Сажайте деревья, а не журналистов

Толькі двое за год. Як беларусы (не) страхуюць ураджай ад зменаў клімату

Аграстрахаванне спосаб не прайграць клімату свой гарод, але карыстаюцца ім мала.

Добраму гаспадару шкада, нават калі загінуць свае памідоры на градцы. А калі засохнуць некалькі гектараў адборных таматаў – гэта ўвогуле жах для фермера. Укладвацца ў гародніну, злакі, травы і іншыя сельгаскультуры экалагічна, але даволі рызыкоўна. Кліматычныя сюрпрызы могуць за раз знішчыць увесь бізнес. У заходнееўрапейскіх краінах, дзе здаровая ежа шануецца, фермерам прапануюць розныя віды страхоўкі. Зялёны партал разбіраўся, якія варыянты ёсць у беларускіх гаспадароў.

Частку капусты ўжо страцілі

На большай тэрыторыі Еўропы гэты красавік быў цяплейшы на 1,3 градусы, чым у сярэднім за даіндустрыяльную эпоху. Ён стаў на другое месца па цеплыні, прапусціўшы наперад толькі красавік 2016-га. Пра гэта кажа еўрапейская Служба змянення клімату Copernicus. У той жа час кліматолагі Нацыянальнага упраўлення акіянічных і атмасферных даследаванняў ЗША прагназуюць, што

гэты год можа ўвайсці ў пяцёрку самых гарачых увогуле за ўсю гісторыю назірання. Калі прагноз спраўдзіцца, гэта лета можа быць вельмі засушлівым.

Ігар Пакуш – фермер са стажам больш за 20 год. Калі ён пачынаў у 1990-я, яго гаспадарка налічвала 15 га, а цяпер разраслася да 1 500 га. Яго гародніну з Маладзечанскага раёну набываюць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі. Гаспадар успамінае, што за гэты час шмат чаго было, у тым ліку і страты ураджаю.

“Страхаваць ураджай, вядома, трэба, бо гэта рызыкоўная вытворчасць. У нас град збіваў збожжавыя, вымярзаў рапс… Атрымлівалі за гэта страхоўку. Ураджайнасць натуральна год ад году мяняецца. Гэта ж не станок. Ёсць больш ці менш ураджайныя гады. Але гэта не галоўная праблема. Галоўнае, каб не было фізічнай гібелі, бо плюс-мінус прадукцыя заўсёды будзе. Але калі пройдуць прыродныя катаклізмы, то ураджай цалкам можа загінуць. Гэтай вясной некаторыя фермеры згубілі высадкі ранняй капусты. Заўсёды ёсць рызыкоўныя моманты”.

На будучыню Ігар Пакуш асабліва не загадвае, бо тут і з прагнозам надвор’я на заўтра могуць не ўгадаць, а якім лета будзе, дакладна ніхто не ведае. Але хацелася б, каб фермеры былі захаваныя ад негатыўных варыянтаў. Гаспадар прызнаецца, што зараз страхоўка дарагая, добра было б бачыць ільготныя варыянты і падтрымку ад дзяржавы. 

Фото - Grune Woche Belrin

 

Што страхаваць абавязкова, а што не

У Беларусі застрахавацца ад пагоднага бязладдзя можна толькі ў Белдзяржстраху. Арганізацыя прапануе два віды страхавання: абавязковае і дабравольнае. Першае пакрывае рызыкі, калі ад пажару, вымакання, выправання, вымярзання, засухі, замаразку ці іншых небяспечных пагодных з’яў загіне 15 і больш адсоткаў плошчы пасеву (пасадкі) сельскагаспадарчай культуры. Пералік культур, якіх належыць абавязкова страхаваць, штогод зацвярджае прэзідэнт. Сёлета гэта ўраджай азімага рапсу і льну-даўгунцу. Абавязкова страхуюць толькі юрыдычных асоб.

Летась сельгаспрадпрыемствы па абавязковаму страхаванню заплацілі ўзносаў на 26 мільёнаў рублёў (з ніх 1,6 млн – ад вытворцаў, 24,4 млн – з бюджэту). З-за прыродных катаклізмаў кампанія выплаціла страхавое пакрыццё ў суме 4,2 млн рублёў.

