“Акрамя таго, будзе затоплена 10,55 га ляснога фонду, разьмешчанага на асабліва ахоўваных тэрыторыях”, – папярэджваюць аўтары справаздачы.
Ад 5 траўня – грамадзкае абмеркаваньне
Паведамленьне аб пачатку грамадзкага абмеркаваньня справаздачы аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС на Заходняй Дзьвіне было апублікаванае 5 траўня ў віцебскай раёнцы “Жыцьцё Прыдзьвіньня”.
Грамадзкае абмеркаваньне справаздачы працягнецца 30 каляндарных дзён, да 3 чэрвеня 2018 году.
Але заявы аб правядзеньні грамадзкіх слуханьняў альбо экалягічнай экспэртызы трэба пасьпець падаць цягам 10 працоўных дзён з моманту апублікаваньня паведамленьня (ад 5 траўня). Заявы, пададзеныя пазьней гэтага тэрміну, разглядацца ня будуць, гаворыцца ў паведамленьні.
Удакладняецца, што са справаздачай аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (АУНА) можна азнаёміцца ў фае прадпрыемства “Віцебскэнэрга” (вул. Праўды, 30) і што сама справаздача будзе апублікаваная на афіцыйным сайце прадпрыемства і на сайце Віцебскага райвыканкаму. Але дагэтуль (12 траўня) дакумэнты на згаданых рэсурсах не зьявіліся. Спасылкі на дзьве кнігі справаздачы АУНА ўдалося адшукаць на старонцы “ВКонтакте” Бешанковіцкага райвыканкаму.
Адзначым, што паводле афіцыйнага паведамленьня, РУП “Віцебскэнэрга” выступае ня толькі ў якасьці заказчыка будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС, але і органам, які прымае рашэньне аб дазволе на будаўніцтва.
Каб напоўніцу скарыстацца энэргарэсурсам Дзьвіны
Будаўніцтва каскаду гідраэлектрастанцый на Заходняй Дзьвіне ажыцьцяўляецца ў адпаведнасьці зь дзяржаўнай комплекснай праграмай, у межах рэалізацыі якой ужо пабудаваныя Полацкая ГЭС магутнасьцю 21,75 МВт і Віцебская ГЭС магутнасьцю 40 МВт. Паміж імі і плянуюць пабудаваць Бешанковіцкую.
Яе меркаваная магутнасьць будзе складаць 25–30 мВт. Праектная выпрацоўка электраэнэргіі для сярэдняга па воднасьці году – 130 млн. кВт·ч.
“Мэтазгоднасьць будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС абумоўленая магчымасьцю больш поўнага выкарыстаньня энэргетычнага патэнцыялу ракі Заходняя Дзвіна, замяшчэньнем імпартаванага газу ў паліўна-энэргетычным балянсе краіны, магчымасьцю работы ГЭС у пакрыцьці сутачных пікавых нагрузак”, – гаворыцца ў справаздачы.
Будаўніцтва ГЭС пачнецца ў 2019-м
Пад будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС разглядаюць участак ракі ад Бешанковічаў да вёскі Гнязьдзілава. Комплекс збудаваньняў будзе складацца з гідравузлу, вадасховішча, ЛЭП, сувязі і пад’язной аўтадарогі. Гідравузел плошчай 10,5 га пабудуюць у раёне вёскі Мількавічы на тэрыторыі Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў. Вадасховішча зойме 1 тыс. 696 га (у тым ліку Віцебскага раёну).
Схема ўчастку з месцазнаходжаньнем двух альтэрнатыўных варыянтаў створаў разьмяшчэньня Бешанковіцкай ГЭС
Будаўніцтва гідраэлектрастанцыі мяркуюць пачаць у 2019 годзе і скончыць праз 4-5 год. Тэрмін эксплёатацыі – 75 гадоў.
“Падчас будаўніцтва Бешанковіцкая ГЭС будзе пастаянным буйным спажыўцом цэмэнту, гранітнага друзу ды іншых будаўнічых матэрыялаў, вырабленых індустрыяй Рэспублікі Беларусь”, – сьцьвярджаюць аўтары справаздачы.
“Да 85% будаўніча-мантажных працаў могуць быць выкананыя беларускімі арганізацыямі, якія атрымалі досьвед падобных працаў на будоўлях Гродзенскай, Полацкай, Віцебскай ГЭС”, – дадаецца.
“Не паўплывае на водны балянс і гідралягічны рэжым”
Справаздача аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе распрацаваная супрацоўнікамі Цэнтральнага навукова-дасьледчага інстытуту комплекснага выкарыстаньня водных рэсурсаў (Мінпрыроды), Навукова-практычнага цэнтру НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі імя Купрэвіча НАН РБ ды іншымі адмыслоўцамі. Дзьве часткі справаздачы складаюць агулам 450 старонак тэксту, разьлікаў і схем.
Гэтак, у першай частцы справаздачы сьцьвярджаецца, што “будаўніцтва праектаванай ГЭС істотна не паўплывае на водны балянс і гідралягічны рэжым”. Больш таго, “вадасховішча Бешанковіцкай ГЭС значна павялічыць кармавую базу рыбнага статку і створыць на рацэ спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця рыбаводчых гаспадарак”.
Аўтары справаздачы запэўніваюць, што будаўніцтва станцыі не прадугледжвае ніякага транспамежнага ўзьдзеяньня.
Ацэнка: “узьдзеяньне высокай значнасьці”
Між тым, у выніковай частцы другой кнігі справаздачы гаворыцца, што “ў працэсе будаўніцтва і функцыянаваньня Бешанковіцкай ГЭС магчымы пэўны прэсінг на існыя прыродна-тэрытарыяльныя комплексы”. Агульная ацэнка значнасьці ўзьдзеяньня будаўніцтва на навакольнае асяродзьдзе вызначаецца аўтарамі як “узьдзеяньне высокай значнасьці”.
“Такім чынам, узьдзеяньне Бешанковіцкай ГЭС будзе заключацца ў страце наземных экасыстэм, прыдатных для пражываньня наземных жывёлаў, будзе выяўляцца ў істотнай фрагмэнтацыі ўгодзьдзяў у сувязі з затапленьнем, што ўзмацніць падзелы папуляцый і будзе стымуляваць утварэньне астраўных месцаў пражываньня”, – папярэджваюць навукоўцы ў справаздачы.
Паводле падлікаў, у выніку будаўніцтва Бешанковіцкай ГЭС у зону затапленьня трапіць 223,65 га ляснога фонду. А значыцца, загіне 176,79 га пакрытых лесам зямель, у тым ліку 11,17 га (6,32%) асабліва каштоўных расьлінных згуртаваньняў. Акрамя таго, будзе затоплена 10,55 га ляснога фонду, разьмешчанага на асабліва ахоўваных тэрыторыях.
“Калі разглядаць зону максымальнага затапленьня (умоўна будзе затапляцца адзін раз у 30 гадоў), а плошча гэтага абшару будзе складаць 716,42 га, дык загіне 586,51 га пакрытых лесам зямель”, – гаворыцца ў справаздачы.
У дакумэнце разглядаюцца таксама магчымыя пагрозы іхтыяфаўне, энтакомплексам, патэнцыйныя біялягічныя забруджваньні, і г.д.
Дакумэнт патрабуе сур’ёзнага вывучэньня адмыслоўцамі, эколягамі і неабыякавымі грамадзянамі. Нагадаем, грамадзкае абмеркаваньне праекту працягнецца да 3 чэрвеня.