25.04.2018 / 12:04

На прыканцы мінулага тыдня на краўдфандынгавай пляцоўке “Талака” пачаўся збор сродкаў на падтрымку правядзення “Чарнобыльскага шляху 2018”. Арганізатары найбольш знакамітай сярод беларусаў экалагічнай і палітычнай акцыі шукаюць 5 тыс. рублеў, каб усталяваць інфармацыйны экран падчас выступу, зрабіць стэнды, надрукаваць улеткі і г.д.

Сустаршыня партыі “БХД” і стваральнік кампаніі Павел Севярынец распавеў Зялёнаму парталу, чаму збор сродкаў пачаўся меньш чым за тыдзень да правядзення “Чарнобыльскага шляху” і якія падзеі будуць пасля.

– Вы запусцілі кампанію у мінулы чацьвер, амаль напярэдадні мерапрыемства. Не занадта позна?

Справа ў тым, што мы чакалі афіцыйнага дазволу. На недазволеннае мерапрыемства збіраць грошы ў прамым сэнсе рызыкоўна. Бо можна сродкі атрымаць, а акцыю потым не дазволяць, ці адправяць на плошчу Бангалор з мітынгам, але без шэсця. І тады ўсе нашы мэты губляюцца. Таму засталася такая часавая разбежка ў тыдзень, за які спрабуем нешта сабраць.

– Прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Экадом” кажуць, што асноўная прычынай правядзення кампаніі – гэта інфармацыйная падтрымка. Маўляў, яна нават важней, чым збор сродкаў.  А якія ў вас прыярытэты?

– Тут і тое, і другое. Таму што навіна пра збор сродкаў прайшла па незалежным СМІ. Праўда, адным радком. У адрозненні ад мінулага “Дня Волі”, калі два месяцы гай шумеў, і амаль кожны дзень з’яўляліся навіны. Ну, стагоддзе БНР ўсё ж такі вялікая дата. Тут жа 32-гая гадавіна аварыі, казалася б не так актуальна. Таму мы ацэньваем, што любая навіна можа дапамагчы: расылаем прэс-рэлізы, робім шэраг інтэрвью з палітычнымі лідарамі, якія хутка павінны выйсці. Спадзяемся пашырыць інфармацыю пра “Чарнобыльскі шлях”, з аднаго боку, а з іншага, сабраць сродкі на яго правядзенне.

Тут есць яшчэ адна акалічнасць – сёлета мы красавіцкай акцыяй пачынаем вялікую кампанію. У нас запланавана правядзенне “Шляху Астравецкага”. Не выключаю, што на яго арганізацыю мы запусцім асобную кампанію. Сэнс у тым, што 26 красавіка будзе Чарнобыльскі шлях у Менску, а потым 26-га дня кожнага месяца будуць адбывацца акцыі, круглыя сталы, зборы подпісаў у тых гарадах, якія знаходзяцца паміж Менскам і Астраўцом. Бо на прыканцы гэтага года павінны завозіць на АЭС ядзернае паліва. І таму 26 траўня – сустрэча ў Заслаўе. 26-га чэрвеня – у Радашковічах. 26-га ліпеня – у Маладзечна. І так далей да Астраўца, акцыя ў якім плануецца 26-га лістапада.

– Чаго чакаць ад “Чарнобыльскага шляху” у гэтым годзе?

– Нас, на жаль, Мінгарвыканкам паставіў у вельмі цесныя рамкі. Чыноўнікі далі паўгадзіны на зборы, кароткае шэсце і вельмі маленькі мітынг – таксама на паўгадзіны. З улікам тых турнікетаў, якія збіраюцца там растаўляць, мяркую, што гэта будзе зусім складана фармат сустрэчы. Тым не меньш, людзі прыйдуць, і нам хацелася каб ў гэты раз, у адрозненні ад папярэдніх сустрэч, фігуравала не только Чарнобыльская праблема, але шэраг экалагічных праблем, якія з’явіліся ў нас апошнім часам. Напрыклад, як у Берасці (акумулятарны завод “АйПауэр” – заўв. рэд.) ці Светлагорск (вытворчасць цэлюлозы – заўв. рэд.). Мы запрашаем да нас каманды людзей, якія займаліся гэтай праблематыкай, на менскі “Чарнобыльскі шлях”. Хочам, каб там былі і фотаздымкі, і лозунгі вось гэтай тэматыкі.