А вось дабравольна застрахавацца могуць і юрыдычныя асобы, і індывідуальныя прадпрымальнікі. І тут трэба абраць варыянты, ад якіх хочаце застрахаваць сваю гаспадарку:

– пажар, засуха

– моцны вецер (у тым ліку шквал, смерч, ураган), моцны дождж, град, вымаканне, высокі ўзровень вады

– выправанне, замаразак, вымярзанне

– знішчэнне дзікімі жывёламі і насякомымі.

Дамова страхавання можа быць заключаны па ўсіх указаных выпадках або ў любой камбінацыі. Пры гэтым гібеллю ўраджаю лічыцца, калі не менш за 70% плошчы былі пашкоджаны прыроднымі з’явамі. Такі разрыў паказчыкаў дабравольнага і абавязковага страхавання тлумачыцца тым, што яно адносіцца да высакарызыкоўных. Пры страхаванні ад усіх рызык тарыф можа складаць ад 3 да 39% ад страхавой сумы у залежнасці ад сельгаскультуры і рэгіёну.  

Летась было заключана толькі дзьве дамовы дабравольнага страхавання, сума страхавога ўзносу па іх склала 6 000 рублёў. Але страхавых выпадкаў, на шчасце, не было.

 

Ідуць стратныя гады

Для параўнання можна прывесці краіны таксама з развітай сельскай гаспадаркай. У Францыі зараз на аграрным сектары спецыялізуюцца дзесяць страхавых кампаній. Там гісторыя аховы ўраджаю пачалася яшчэ ў ХІХ стагоддзі з-за пашкоджанні вінаграднікаў градам. З 2010 году ў аграстрахаванні ўнутры краіны ўдзельнічаюць і фонды ЕС.

Страхаванне ўраджаю падзяляецца на мультырызыкоўнае, якое субсідзіруецца дзяржавай, і страхаванне ад граду і шторму. У рамках дзяржпадтрымкі аграрыю выплачваюць каля 65% страхавой прэміі. Зараз каля 60% сельгасплошчаў пакрыты страхоўкай. Аднак прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі страхаўшчыкоў агравытворчасці AIAG Арно дэ Бакарон адзначыў, што гэты напрамак даволі стратны: з 2012 па 2017 годы па мультырызыкавым полісам ва Францыі сума выплат перавышала страхавую прэмію. Ён звязвае гэта ў тым ліку са змяненнем клімату.

У Іспаніі 28 страхавых праграм для абароны ад рызыкаў, звязаных з вырошчваннем сельгаскультур, субсідзіруюцца дзяржавай. Гэта вельмі разнастайныя прапановы. Уся сістэмы заснавана на прыватна-дзяржаўным партнёрстве і не выкарыстоўвае фонды Еўрасаюза. Тым не менш, для краіны стратнымі сталі 2017 і 2018 гады, калі

штогод даводзілася плаціць крыху больш за 700 мільёнаў еўра ў сувязі з навадненнямі і градам.

Мэнаджар па прадукту “Аграстрахаванне” польскай перастраховачнай кампаніі Polish Re Конрад Раеўскі звярнуў увагу на тэндэнцыі ў гэтым бізнесу. Калі раней у асноўным страхавалі пасевы ад граду, то цяпер больш актуальным стала мультырызыкавае страхаванне сельгаскультур з уключэннем рызыкі засухі. Пры гэтым і ў Еўрасаюзе, і ў свеце сегмент страхавання раслінаводства пераважае над сектарам жывёлагадоўлі.

Пры разглядзе страхавых выпадкаў павялічваецца выкарыстанне здымкаў са спадарожнікаў.

 

Дарэчы, кампанія  Polish Re займаецца перастрахоўкай не толькі ў Польшчы, але і ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

У выніку атрымліваецца, што фермеры зацікаўлены ў тым, каб рынак аграстрахавання развіваўся ў краіне, якая робіць адну з асноўных ставак на сельскагаспадарчы сектар. Такі падыход  дае магчымасць адчуць падтрымку, бо прадбачыць пагодныя з’явы ніколі цалкам немагчыма.

Аднак відавочна, што ва ўмовах змяненні клімату гэта можа быць рызыкоўна, калі страхаваннем будзе займацца толькі адна арганізацыя. Магчымыя варыянты – развіццё прыватна-дзяржаўнага партнёрства, рыначнай канкурэнцыі страхавых кампаній ці пошук фінансавай падтрымкі ў спецыялізаваных фондах. У любым выпадку нейкі шлях трэба будзе калісьці абраць, бо, калі прагнозы кліматолагаў здзейсняцца, фермерам будзе ўсё цяжэй берагчы свой ураджай.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 25.05.2020

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.