Галоўнай падзеяй фестывалю стала рэканструкцыя Грунвальдскай бітвы, у якой 15 ліпеня 1410 года злучаныя войскі Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства перамаглі ваяроў Тэўтонскага ордэна. Яшчэ сёлета на фестывалі “Наш Грунвальд” упершыню аднавілі еўрапейскі конны турнір па правілах XV стагоддзя. Так Беларусь стала чацвёртай краінай свету, дзе праводзяцца падобныя турніры, пасля Аўстраліі, Аўстрыі і Расіі. Калі вас цікавіць, ці не пакутуюць коні ад такой эксплуатацыі, то хутчэй за ўсё, не.
Догляд уласнага каня для рыцара, што займаецца гістарычнай рэканструкцыяй – справа нашмат больш ідэалагічна абгрунтаваная і сур’ёзная, чым для чалавека, што займаецца, скажам, спартыўнай яздой. Дагледжанасць і прыгажосць жывёл, што ўдзельнічалі ў бітвах, адзначалі шматлікія гледачы.
Па папярэдніх ацэнках, за два дні праз фестываль прайшло больш за дзесяць тысяч чалавек. З іх каля 500 – ўдзельнікі рыцарскіх клубаў, што жылі ў адмысловым “белым” лагеры, куды ўваход звычайным наведвальнікам быў забаронены. Па прынцыпе living history (“жывая гісторыя”, імкненне да поўнай рэканструкцыі атрыбутаў пэўнай эпохі) паставілі шатры, спалі на саломе ды імкнуліся па мінімуме карыстацца выгодамі цывілізацыі.
Шацёр на ўзор сярэднявечнага – добрая экалагічная альтэрнатыва намёту са штучных матэрыялаў. Шацёр шыецца з натуральных тканін (бавоўны ці льну), ставіцца з дапамогай драўляных падпорак. Добры слой саломы ізалюе ад холаду і вільгаці не горш за пластыкавы турыстычны дыванок.
Для сядзення ў звычайных паходах прынята выкарыстоўваць пластыкавую ж сядушку, а рыцары прывезлі з сабой на фестываль шматлікія прадметы драўлянай мэблі: лавы, зэдлікі, сталы… Некаторыя – нават вялікія куфры і разборныя ложкі. Увечары сядзелі ў святле свечак, ніякай электрычнасці!
На фестываль дапускаліся ўдзельнікі ў касцюмах і даспехах на перыяд 1170-1520 гг. У той час бытавалі толькі натуральныя тканіны: лён, воўна, шоўк, бавоўна, аксаміт. Што можа быць экалагічней! Абутак дапускаўся толькі скураны і зроблены па ўзорах эпохі.
Сярод патрабаванняў арганізатараў да выгляду ўдзельнікаў – адсутнасць яркіх манікюру і макіяжу. Дапускалася выкарыстанне толькі тушы для веек, матуючых сродкаў. Чубкі і валасы, фарбаваныя ў ненатуральныя колеры, рэкамендавалася хаваць пад галаўны ўбор. Гэта ж які выклік празмернаму спажыванню!
Уявім сабе, што дзяўчына жыць не можа без хімічных касметычных сродкаў. І раптам наперадзе ў яе Грунвальд. Тры дні амаль без макіяжу... Там, глядзіш, і ў звычайным жыцці будзе выкарыстоўваць менш “хіміі”. Ці адмыслова да фестывалю прапусціць адну-дзве афарбоўкі валасоў, каб натуральна глядзеліся. На цюбік фарбы менш спажыве за год… А дзяўчат такіх можа быць не адна і не дзве. Падаецца, Грунвальд ратуе планету ад смецця.
Кажуць, пасля фестывалю закрытыя абмеркаванні пра тое, каго заўважылі ў сонечных акулярах і ў іншых прыкметах неадпаведнага эпосе выгляду, доўжацца да самага Новага году. Удзельнікі заязджалі ў пятніцу, сучасныя рэчы былі забаронены ў рыцарскім стане да ранку нядзелі.
На вечар суботы ўсё выглядала больш чым прыстойна: гістарычныя касцюмы, драўляны і гліняны посуд, адмыслова абсталяваныя месцы для вогнішчаў, кампаніі чынна засядаюць за драўлянымі сталамі. Дзяўчат са “смокі айз” не заўважана. Як, дарэчы, і смецця. Невядома, ці сартавалі яго, але што не забруджвалі пляцоўку – то дакладна.
Магчыма, нехта, пакарыстаўшыся тры дні толькі драўляным і гліняным посудам ды кухонным начыннем, працягне гэту практыку і дома, адмовіўшыся хаця б ад часткі пластыку на кухні.
Атрымліваецца, пражыць тры дні без сучасных рэчаў – зусім няцяжка. І вельмі цікава!