Па-другое, мы хочам зрабіць акцэнт на Астравецкім шляху і на тым, што наступныя паўгады мы будзем перасоўвацца з мерапрыемствамі па гарадах да Астраўца. Наша мэта – спыніць будаўніцтва “расейская ядзернай бомбы”, якой мы называем будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Акрамя гэтага мы разаслалі святарам усіх канфесій афіцыяльныя запрашэнні з копіямі дазволу на мерапрыемства, чакаем, што і яны будуць на гэтым невялікім мітынгу каля капліцы [у Парку сяброўства народаў].

– Вы казалі, што на мітынгу плануецца усталяваць вялікі экран і інфармацыйныя стэнды аб Чарнобылі – усе гэта крых нагадвае фармат мінулага Дня Волі. Ці пасуе ў дадзеным выпадку забаўляльны фармат сустрэчы падчас Чарнобыльскага шляху?

– Тут, канешне, жанры розныя. Былі прапановы правядзення мітынга-канцэрта, можа нават канцэрта-рэквіема, але аргкамітэт акцыі вырашыў, што гэта больш жалобнае мерапрыемства і больш палітызаванае, чым святкаванне 100 год БНР. Таму мы да гэтага часу спадзяемся, што зможам сабраць сродкі на экран. Там немалая сума абазначана, экран тры на два метры, з якога павінны транслявацца відэа па Чарнобыльскай, Астравецкай і іншых экалагічных праблемах Беларусі. Калі гэта ўдасца зрабіць за апошнія два дні, то спадзяемся, што гэта будзе выглядаць больш наглядна, чым звычайна. Інфармацыйныя стэнды, агітацыйныя кубы – гэта мы будзем рабіць у апошнюю чаргу, таму што іх дастаткова цяжка мантаваць і перасоўваць ад кінатэатра “Кастрычнік” да капліцы тэхнічна складана. Калі збярэм сродкі, то зробім гэта.

Вось, таму як будзе выглядаць “Чарнобыльскі шлях”, мы даведаемся 26-га красавіка ўвечары. Але па фармаце я скажу, што гэта трошкі іншая рэч, чым “Дзень Волі”.

– А чаго вы самі чакаеце ад акцыі?

– Безумоўна, мы чакаем больш людзей. І надвор’е павінна быць добрае. І пасля 25-га сакавіка ёсць пэўная хваля актыўнасці. У рэшце рэшт, людзей павінна падштурхнуць тое, што рыхтуецца да запуску Астравецкая АЭС. Мы чакаем, што з таго рэгіёну прыедуць людзі, прынцыповыя супраціўнікі запуску Астраўца будуць на гэтым “Шляху”. Хацелася бачыць больш людзей, чым на мінулагодней акцыі. Разам з тым пэўных ілюзій, што палова Менска вываліць на акцыю ў нас няма. Тут павінна была быць большая праца, каб гэта ажыцявілася і раней атрыманы дазвол на правядзенне, чым за шэсць дзён. І многія падзеі нашай кампаніі, звязаныя Чарнобылем і Астраўцом, у нас яшчэ на перадзе. Таму гэта будзе толькі пачатак.

– У апісанні кампаніі напісана, што павінны выступаць эксперты. Хто гэта будзе?

– Таццяна Новікава выступіць – гэта спецыяліст па ядзернай энергетыцы. Плануецца, што выступіць ліквідатар ЧАЭС Іван Віткоўскі. Планавалі, што прыедзе Андрэй Кабанаў, які займаецца кампаніей па берасцейскаму акумулятарнаму заводу, але, здаецца, яго затрымліваюць напапярэдадні “Чарнобыльскага шляху”. Я бачыў, што праходзіла такая інфармацыя. Чакаем таксама Алену Маслякову, якая ўзначальвала пратэсты па Светлагорску.

Плюс будуць выступоўцы ад арганізатараў – там таксама есць людзі, абазнаныя ў праблеме палітычных партый. Напрыклад, Зміцер Кучук ад партыі “Зяляных”. То бок, тыя людзі, якія могуць нешта распавесьці, што такое Астравецкая АЭС, якія праблемы дагэтуль не вырашаны. Мы чакаем, што там прагучыць ясная праграма дзеянняў. Плюс у нас будзе прымацца рэзалюцыя на дзвух старонках.

З аднаго боку гэта пачатак “Астравецкага шляху”, з другога – канкрэтныя патрабаванні, якія мы перададзім у Саўмін і Адміністрацыю прэзідэнта. Што трэба зрабіць уладзе  Беларусі. Чацьвёрты раз робІм такую рэзалюцыю, але наш абавязак яе перадаваць.

Автор:
Листайте дальше, чтобы прочитать следующую новость