармавалі патрэбныя ствалы і кроны ў залежнасці ад сонца і ветру. Часам дрэвы сапраўды ўяўлялі небяспеку. У апошнія гады павальнага добраўпарадкавання камунальнікі, атрымаўшы карт-бланш мясцовага выканкама на абрэзку, пачалі крэмсаць налева і направа, асабліва не задумваючыся пра наступствы і не зважаючы нават на існуючыя ў сістэме ЖКГ тэхнічныя ўказанні.
А «Тэхнічныя ўказанні па абрэзцы і фармаванні дэкаратыўных дрэўна-кустовых раслінаў» Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі распрацавала яшчэ ў 1990-я гады. Там усё дастаткова дакладна і зразумела распісана. Але выглядае так, што ў Мазырскім райжылкамгасе гэты дакумент не бачылі.
Правілы гавораць: пры спілоўванні асноўнага ствала (лідара) зрэз павінен быць нахілены, каб на ім не затрымлівалася вільгаць, і драўніна не гніла. Але ж мазырскія «профі» рэжуць ствалы гарызантальна, відаць, збіраючыся потым хадзіць да абрэзаных дрэваў у грыбы. Прынамсі, яны самыя – грыбы, цудоўна растуць проста на паверхнях знявечаных слупоў, што засталіся ад некалі прыгожай алеі пірамідальных таполяў па бульвары Малініна. Вядома ж, такім дрэвам наканавана ў хуткім часе памерці, хаця яны з апошніх сілаў чапляюцца за жыццё, пускаючы маладыя парасткі.
Тыя ж тэхнічныя ўказанні прадпісваюць падчас амаложваючай абрэзкі зразаць крону паступова – самамала ў тры этапы. Але ж, мазырскім камунальнікам замарочвацца на трохразовае вяртанне да аднаго і таго ж дрэва – шмат клопату. Мала таго, што супрацоўнікі так званага ўчастка зялёнага будаўніцтва райжылкамгасу самі не маюць нейкай літасці да жывых насаджэнняў, яны яшчэ і даюць вельмі неадназначныя ўрокі экалагічнага выхавання мясцовым шкалярам. Інакш нельга зразумець выгляд мемарыялу дрэваў-нябожчыкаў на месцы алеі серабрыстага клёна на тэрыторыі мазырскай сярэдняй школы № 9.
Райвыканкам: ва ўсім вінаваты… ураган
Вядома ж, што такі здзек з гарадскога навакольнага асяроддзя не мог пакінуць абыякавымі актывістаў грамадзянскай ініцыятывы «Зялёны дазор». Тым больш, аніякіх кампенсацыйных пасадак не праведзена. А зялёныя насаджэнні для прамысловага Мазыра – вельмі важны складнік падтрымання чысціні паветра і, адпаведна, спрыяльнага навакольнага асяроддзя для жыхароў.
Каардынатар «Зялёнага дазору» па Мазырскім раёне Павел Наздра з патрабаваннямі спыніць непрафесійную амалоджваючую абрэзку дрэваў звярнуўся ў раённы выканаўчы камітэт. Там да праблемы паставіліся вельмі пільна. Разглядалі зварот экаактывіста ажно 20 дзён і прыйшлі да высновы, што рэзаць дрэвы, пакідаючы нежыццяздольныя слупы, дазваляе… ураган!
«Ураган, які пранёсся над Рэспублікай Беларусь у чэрвені бягучага года, пашкодзіў дрэвы і ў нашым горадзе. Падчас ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў былі праведзеныя работы па выдаленні зламаных галінаў, аварыйных дрэваў», – напісалі чыноўнікі ў сваім адказе.
Вось толькі большасць дрэваў, пра якія пісаў Павел Наздра, яшчэ ўвесну не здолелі паказаць прыкметаў жыцця. А на адно з такіх, якое стала помнікам самому сабе каля ліцэя будаўнікоў, мясцовыя аматары мастацкага трэшу нават паспелі прымайстраваць драўляную скульптурку савы.
Шалёныя вербы
Асабліва зацятымі «злачынцамі», на думку райвыканкама, у Мазыры сталі вербы. Раслі яны, раслі шмат гадоў, а сёлета «паводле заключэння камісіі дрэва «вярба» стала ў большасці выпадкаў небяспечным, якое пагражае падзеннем на людзей і аўтамабілі па наступных адрасах…». Далей ідзе ўнушальны пералік дамоў, вуліц, бульвараў, сквераў і паркаў, дзе вербы «пагражалі» людзям і аўтамабілям.
Гарадскія ўлады, сцвярджаюць, што дрэвам, у якіх не былі пашкоджаныя ствалы, усяго толькі абрэзалі зламаныя галіны. Праўда, як можна ўпэўніцца, абрэзалі так, што тыя самыя вербы ўжо наўрад ці калі небудзь здолеюць парадаваць мазырчукоў зелянінай сваёй лістоты і прахалодным ценем у летнюю спёку.
Дарэчы, менавіта тры вярбы ў адным з мікрараёнаў горада былі варварскім чынам ператвораныя ў слупы, хаця і не мелі аніякіх слядоў пашкоджання ад ветру, акрамя некалькіх дробных галінак, сарваных долу. На фотаздымку, зробленым падчас прыезду камунальных службаў на абрэзку вербаў, добра бачна, што дрэвы цэлыя.
Але, відаць, адмысловая райвыканкамаўсякая камісія чула ад гэтых трох вербаў «пагрозы» на адрас людзей і аўтамабіляў, таму вырашыла пакінуць іх без адзінай жывой галіны.
Ці будзе ў Мазыры цывілізаваны дагляд за дрэвамі?
На жаль, пакуль гэтае пытанне застаецца рытарычным. Павел Наздра лічыць атрыманы ім з райвыканкаму адказ не больш чым адпіскай:
– Па-першае, многія, апілаваныя без уліку правілаў дрэвы, аніякі ўраган не шкодзіў. Па-другое, сама абрэзка адбываецца з парушэннем адпаведных нормаў. Але райвыканкам у сваім адказе сцвярджае, што гэтай справай у горадзе займаюцца адмыслоўцы, што прайшлі адпаведнае навучанне.
Павел звяртаў увагу ўлады на відавочныя парушэнні, але выканкам на многія з іх не адрэагаваў.
«Зялёны дазор» будзе працягваць змаганне за кожнае дрэва, якое цяпер нішчыцца непрафесійнай абрэзкай.